Што трэба ведаць пра хімічную зброю і пагрозу яе выкарыстання ва Украіне


Увечары 11 красавіка з’явілася інфармацыя, што Расея выкарыстала супраць абаронцаў Марыупалю невядомае атрутнае рэчыва. Міністэрства абароны Украіны правярае гэтыя звесткі, афіцыйнага пацверджання няма. Аднак раней пра магчымую хімічную атаку на пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у Марыупалі намякалі ў групоўцы «ДНР». Belsat.eu распавядае, якой бывае хімічнай зброя, чаму яна забароненая і навошта яе выкарыстоўваюць у XXI стагоддзі.

Што вядома пра сітуацыю ў Марыупалі

Увечары 11 красавіка ўкраінскі полк «Азоў», які абараняе Марыупаль ад расейскай агрэсіі, паведаміў, што расейцы выкарысталі ў горадзе «атрутнае рэчыва невядомага паходжання», якое скінулі з беспілотніка. Днём 12 красавіка ў «Азове» распавялі, што эпіцэнтр быў на пэўнай адлегласці ад людзей. Пацярпелыя ад атрутных рэчываў вайскоўцы знаходзяцца ў адносна здавальняльным стане.

Мясцовыя жыхары праходзяць каля пашкоджаных будынкаў у Марыупалі, 10 красавіка 2022 г.
Фота: V Ictor / Xinhua News Agency / Forum

У Мінабароны Украіны заявілі, што цяпер інфармацыя аб хімічнай атацы ў Марыупалі правяраецца, вайсковае кіраўніцтва спрабуе зразумець, што гэта было. Намесніца міністра абароны Ганна Маляр дапусціла, што гаворка насамрэч можа ісці пра фосфарныя боепрыпасы. Пры гэтым рызыку выкарыстання Расеяй хімічнай зброі яна ацэньвае як дастаткова высокую.

Напярэдадні, 11 красавіка, прадстаўнік народнай міліцыі «ДНР» Эдуард Басурын заявіў па тэлебачанні, што для таго, каб выбіць полк «Азоў» з заводу «Азоўсталь», могуць быць прыцягнутыя хімічныя войскі.

Інфармацыя пра хімічную атаку ў Марыупалі маюць намер праверыць ЗША, Вялікая Брытанія і Еўразвяз. У Пэнтагоне заявілі, што хімічная атака будзе азначаць эскалацыю канфлікту і прамы выклік NATO. Раней заходнія палітыкі неаднаразова заяўлялі пра пагрозу такога развіцця падзеяў.

Чаму хімічная зброя забароненая

Хімічная зброя лічыцца зброяй масавага знішчэння. Яе характэрная асаблівасць – нявыбарачае, неабмежаванае дзеянне: яна забівае і калечыць чалавека незалежна ад таго, жаўнер ён ці не. Некаторыя атрутныя рэчывы могуць заставацца на целе, валасах, адзенні, што пагражае другасным заражэннем тым, хто спрабуе дапамагчы пацярпеламу. Акрамя таго, асобныя віды хімічнай зброі робяць людзей інвалідамі на ўсё жыццё, а пабачыць ці пачуць іх пах да таго, як яны нанеслі шкоду здароўю, проста немагчыма. Выкарыстанне хімічнай зброі лічыцца непрымальным і расцэньваецца як ваеннае злачынства.

Хімічную зброю забаранілі яшчэ да таго, як яе ўпершыню выкарысталі на вайне. У 1899 годзе падчас першай Гаагскай канферэнцыі асноўныя дзяржавы свету падпісалі дэкларацыю «Аб неўжыванні снарадаў, адзіным прызначэннем якіх з’яўляецца распаўсюд удушлівых або шкодных газаў». Газы забаранілі адначасова з разрыўнымі кулямі. У абодвух выпадках сусветная супольнасць кіравалася адным прынцыпам: зброя мусіць забяспечваць перамогу на полі бою, але не павінна несці неапраўданых з ваеннага пункту гледжання пакутаў жаўнерам ды цывільнаму насельніцтву.

Жанчына праходзіць міма фатаграфіяў ахвяраў хімічнай атакі ў горадзе Халябджа, Ірак. Атака была здзейсненая ўрадам Іраку 16 сакавіка 1988 года на горад Халябджа ў Курдыстане, загінулі амаль 5000 чалавек і былі параненыя 10 000, большасць – мірныя жыхары. 16 сакавіка 2021 года, Халябджа, Ірак.
Фота: Ismael Adnan / Zuma Press / Forum

Падчас Першай сусветнай вайны пагадненне было парушанае Нямеччынай, што вызваліла ад абавязку выконваць яго ўсе астатнія краіны. Пасля вайны, у 1925 годзе, быў падпісаны Жэнеўскі пратакол «Аб забароне выкарыстання на вайне ўдушлівых атрутных або іншых падобных газаў і бактэрыялагічных сродкаў». Праўда, пратакол прадугледжваў толькі забарону на выкарыстанне, але не на распрацоўванне хімічнай зброі. Таму дзяржавы актыўна папаўнялі арсеналы сваёй хімічнай зброі і да Другой сусветнай вайны, і пасля. Сусветная супольнасць вярнулася да абмеркавання гэтай тэмы толькі ў канцы 60-х гадоў. У 1993 годзе нарэшце была падпісаная Канвенцыя аб забароне хімічнай зброі, якая прадугледжвае кантроль за такім узбраеннем, а таксама забарону вытворчасці і назапашвання хімічнай зброі. Набыла моц Канвенцыя толькі ў 1997 годзе. Да гэтага пагаднення далучыліся амаль усе краіны свету, узяўшы такім чынам на сябе абавязак цалкам знішчыць падобнае ўзбраенне. Рэалізацыю канвенцыі кантралюе Арганізацыя аб забароне хімічнай зброі.

Якой бывае хімічная зброя

Баявыя атрутныя рэчывы дзеляцца на некалькі катэгорыяў паводле спосабу дзеяння. Ёсць рэчывы скурна-нарыўнага дзеянні, напрыклад, іпрыт (гарчычны газ) – пры кантакце са скурай ён выклікае язвы. Пры траплянні ў вочы можа прывесці да слепаты, пры траплянні ў лёгкія – парушае дыхальную функцыю. Смяротнасць ад іпрыту невысокая, бо галоўная яго мэта – зрабіць жаўнера небаяздольным.

Другая катэгорыя – гэта нервова-паралітычныя рэчывы, напрыклад зарын. Ён прыводзіць да спазму ўсёй цягліцавай сістэмы, у тым ліку лёгкіх, і людзі паміраюць ад удушша. Узровень смяротнасці ад ужывання такіх рэчываў вельмі высокі. Таксама высокі ўзровень смяротнасці назіраецца пры выкарыстанні рэчываў агульнаатрутнага дзеяння – напрыклад, цыянідаў. Яны парушаюць працу клетак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты 56-га атраду хімічнай выведкі падчас вучэнняў у штаце Юта 31 студзеня 2022 г.
Фота: U.S. Army / Zuma Press / Forum

У ваенных мэтах можа таксама выкарыстоўвацца хлор. Хлор – прамысловы хімікат, сам па сабе ён не лічыцца хімічнай зброяй і яго не забараняецца захоўваць. Але пры высокіх канцэнтрацыях хлор пераўтвараецца ў зброю, ён можа пашкоджваць вочы і дыхальныя шляхі. Праўда, яго эфектыўнасць зніжае той факт, што людзі адчуваюць пах яшчэ да таго, як канцэнтрацыя стане занадта таксічнай, і таму могуць паспець уцячы.

Атрутныя рэчывы падчас баявых дзеянняў могуць распаўсюджвацца самымі рознымі сродкамі: пры дапамозе снарадаў, ракетаў, бомбаў, мінаў, газамётаў і сістэмаў балоннага газапуску.

Хімічная зброя: гісторыя выкарыстання

Упершыню хімічная зброя была выкарыстаная немцамі 22 красавіка 1915 года каля бельгійскага гораду Іпэр. Па пазіцыях брытанцаў тады было выпушчана 180 тонаў хлору, пацярпелі 15 тысяч чалавек, 5 тысяч памерлі. Саюзнікі на той момант наогул не мелі сродкаў абароны ад газу, таму жаўнеры пачалі ў паніцы адступаць, не надаючы супраціву.

Агулам падчас Першай сусветнай вайны ад газаў загінулі каля 90 тысяч жаўнераў – ахвяры хімічнай зброі склалі менш за 1 % ад 10-мільённых франтавых стратаў удзельнікаў канфлікту.

Hавiны
Медыі: У Гомельскі РНПЦ зноў прывезлі расейскіх вайскоўцаў з прыкметамі радыяцыйнага апраменьвання
2022.04.12 17:13

Менавіта невысокай эфектыўнасцю хімічнай зброі на полі бою ў першую чаргу тлумачыцца той факт, што яна не выкарыстоўвалася падчас Другой сусветнай вайны і наогул вельмі рэдка выкарыстоўвалася ў войнах XX стагоддзя. Хімічнай зброя проста не магла даць вызначальнай перавагі на фронце супраць сучаснай рэгулярнай арміі, якая здольная забяспечыць хімічную абарону і тым больш нанесці аналагічны ўдар у адказ.

Іншая справа, калі хімічная атака накіраваная супраць тэхнічна адсталай арміі, паўстанцаў або наогул цывільнага насельніцтва. Яны застаюцца безабароннымі супраць такога сродку і таму нясуць жудасныя страты. У Расеі бальшавікі выкарыстоўвалі газы пры здушэнні Тамбоўскага паўстання ў 1921 годзе, Бэніта Мусаліні ўжываў хімічную зброю падчас каланіяльнай вайны з Эфіопіяй у 1935–1936 г, а Садам Хусэйн – у кампаніі знішчэння курдскага насельніцтва Іраку ў 1980-я.

Навошта хімічная зброя выкарыстоўваецца ў XXI стагоддзі

У XXI стагоддзі хімічная зброя выкарыстоўвалася толькі падчас вайны ў Сірыі – пераважна гэта быў хлор, зарын і іпрыт. Агулам з 2013 да 2018 года было не менш за 106 пацверджаных выпадкаў выкарыстання хімічнай зброі.

За большасць гэтых атак нясе адказнасць рэжым Башара аль-Асада, якога падтрымлівае Расея. Апошняя буйная хімічная атака, у якой абвінавацілі сірыйскія ўрадавыя сілы, была зафіксаваная ў Думе ў красавіку 2018 года. Тады загінулі дзясяткі чалавек. Хімічная атака ў Думе выклікала абурэнне міжнароднай супольнасці. У адказ на гэтыя дзеянні ЗША нанеслі ракетныя ўдары па сірыйскіх аб’ектах, звязаных з хімічнай зброяй.

Выкарыстанне хімічнай зброі рэжымам Башара аль-Асада было абумоўлена асаблівасцямі ваеннай сітуацыі ў Сірыі. Перад урадавымі сіламі стаяла задача браць раёны з вельмі шчыльнай гарадской забудовай, у якой існуе разгалінаваная сістэма падземных камунікацыяў, дзе заселі паўстанцы. Ваяваць у такіх умовах складана любой арміі, гэта можа прывесці да вялізарных стратаў з боку тых, хто атакуе. А ўлічваючы слабасць сірыйскіх урадавых сілаў, шанцаў захапіць такія раёны пры дапамозе звычайных сродкаў узбраення было вельмі мала.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты палка хімічнай, біялагічнай і радыелагічнай абароны Паўднёвай вайсковай акругі расейскай арміі бяруць удзел у вучэннях, адпрацоўваючы ліквідацыю віруснай небяспекі ў вайсковым гарнізоне. Валгаградская вобласць, Расея, 12 сакавіка 2020 года.
Фота: Southern Military District / TASS / Forum

Але хімічная зброя магла развязаць гэтую праблему: газ здольны пранікаць у сутарэнні і падзямеллі, асядаць і атручваць усіх, хто там застаецца. Пагроза выкарыстання такой зброі можа мець вельмі моцны дэмаралізоўны эфект на праціўніка.

Менавіта пра такую «сірыйскую» тактыку заяўляў 11 красавіка Эдуард Басурын, распавядаючы пра планы штурму марыупальскага заводу «Азоўсталь».

«Там падземныя паверхі, таму браць дадзены абʼект штурмам сэнсу не мае. Таму што можна пакласці вялікую колькасць сваіх салдат, а супернік страт як такіх не панясе», – патлумачыў ён. Паводле Басурына, ёсць сэнс спачатку атачыць завод, а потым «звярнуцца да хімічных войскаў».

Дарэчы, на мінулым тыдні расейскую армію ва Украіне ўзначаліў генерал Аляксандр Дворнікаў, які раней кіраваў групоўкай у Сірыі, а значыць, добра знаёмы з асаблівасцямі выкарыстання хімічнай зброі падчас баявых дзеянняў.

РР belsat.eu

Стужка навінаў