«Энергетык-БДУ» дакрочыў да еўракубкаў. Згуляны апошні тур 32-га нацыянальнага футбольнага чэмпіянату


Чэмпіянат Беларусі па футболе быў заснаваны роўна 30 год таму. Такі ж юбілей адзначае сёлета і найвышэйшая ліга. І пры гэтым цяперашні нацыянальны чэмпіянат лічыцца 32-м з ліку. Галоўным іміджмейкерам, альбо гэдлайнерам (і той і той тэрмін дапасуюцца тут вельмі ўдала) 30-га чэмпіянату Беларусі стаў, безумоўна, менскі «Энергетык-БДУ»

Пераможцам нацыянальнага чэмпіянату – 2022 у трэці раз запар стаў салігорскі «Шахцёр». Другое месца ў менскай каманды «Энергетык – БДУ» і цяпер «студэнты» згуляюць у еўракубках. Трэцяе месца – у «БАТЭ».

Каманда «Энергетык БДУ». Фота pressball.by

Папярэднічала сёлетняму турніру не надта ладная гісторыя. Берасцейскі «Рух» (каманда пад такой назваю яшчэ ў 1939-м годзе выгуляла срэбныя ўзнагароды чэмпіянату Палесся, што праводзіўся пад сцягам Польшчы, але пакрысе знікла пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі), які песціў бізнесовец Аляксандр Зайцаў, зноў развалілася. Цяпер паводле іншай прычыны. Нечакана зʼявіўшыся на базе заўзятараў футбольнага клубу «Дынама-Берасце» у 2016-м, «Рух» таксама раптоўна і знік у 2022-м. Прычына натуральная – траплянне пад санкцыі ўладальніка клубу Зайцава, і, адпаведна, немагчымасць належнага фінансавання для ўдзелу каманды ў найвышэйшай лізе. Спачатку клуб перавялі ў другую лігу, а потым і ўвогуле статус «Руха» перайшоў у перыяд ліквідацыі.

Аналітыка
«Прадзюсар» у ВПК, латышскі партнёр і фірмы ва Украіне. Распавядаем пра бізнес алігарха Зайцава ў абароннай сферы
2021.05.03 08:30

Замест берасцейцаў вярнулі ў элітны дывізіён магілёўскі «Днепр». Старшыня Федэрацыі Уладзімір Базанаў не вельмі ўпэўнена, але камплімент дняпроўцам даслаў:

«У Магілёве – выдатныя футбольныя традыцыі, у свой час мясцовы клуб станавіўся наймацнейшым у краіне».

Традыцыі традыцыямі, але ад гэтага больш грошай не становіцца і патэнцыял каманды не павышаецца. «Днепр» бясслаўна правёў сезон, у 30 матчах атрымаўшы толькі 3 перамогі і зазнаўшы ажно 24 паразы. Усяго 12 пунктаў, антырэкорд, і апошняе месца ў табліцы.

Разам з магілёўцамі ў першую лігу вымушаны апусціцца і «Віцебск» (гісторыя клубу з гораду на Дзвіне вядзе свой адлік ад 1960 года). Віцебчукі адступілі такім чынам ужо ў шосты раз за час свайго ўдзелу ў незалежных чэмпіянатах Беларусі.

Галоўным іміджмейкерам, альбо гэдлайнерам (і той і той тэрмін дапасуюцца тут вельмі ўдала) 30-га чэмпіянату Беларусі стаў, безумоўна, менскі «Энергетык-БДУ». Каманда, якая толькі ў 2019-м упершыню згуляла ў найвышэйшай лізе і максімум здолела ўзняцца толькі на 10-е месца ў эліце, раптам ускочыла ў прызёры чэмпіянату, а значыць, будзе мець права на наступны сезон выступіць у еўракубкавым турніры (калі, зразумела, Беларусь, як раней Расею, не выдаляць з УЕФА). Выгуляўшы ў самым першым туры ў клубу «Віцебск», «студэнты» ні разу не выляталі з тройкі наймацнейшых нацыянальнага футбольнага чэмпіянату, а акурат на сярэдзіне спаборніцтваў, пасля 15-га туру, упершыню ў сваёй гісторыі афіцыйна ўзначалілі турнірную табліцу Навыйшэйшай лігі. Гэтага дапамагла дасягнуць бліскучая перамога над менскім «Дынама» у перанесеным матчы з лікам 4:1. Праз два туры каманда Рэспубліканскага Цэнтру алімпійскага рэзерву, за якую гуляў і найлепшы сёння беларускі легіянер Ілля Шкурын, прапусціла наперад салігорскі «Шахцёр». Потым зноў змяняла чэмпіёна на лідарскай пазіцыі. Але ўрэшце стала срэбным прызёрам і гэта – вышэй за дах! Саступіўшы толькі значна больш заможнаму Салігорску і пры гэтым маючы самы нізкі сярэдні ўзрост, «энергетыкі» зрабілі фурор такога ўзроўню, які не паддаўся, нават, легендарным ужо «Крумкачам».

Футбольны агент з Віцебску Валерый Ісаеў толькі-толькі адкрыў сваю старонку ў тэлеграм, назваўшы яе «Зграя Ісая» і шчыра ўсцешыўся такім поспехам менчукоў.

«Энергетык» – гэта маленькі цуд, глыток свежага паветра. Казаць пра маленькія даходы (у тых хлопцаў, хто выходзіць на замену, пару месяцаў таму заробак быў 100 рублёў, сёння 400), поўная адсутнасць начлегаў на выездзе і яшчэ шмат чаго, што ёсць у канкурэнтаў, залішнее. Зараз ёсць пераканальнае разуменне, што «Энергетык» аб’ектыўна знаходзіцца на сваім месцы ў табліцы».

Паводле Валерыя Ісаева, страчаны час для таго, каб якасна змяніць развіццё футболу ў краіне. Але яшчэ застаецца свая сучасная, адаптаваная менавіта да нашай рэальнасці, сістэма падрыхтоўкі. Ёсць каманда і сваіх матываваных настаўнікаў.

«Але мы па-ранейшаму не хочам найлепшым у сваёй краіне сказаць, што яны найлепшыя. Па-ранейшаму давяраем ручным, а не прафесіяналам. Праблемы і зборнай, і таго ж менскага «Дынама» у гэтай самай плоскасці. І прызнаемся, яшчэ пяць год таму такога ў нас не было».

Галоўным трэнерам «Энергетыка-БДУ» сёлета стаў нашчадак «залатога» менскага «Дынама» – 82 Павел Раднёнак. Настаўнік нават спрабуе выступаць на прэс-канферэнцыях па-беларуску, а ў будучае каманды верыць шчыра, хоць і асэнсоўвае, што ў сённяшніх умовах загадваць нават на месяц наперад як мінімум некарэктна. Пасля пераможнага, над менскім «Дынама», матчы больш за тыдзень таму, спадар Павел заявіў:

«Мы павінныя быць на першым месцы. На другім – «Шахцёр», на трэцім, добра, няхай будзе БАТЭ».

Першымі стаць не ўдалося. Апошні тур сёння згулялі слаба, саступіўшы таму ж менскаму «Дынама» 1:3. Мячом у адказ вызначыўся сын былога шматгадовага абаронцы нацыянальнай зборнай Беларусі Андрэя Лаўрыка Аляксей Лаўрык. Затое ніхто не здолеў абысці ў спісе найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату нападніка «Энергетыка», 25-ці гадовага ўзбека Бабура Абдухолікава. 26 мячоў – гэта трэці паказнік у гісторыі нацыянальных чэмпіянатаў у найвышэйшай лізе. Трэба падкрэсліць, што больш за 20 мячоў у нашым унутраным элітным турніры не забіваў ніхто ажно ад 2007 года. Паводле падсумавання (дэмаграфічнага профілю гульцоў, клубаў і ліг з усёй Еўропы), «Энергетык-БДУ» – у пяцёрцы самых маладых клубаў кантыненту. Сярэдні ўзрост гульцоў – 21,43 гады.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: DZIANIS KASTSIUCHENKA / Reuters / Forum

Зараз цяжка сказаць, якім будзе клуб на наступны сезон. І ці будзе наагул. Ён не прыватны, што ў ведамстве Базанава не вітаецца, але і бюджэтнасць у разуменні рэальнай Беларусі, паняцце, як гарантыя ад чагосьці дрэннага, таксама вельмі размытае. Той жа Валерый Ісаеў зазначае:

«Каманда дамаглася заслужанага выніку, а таму чакаем ад чыноўнікаў правільных рухаў у бок фінансавання праекту. Але для пачатку хаця б даць пару пакояў у інтэрнаце БДУ. Бо з улікам рэальнай ацэнкі таго, што адбываецца, абсалютна незразумелыя крыніцы фінансавання будучай еўракубкавай эпапеі «Энергетыка».

Ісаеў пастаянна выбачаецца, і зноў піша пра бытавыя праблемы «Энергетыка»: у трэнажорцы вільготна і асвятленне кульгае, спяць на падлозе паміж заняткамі, трэнуюцца на полі са штучным газонам, а гуляць абавязаныя на натуральнай траве, выязныя матчы праходзяць без начовак і паўнацэннага харчавання. Акрамя таго не існуе ніякіх кансіліумаў над траўмамі і магчымасцяў доўгага і павольнага ўзнаўлення, а трэнеры самі чысцяць снег і прыбіраюць ваду з газону. Гэта, як падкрэслівае футбольны адмысловец, толькі частка гора-быту «Энергетыка». Але харызма і досвед Анатоля Юрэвіча, які і стаў, бадай, галоўнаю асобаю і натхняльнікам поспеху каманды, як найважнейшы кансультант, дазваляюць пераадольваць непераадольнае. У тым ліку і ўменне легендарнага настаўніка падвесці каманду функцыянальна да даволі працяглага перыяду гульняў.

«Для мяне медалі «Энергетыка» – важнейшыя за Лігу чэмпіёнаў. Калі ўсе футбалісты ў краіне будуць ставіцца так да сябе, да трэнераў, да чэмпіянату Беларусі, як ставяцца хлопцы з «Энергетыка», то і сам чэмпіянат будзе годным, а зборная – моцная«, – завяршае Валерый Ісаеў свой пост у тэлеграм.

Пераможцам нацыянальнага чэмпіянату – 2022 у трэці раз запар стаў салігорскі «Шахцёр». Трэцяе месца – у БАТЭ.

Турнір яшчэ не скончаны. Наперадзе – гэтак званыя стыкавыя матчы паміж 14-й камандаю сезону ў эліце – дзяржынскім «Арсеналам» і чацвёртым клубам другога дывізіёну – рагачоўскім «Макслайн». Гульні адбудуцца 16 і 20 лістапада.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў