Маск раскрыў інтрыгу: гендырэктарам Twitter прызначана Лінда Якарыно


Ілан Маск паведаміў імя новага генеральнага дырэктара X/Twitter. На гэту пасаду прызначана Лінда Якарыно. Аб гэтым бізнесовец паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter.

Лінда Якарыно.
Фота: Linda Yaccarino / Twitter

12 траўня бізнесовец-мільярдэр Ілан Маск назваў імя новага генеральнага дырэктара X/Twitter. Ім стала 60-гадовая Лінда Якарыно (Linda Yaccarino). Да гэтага прызначэння Якарыно з 2011 года працавала ў NBCUniversal, дзе займала пасаду старшыні аддзелу глабальнай рэкламы і партнёрства.

«Я рады вітаць Лінду Якарына ў якасці новага генеральнага дырэктара Twitter! Яна засяродзіцца ў першую чаргу на бізнес-аперацыях, а я засяроджуся на дызайне прадукту і новых тэхналогіях. З нецярпеннем чакаю сумеснай працы з Ліндай, каб пераўтварыць гэтую платформу ў X, універсальную аплікацыю», – твітнуў з гэтай нагоды Маск.

Нагадаем, што кадравыя парастаноўкі ў X Corp і Twitter Маск анансаваў 11 траўня. У анонсе бізнесовец паведамляў, што прыблізна праз шэсць тыдняў пачне працу новая генеральная дырэктарка сацыяльнай сеткі Twitter. А сам ён сыдзе з гэтай пасады і пасля будзе на пасадах старшыні рады дырэктараў і тэхнічнага дырэктара.

Яшчэ ў мінулым снежні Ілан Маск ладзіў апытанне аб тым, ці варта яму сысці з пасады кіраўніка сацсеткі (бальшыня тады была «за»).

Ілан Маск узначаліў Twitter напрыканцы кастрычніка 2022 года. Тады заснавальнік і кіраўнік касмічнай кампаніі «SpaceX», дырэктар аўтамабільнай кампаніі «Tesla», сузаснавальнік распрацоўнікаў штучнага інтэлекту «OpenAI» пасля доўгіх спрэчак і сумневаў купіў сацсетку за 44 млрд долараў.

Hавiны
«Птушка вызваленая». Ілан Маск стаў уладальнікам сацсеткі Twitter
2022.10.28 12:28

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў