Палітвязню выплацілі кампенсацыю – $ 77,5 тыс.


Збіццё, пераслед, сапсаваная кар’ера і нават зрок, пасаджаны чытаннем пад лямпачкаю магутнасцю 40 Вт – за ўсё гэта можна дамагчыся матэрыяльнай кампенсацыі.

Грошай за час, праведзены за кратамі, патрабуюць польскія палітвязні часоў ПНР. Цікава параўнаць іхныя нягоды з тым, што даводзіцца цярпець сённяшнім вязням беларускага рэжыму.

Збігнеў Рамашэўскі. Фота http://www.romaszewski.plЗбігнеў Рамашэўскі. Фота http://www.romaszewski.plСапсаваныя зрок і кар’ера

Вядомага апазіцыянера часу Польскай Народнай Рэспублікі, былога дзеяча “Салідарнасці” Збігнева Рамашэўскага (Zbigniew Romaszewski) пры незалежнай Польшчы сем разоў абіралі сенатарам. У 1980-я гады за сваю дзейнасць ён атрымаў 4,5 году турмы. Адседзеўшы каля паловы тэрміну, выйшаў па амністыі. За кожны месяц зняволення ён атрымае з дзяржаўнага бюджэту PLN 2 тыс. (каля $ 650). Усяго – PLN 240 тыс. (каля $ 77,5 тыс.). Такое рашэнне прыняў учора суд у Варшаве.

Збігнеў Рамашэўскі распавёў, што ў турме яго шантажавалі: дзеля таго, каб выйсці па амністыі, трэба было эміграваць або спыніць грамадскую і палітычную дзейнасць. За кратамі, узгадвае былы зняволены, у яго пагоршылася здароўе. У прыватнасці, зрок – ён мусіў чытаць пры лямпачцы-саракаватцы. Пасля вызвалення яму не дазволілі працаваць у Польскай Акадэміі навук, і ён мусіў уладкавацца ў Інстытут фізікі Ягелонскага ўніверсітэту (Кракаў), дзе былі горшыя заробкі. Рамашэўскага таксама не выпусцілі стажыявацца ў лазерную лабараторыю ў ЗША, з якой ён звязваў “велізарныя шанцы на вяртанне ў прафесію”.

Позва на мільён злотых

У Польшчы апазіцыянеры могуць звяртацца па кампенсацыю за пераслед у любы перыяд існавання Польскай Народнай Рэспублікі (1944–1989). Адпаведны закон набыў моц яшчэ ў 1991 г. Сума выплаты – неабмежаваная. Звяртацца могуць не толькі пацярпелыя, але і іхныя блізкія сваякі.

Напрыклад, тры актывісты “Салідарнасці” з гораду Радам (Radom) патрабуюць ад дзяржавы ад PLN 805 тыс. да PLN 1,2 млн. (Паседжанне суда ў гэтай справе адбылося летась у верасні). Веслава Мізэрскага (Wiesław Mizerski) падчас ваеннага становішча інтэрнавалі: яго трымалі ў зняволенні без суда і следства каля года. Падчас зняволення ён удзельнічаў у дзесяцідзённай галадоўцы, быў збіты і трапіў у шпіталь. Пазней атрымаў вырак: 1,5 году турмы з адтэрмінаваннем на тры гады. Ён плануе атрымаць PLN 805 тыс.

На PLN 1 млн свае пакуты ацэньвае Здзіслаў Падкавіньскі (Zdzisław Podkowiński), які падчас інтэрнавання таксама трапіў у шпіталь і быў збіты супрацоўнікамі спецслужбаў. Анджэй Саберай (Andrzej Sobieraj) апрача інтэрнавання перажыў двухмесячны арышт, каля дваццаці затрыманняў на 24–48 гадзінаў, допыты і ператрусы. За гэта ён патрабуе ад польскай дзяржавы PLN 1,2 млн.

ТОП-5 цікавых выпадкаў

У верасні 2012 года палітык Адам Сломка (Adam Słomka) дамогся PLN 10 тыс. за тое, што суд занадта доўга разглядае ягоную справу. Ён падаў позву аб выплатах у 2008 г. Суд давёў справу да канца: палітык атрымае яшчэ PLN 40 тыс. за незаконны арышт.

Дачцэ Балеслава Дэда (Bolesław Dedo), якога прысудзілі да смерці ў гэтак званай скураной справе, кампенсацыі не далі. Яго абвінавацілі ў тым, што як кіраўнік кааператыву дзеля перапрацоўвання скураў ён лішкі не здаваў дзяржаве, а прадаваў прыватнікам, на чым зарабіў у 1960-я гады некалькі мільёнаў злотых. Амаль тры месяцы Дэдо трымалі ў камеры смяротнікаў, пасля замянілі вырак на пажыццёвае зняволенне, пазней скараціўшы да 25 гадоў. Суд палічыў, што дзеянні бацькі нанеслі значную шкоду грамадству, і адмовіў дачцэ, бо смяротнага выраку не выканалі.

PLN 131 тыс. атрымала дачка вайскоўца, які ў 1953-м атрымаў пяць гадоў турмы за ўдар малатком па партрэце Сталіна. За кратамі мужчына захварэў на сухоты і памёр адразу пасля вызвалення. Дачка хацела атрымаць PLN 1 млн.

У 1999 г. дачка, жонка і маці вайсковага пілота, які ў 1950-я правёў за кратамі тры гады, патрабавалі ад Польшчы $ 300 млн. Асуджанага, дарэчы, рэабілітавалі яшчэ ў 1957-м і выплацілі PLN 18 тыс. Пасля гэтага ён скраў самалёт у аэраклубе і ўцёк з жонкаю ды дачкою ў Данію. У 2006-м суд вырашыў выплаціць тром жанчынам па PLN 55 тыс., назваўшы патрабаваныя імі сумы “нерэальнымі ў польскіх умовах”.

У 2008-м віцэ-маршалак Падляскага ваяводства Багуслаў Дэмбскі (Bogusław Dębski) атрымаў за дзевяць месяцаў турмы ў ПНР PLN 20 тыс. Ён заявіў, што для яго важны толькі маральны аспект, таму за гэтыя грошы вырабіў мемарыяльную табліцу памяці пра ўсіх пераследаваных. Яе ўсталявалі ў адным з беластоцкіх касцёлаў.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў