«Наш адказ на план «Перамога». Разбіраемся, як сілавікі плануюць павялічыць свой уплыў


Намеснік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў заявіў, што міліцыянты рыхтуюцца супрацьстаянню сілавому зрынанню ўлады ў краіне. Карпянкоў мяркуе, што ў краіне мае быць спецыяльнае падраздзяленне з ліку былых сілавікоў. Раней з такой ініцыятываю выступіў і кіраўнік МУС Іван Кубракоў. «Белсат» разбіраўся, пра якія спецатрады кажуць міліцыянты і ці сапраўды такія падраздзяленні з’явяцца ў Беларусі.

Мікалай Карпянкоў.
Фота: Дар’я Буракіна, TUT.BY

Мікалай Карпянкоў, намеснік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі МУС, распавёў, што добра памятае 2020 год. Таму былыя вайсковаслужбоўцы з унутраных войскаў за апошнія тры гады запісаліся добраахвотнікамі, а з ветэранаў сфармаваліся часткі

«Байцы, якія прайшлі 2020, 2021, 2022 гады, якія былі ў гэтых баявых парадках, якія ёсць нашымі людзьмі, цяпер прыбылі сюды без мабілізацыі на ўласнае жаданне. Людзі прыбылі сюды, і мы не маглі тут усіх прыняць. Мы сфармавалі атрад, які паводле колькасці – два батальёны. Гэтыя два батальёны займаюцца тут, высокаматываваныя маладзёны, якія прайшлі школу спецназу. Гэта менавіта наш адказ на ўсе планы «Перамога», на ўсе батальёны Каліноўскага ды іншыя брыгады», – заявіў Карпянкоў.

Намеснік МУС распавёў, што цяпер у атрадзе каля 300 чалавек.

Начальнік ГУБАЗіКу, палкоўнік Мікалай Карпянкоў.
Фота: Onliner.by

Далёка не першы раз сілавікі і Лукашэнка згадваюць полк Каліноўскага і бачаць у ім пагрозу для ўладаў. Таму, калі ўлады кажуць аб праблеме, то і намагаюцца даць нейкі адказ на яе, кажа Андрэй Казакевіч, палітолаг, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера». Іншая рэч, што адказы выглядаюць больш наратыўнымі, больш скіраваныя на псіхалагічна-інфармацыйнае ўздзеянне, бо вайсковы патэнцыял паміж палком Каліноўскага і сілавікамі з Беларусі непараўнальны. Сілавікоў значна большая колькасць, яны маюць дзяржаўнае фінансаванне, амуніцыю і гэтак далей.

«Выступы Карпянкова – гэта больш адпрацаванне парадку дня, бо вонкавыя пагрозы вызначае сам Лукашэнка, а сілавыя структуры мусяць на гэта рэагаваць і паказваць, што яны робяць нейкія захады. Уласна акрамя затрыманняў, рэпрэсіяў, вучэнняў агучваюць ідэі стварэння новых падраздзяленняў. Таму, я думаю, словы Карпянкова варта разглядаць менавіта ў гэтым рэчышчы, бо сілавым структурам трэба быць у інфармацыйным полі і дэманстраваць нейкую актыўнасць, псіхалагічна ўздзейнічаць на сваіх апанентаў», – кажа Андрэй Казакевіч.

Палітолаг Павел Усаў лічыць, што цяпер Мікалай Карпянкоў праз свае заявы імкнецца не толькі бараніць уладу Лукашэнкі, але пастанавіў узмацніць і ўласныя пазіцыі. Дзеля гэтага фармуе асабіста адданых яму баевікоў, каб супрацьстаяць іншым сілавым структурам у пытаннях уплыву на Лукашэнку, так і магчымага палітычнага ды эканамічнага размеркавання рэсурсаў у будучыні, калі Лукашэнкі раптам не стане:

«Гвардыі Лукашэнкі будуць неабходныя яму ў пытанні ўтрымання ўлады ў выпадку краху Расеі і ўнутранай смуты. Праблемы ў Расеі пакінуць рэжым безабаронным не толькі перад вонкавым ціскам, але і ўнутраным абурэнні. Цалкам спадзявацца на сістэмныя інстытуты ціску і кіравання будзе складана: патрэбныя тыя, хто будзе без ценю сумневу забіваць цывільных і, вядома, не стане ўцякаць у выпадку зʼяўлення ўзброеных беларусаў пасля перамогі ва Украіне».

У любым выпадку ўлады бачаць у палку Каліноўскага суцэльную і рэальную пагрозу, а таксама пачынаюць выразна ўсведамляць непазбежнасць паразы Расеі ў вайне і вельмі жаласны вынік для сябе, адзначае Павел Усаў.

Баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Леў падчас трэнавання тактыкі вядзення бою. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Сілавікі не жадаюць траціць свайго ўплыву

Сілавікі цяпер у Беларусі маюць даволі вялікі ўплыў, які захаваўся з 2020 года. Сёння ўлада Лукашэнкі трымаецца дзякуючы кантролю над дзяржаўным апаратам, праз пераразмеркаванне сродкаў, праз кантроль над вертыкаллю, якая сталася значна больш цэнтралізаванай і кантраляванаю, чымся гэта было ў 2020-м, а таксама дзякуючы падтрыманню Расеі, кажа Андрэй Казакевіч. Сілавікі былі надзвычай важныя асабліва ў першыя месяцы пасля выбараў. Тады яны адыгрывалі асноўную ролю, адзначае палітолаг?

«Палітычная роля сілавікоў з 2020 года сапраўды вырасла, яна да гэтага часу застаецца даволі ўплывоваю, што відавочна нават пры размеркаванні фінансаў. Мы можам бачыць, колькі ўвагі надаецца сілавікам у дзяржаўных медыях. Тут сітуацыя вельмі адрозніваецца ад той, што была да 2020 года. І калі паглядзець, колькі Лукашэнка надае ўвагі бяспецы падчас нарадаў, падчас нават разгляду эканамічных пытанняў, то тут таксама згадваюцца сілавыя структуры, іх функцыі. Даюцца даручэнні, якіх не было да 2020-га».

У Беларусі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў шмат якія структуры саступілі частку свайго ўплыву на карысць сілавікоў. І апошнія не маюць намеру дзяліцца сваім уплывам: наадварот, жадаюць яго ўзмацніць.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў