Больш за 2 000 сіротаў былі вывезены з «ЛДНР». Дзецям хочуць выдаць расейскія пашпарты для ўсынаўлення


Омбудсман Людміла Дэнісава паведаміла ва ўласным тэлеграм-канале, што расейскія ўлады працягваюць вывозіць украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Чыноўнік назвала дадзеную практыку генацыдам украінскіх дзяцей.

Людміла Дэнісава.
Фота: Людмила Денісова / Facebook

Дэнісава адзначае, што расейскія СМІ са спасылкай на прадстаўніка прэзідэнта РФ па правах дзіцяці паведамляюць, што дзеці-сіроты і дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі, якія знаходзяцца на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей, могуць неўзабаве атрымаць расейскае грамадзянства.

Паводле омбудсмана дадзеная ініцыятыва была ўзгоднена з кіраўніцтвам акупацыйных адміністрацый самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР». На думку Дэнісавай, наданне расейскага грамадзянства дзецям з Данецкай і Луганскай абласцей спросціць магчымасць іх усынаўлення ў Расеі.

«Дадзенымі дзеямі Расейская Федэрацыя груба парушае палажэнні артыкула 49 Жэнеўскай канвенцыі аб абароне цывільнага насельніцтва ў час вайны, якая забараняе прымусовае перасяленне або дэпартацыю асоб з акупаваных тэрыторый. Гвалтоўная перадача дзяцей з адной нацыянальнай групы ў іншую змяшчае элементы генацыду ў адпаведнасці з артыкулам 2 Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», – заявіла Дэнісава.

Омбудсман звярнулася да Камісіі ААН па расследаванні парушэнняў правоў чалавека з просьбай прыняць да ўвагі гэтыя факты парушэння правоў чалавека ва Украіне.

Hавiны
У Расеі заявілі, што вывезлі з Украіны ўжо больш за мільён чалавек
2022.04.28 15:34

Нагадаем, што раней начальнік Нацыянальнага цэнтру ўпраўлення абаронай РФ Міхаіл Мізінцаў заявіў, што ў Расею з Украіны «эвакуявалі» больш за мільён чалавек, у тым ліку 183 тыс. дзяцей

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў