Што рабіла «Джаконда» ў космасе?


Лічбавую копію славутай карціны Леанарда да Вінчы «Джаконда» адправілі на месяцавы спадарожнік «LRO» з дапамогаю лазеру.

Гэткім чынам амерыканскае касмічнае агенцтва «NASA» вырашыла прадэманстраваць магчымасці лазернай сувязі. Паводле адмыслоўцаў, лазер упершыню скарысталі для перадавання такой інфармацыі, бо раней з дапамогаю светлавога праменя выключна адсочвалі траекторыі касмічных апаратаў. Пасля таго, як спадарожнік атрымаў малюнак, апарат рэканструяваў яго і вярнуў на зямлю. Хуткасць перадавання звестак на 385 тыс. км ад зямлі склала ўсяго 300 біт за секунду. Паводле навукоўцаў, у будучыні лазерная сувязь заменіць радыёсувязь са спадарожнікамі.

Робат-рыба Грэйс

Навукоўцы з амерыканскага ўніверсітэту штату Мічыган прапаноўваюць рыбу-робата Грэйс, якая можа пераадольваць адлегласць 200 км пад вадою на адным ладунку батарэяў. Адметнасць яе канструкцыі – элегантнае тэхнічнае рашэнне. Акумулятар трымаецца на адмысловай рэйцы ўздоўж корпусу, і, калі рыбе трэба ўсплыць ці заглыбіцца, ён проста перасоўваецца ў адпаведны бок. Калі ж апарату спатрэбілася сур’ёзнае апусканне, ён выкарыстоўвае помпу, нагнятаючы ўсярэдзіну ваду ці, наадварот, выштурхоўваючы яе сціснутым паветрам з невялікага балона. За кошт мінімальнага шаравання выдаткі энергіі пры руху вельмі малыя. Распрацоўнікі спадзяюцца, што прыладаю зацікавяцца навукоўцы, якія даследуюць акіяны.

{movie}Праграма «Dэвайс» (21.01.2013) |right|8679{/movie}



Пазногці-стыло

Вялікая праблема сэнсарных экранаў сучасных смартфонаў – пазногці, дотыку якіх не ўспрымае экран тэлефона. Цяпер гэтая праблема для цудоўнай паловы чалавецтва вырашаная праз адмысловую накладку «Нана Нэйлз», якая мацуецца клеем на адваротны бок пазногця. Дэвайс распазнаецца экранам як стыло або палец, пры гэтым ён не перашкаджае карыстальніку і зусім не заўважны. Таксама выйдзе версія «Нана Нэйлз» у выглядзе накладных пазногцяў. Аднак аўтары праекту папярэджваюць, што да навінкі неабходна прызвычаіцца.

Мегапрэзентацыя

На мінулых выходных скандальна вядомы прадпрымальнік Кім Дот-ком, якога раней абвінавачвалі ў вялікай колькасці парушэнняў аўтарскіх правоў на ягоным файлаабменніку «Мэга Аплоўд», прэзентаваў свой новы праект «Мэга». Імпрэзу адразу назвалі вар’яцкаю, бо ў маёнтак, дзе праходзіла вечарына, на верталётах спусціўся спецназ, які папярэджваў прысутных, што яны бяруць удзел у злачынстве. Аднак пасля таго, як сілавікі пачалі танчыць з сексапільнымі ахоўніцамі Дот-кома, падман раскрыўся. Што ж датычыць самога старт-апу, то кіраўнік праекту паабяцаў карыстальнікам 50 бясплатных гігабайт інфармацыі, а таксама асаблівыя ўмовы бяспекі, што прадугледжваюць прасунутае шыфраванне.

Гэтыя тэмы вы можаце паглядзець у праграме «Dэвайс». Іншыя тэмы выпуску: гнуткі акумулятар, снайперка для кожнага, «opera ice». Праграма «Dэвайс» – штотыдзень у панядзелак і пятніцу а 19:15 на «Белсаце». Праграма даступная таксама падчас он-лайн трансляцыі.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў