«Кібаргі» вытрымалі – не вытрымаў бетон

На фоне ўсяго жаху вайны, стратаў, паламаных лёсаў і дзікае жорсткасці ўкраінскае войска прасоўваецца і прасоўваецца наперад. І вось ужо да данецкага аэрапорту рукой падаць. Нейкія 4 кіламетры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новыя добраахвотнікі батальёну «Азоў» выстройваюцца перад адпраўкай на фронт падчас баёў за Данецкі аэрапорт. Кіеў, Украіна. 17 студзеня 2015 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Першыя героі, імёны якіх увекавечыла гэтая страшная вайна, былі абаронцамі аэрапорту. Гэта была першая знакавая бітва, за якой сачыў увесь свет. Яна доўжылася 244 дні, з 26 траўня 2014 года да 23 студзеня 2015 года. Але якія гэта былі 244 дні!

Менавіта бітва за аэрапорт скасавала ўсе аргументы расейскіх прапагандыстаў, якія спрабавалі пераканаць увесь свет у тым, што жыхары Данбасу самі захацелі стаць часткай тэрыторыі Расеі. А вайскоўцы – гэта проста апалчэнцы, якія страляюць з захопленай ва ўкраінскіх салдатаў тэхнікай. Бо да таго і праўда ва ўкраінскіх вайскоўцаў сепаратысты адбіралі тэхніку. Тагачасны міністр унутраных справаў Арсэн Авакаў называў гэта праявай сабатажу і казаў, што многія ўкраінцы не маглі пераадолець псіхалагічнага бар’еру. Бо яны, як і ўсе грамадзяне былога СССР, выхоўваліся на фільмах пра вайну. І страляць у вайскоўца, які размаўляе па-расейску, псіхалагічна не маглі. Былі выпадкі, калі салдаты псавалі тэхніку. Але гэта ўсё было, пакуль не пачалася бітва за аэрапорт.

7 месяцаў днём і ноччу яго атакавалі адборныя элітныя расейскія падраздзяленні «Кальміўс», «Спарта», «Усход» і іншыя з самымі рознымі відамі ўзбраення. Прапагандысты кожны дзень заяўлялі, што аэрапорт будзе ўзяты… заўтра. А заўтра ўсё ніяк не надыходзіла. Аэрапорт і прылеглыя да яго вышыні неабходныя былі расейскаму войску для стварэння плацдарму для наступнага наступу. Калі б тады ўкраінскім вайскоўцам удалося стварыць буферную зону, то расейцам прыйшлося б адысці за іншую ўскраіну Данецку. Шмат разоў украінцам прапаноўвалі здацца і ніводзін з абаронцаў не пагадзіўся.

Вайна агаляе ўсё і паказвае нам, хто ёсць хто. 30 кастрычніка расейскі актор Міхаіл Парэчанкаў прыехаў у акупаваны Данецк. Там ён у кампаніі тэрарыстаў Гіві і Матаролы абстраляў з буйнакалібернага кулямёта пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у аэрапорце. Страляў дэманстратыўна на камеру. Можа, медальку атрымаў за гэта ад Мінабароны. А потым, калі стала вядома, што супраць яго ва Украіне завялі крымінальную справу, заявіў, што страляў халастымі. Ну, вядома, бо калі дастаўляюць боепрыпасы, то абавязкова вязуць у камплекце і халастыя, ці мала што. Усе адразу ж і паверылі…

«Кібаргі». Так за нязломны дух і баяздольнасць празвалі іх расейскія вайскоўцы. У верасні 2014 года ва ўкраінскіх СМІ распаўсюдзілася цытата аднаго з іх:

«Я, блін, не ведаю, хто абараняе Данецкі аэрапорт, але мы іх тры месяцы выбіць не можам. Спрабавалі штурмаваць – нам такіх уламалі – мы адышлі. Пачалі накрываць «Градамі» – яны ныраюць у падземныя калектары каналізацыі. […] Я, кажа, не ведаю, хто там сядзіць, але гэта не людзі – гэта кібаргі!»

Калі казаць сухімі скупымі зводкамі Міністэрства абароны Украіны, то гэтымі «кібаргамі» станавіліся спецназаўцы 3-га асобнага палка, байцы 79-й, 80-й, 81-й, 95-й асобных аэрамабільных і 93-й асобнай механізаванай брыгадаў, 57-й асобнай мотапяхотнай брыгады, 90-га асобнага аэрамабільнага і 74-га асобнага разведвальнага батальёнаў, байцы палка «Дняпро-1», Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу (ДУК) і іншыя. Яны траплялі ў будынак аэрапорту праз Пяскі. Гэта было адзінае месца, адкуль можна было атрымаць боепрыпасы і ежу і куды можна было пераправіць забітых і параненых.

13 студзеня 2015 года ўпала дыспетчарская вежа з украінскім сцягам. Здавалася, што вось ужо ўсё – канец. Але потым мы чуем, што ў новым тэрмінале баі ідуць ужо за паверхі. Падвал і верхнія паверхі ў руках у тэрарыстаў, а на першым застаюцца «кібаргі». Скупыя зводкі ўкраінскага Мінабароны чытаў увесь свет. А што стаяла за гэтымі словамі? Вось аповед дэсантніка Віталя Пясецкага: «У Хведзі куля зайшла збоку і зрыкашэціла ад пліты бронекамізэлькі, пакрамсала ўнутры, таму яму вельмі пашанцавала, што Псіх [гэта лекар. – Заўв. аўт.] яго стабілізаваў. Ужо ў больніцы ён перажыў клінічную смерць, яму выдалілі некаторыя органы і пералілі кучу крыві. Можа, дзіка гучыць, але мы тады неяк не адчувалі, што параненым хлопцам балюча… Мусіць, таму, што кожны разумеў – праз секунду ты можаш стаць такім жа. Над параненымі ніхто не плакаўся, але мы стараліся надаваць ім увагу – то каву якую-небудзь прынясеш, то бутэльку, таму што ў кожнага ёсць фізіялагічныя патрэбы, грэлку ці яшчэ нешта. На забітых увогуле было неяк усё роўна: вось ляжаць яны і ляжаць, праз некалькі хвілінаў можаш ужо ляжаць паміж імі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчаны Данецкі аэрапорт ля могілак Іверскага манастыра. Данецк, Украіна. 3 траўня 2016 года.
Фота: Mikhail Sokolov / TASS / Forum

20 студзеня 2015 года расейскім вайскоўцам удалося ўзарваць новы тэрмінал. Многія ўкраінскія абаронцы загінулі пад яго абломкамі. Уцалелым удалося выбрацца, але многія параненыя і кантужаныя трапілі ў палон. У першыя гадзіны палонных жорстка збівалі, а потым дапытвалі. 39-гадовага кулямётчыка Ігара Бранавіцкага пасля допыту вярнулі ў камеру са шматлікімі пераломамі і кінулі на падлогу побач з астатнімі палоннымі. Матарола застрэліў яго на вачах ува ўсіх. У той час Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што ў абодвух тэрміналах не засталося ніводнага месца, дзе можна было б абараніцца ад снайпераў і танкаў. Хоць супраць іх выкарыстоўваўся яшчэ і атрутны газ. Сухая статыстыка: загінулі каля сотні ўкраінскіх вайскоўцаў, больш за 300 атрымалі раненні.

Памятаю, як у касцёле замаўляла імшу: «У мяне не зусім звычайная просьба. Я хачу, каб памаліліся за «кібаргаў». Ну, тых, якія цяпер абараняюць Данецкі аэрапорт». А мне ў адказ: «Нічога незвычайнага. Вы сёння 11-ы чалавек з такой просьбай». Я ішла і думала, што гэтыя «кібаргі» самі не ведаюць, да якой ступені важныя нават для маёй краіны. Мы разам з украінцамі пазбаўляліся ад «псіхалагічнага барʼеру» і ілюзіяў наконт добрага і справядлівага «старэйшага брата».

Пасля поўнамаштабнага ўварвання сотні і тысячы твараў і гісторыі людзей, якія гавораць шчыра, як на споведзі. Запомнілася маладая прыгожая жанчына ў лагеры ўцекачоў. Яна сядзела ў абдымку са сваім 7-гадовым сынам. Гладзіла яго па галаве і супакойвала. Высветлілася, што яны чакаюць бацьку хлопчыка, які жыве ў Польшчы. Ён на аўце мусіў яго забраць, а жанчына вернецца дадому. Яна заявіла, што не можа нікуды з’ехаць, бо ўдома вайна. Якая драма адбылася? Як здарылася, што былы муж з’ехаў у Польшчу і не вернецца, а яна адмовілася жыць у бяспецы за мяжой і толькі хоча пакінуць там сына. Яна сказала, што пабралася шлюбам з «кібаргам». З усмешкай сказала, што ён сапраўдны мужчына і яна ганарыцца ім. Як склаўся іхны лёс? Ці сустрэнемся яшчэ?

А пакуль наперадзе аэрапорт і Данецк. Цяпер там паспяхова ваюе 59-ая мотапяхотная брыгада ЗСУ. Шмат што змянілася. Прапагандысты ўжо не абяцаюць перамогі заўтра. Калабарантка Таццяна Манцян заявіла ў паніцы, што ЗСУ могуць прарваць абарону расейцаў і ўвайсці ў Данецк. Той выпадак, калі можна з імі пагадзіцца.

Аналітыка
Краху няма, але «саспявае нядобрае» (для РФ). Тлумачым, чаго дасягнулі ЗСУ ў контрнаступе
2023.09.11 19:28

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў