Берасцейская пракуратура папярэдзіла Аліну Літвінчук за працу без акрэдытацыі


Пільныя праваахоўнікі параілі ёй спыніць супрацу з замежнымі медыямі. Актывістка АГП заяўляе, што для замежных медыяў не працуе.

«У афіцыйным папярэджанні тлумачыцца, што я нібыта супрацоўнічаю з беларускім радыё «Рацыя». Быццам бы ёсць публікацыі, якія рабіла я… У папярэджанні напісалі: яны высветлілі, што гэтыя артыкулы напісала я. Калі я папрасіла тлумачэнні: з чаго ўзялі, што гэта менавіта мае артыкулы? і якім чынам гэта высветлілі? – мне сказалі, што была пракурорская праверка. Быццам бы яна і высветліла маю датычнасць да артыкулаў на радыё «Рацыя». Аднак калі я папрасіла азнаёміць мяне з матэрыяламі той праверкі, мне паказалі толькі раздрукоўкі нейкіх артыкулаў з радыё «Рацыя,» – распавяла Аліна Літвінчук.

Актывістка паведамляе, што праз папярэджанне ад пракуратуры на яе прыціскаюць за грамадска-палітычную дзейнасць. «Магчыма, за грамадскую дзейнасць, а магчыма таму, што я – міжнародны сакратар моладзевай арганізацыі АГП… Гэта ўсё разам і ёсць прычынаю ціску».

Дзяўчына кажа, што плануе абскарджваць папярэджанне, параіўшыся з юрыстамі.

Аліна Літвінчук – вядомая ў Берасці грамадская актывістка. Пасля выбараў 2010 года яе выключылі з Берасцейскага ўніверсітэту. Праваабаронцы перакананыя, што такім чынам дзяўчыну пакаралі за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў