Пасля інтэрв’ю Пуціна экс-прэзідэнт Манголіі нагадаў пра свае гістарычныя мапы


Былы прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж апублікаваў у X (былым Twitter) мапы сярэднявечнай Мангольскай імперыі, спаслаўшыся на прамову Уладзіміра Пуціна. Элбэгдорж дадаў: «Не хвалюйцеся. Мы мірная і свабодная нацыя».

Якую менавіта прамову Уладзіміра Пуціна меў на ўвазе Цахіягійн Элбэгдорж, ён не ўдакладніў. Але імаверна, гаворка ідзе пра інтэрв’ю Пуціна амерыканцу Такеру Карлсану. Элбэгдорж нядаўна рабіў рэтвіт публікацыі расейскага апазіцыянера Міхаіла Хадаркоўскага аб хлусні пра вайну ва Украіне ў тым інтэрв’ю.

У дзвюхгадзіннай размове з Карлсанам Пуцін 25 хвілінаў распавядаў пра сваё бачанне старадаўняй гісторыі, яшчэ 20 хвілінаў – пра бачанне нядаўняй гісторыі. Гэтае бачанне ў Пуціна моцна адрозніваецца ад агульнапрынятага. Так, сярод іншага, у сваім «уроку гісторыі» Карлсану Пуцін апраўдваў Адольфа Гітлера і напад нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, бо гэта, маўляў, Польшча вымусіла Гітлера напасці (падобнае бачанне Пуцін выказваў прынамсі з 2019 года). У якасці абгрунтавання нападу на Украіну Пуцін выдаў Карлсану тэчку з «дакументамі з архіву» – лісты Багдана Хмяльніцкага пра звяз з Маскоўскім царствам.

Агляд
Пра што Пуцін дзве гадзіны размаўляў з амерыканскім інтэрв’юерам Карлсанам. Пераказ
2024.02.09 04:36

Раней Пуцін выкарыстоўваў старажытную мапу, каб сказаць, што калісьці «Украіны не было», хоць на той мапе Украіна была пазначаная нават двойчы.

Цахіягійн Элбэгдорж апублікаваў прыблізныя мапы Мангольскай імперыі, якая ў XIII стагоддзі раскідвалася ад Чорнага мора да Ціхага акіяну, у тым ліку займала вялікую частку земляў сучаснай Расеі. Маскоўскае княства, ад якога пайшла сучасная расейская дзяржава, працяглы час было ў залежнасці ад Залатой Арды – адной з дзяржаваў-спадкаемцаў Мангольскай імперыі.

Сучасная Манголія сапраўды лічыцца вольнай і дэмакратычнай краінай. Напрыклад, «Freedom House» у справаздачы за 2023 год называе Манголію вольнай, дае 36 з 40 балаў у рэйтынгу палітычных правоў і 48 з 60 – у грамадзянскіх свабодах. У сусветным рэйтынгу дэмакратычнасці «The Economist» Манголія знаходзіцца на 66-м месцы: крыху абганяе Сербію і крыху адстае ад Албаніі.

Элбэгдорж быў прэзідэнтам Манголіі з 2009 да 2017 года. За гэты час у тым жа рэйтынгу «The Economist» Манголія практычна не змяніла пазіцыяў: страціла 0,1 бала з 10 магчымых.

Да таго Элбэгдорж быў адным з лідараў мангольскай дэмакратычнай рэвалюцыі 1990 года і суаўтарам дэмакратычнай канстытуцыі 1992-га, заснавальнікам першай мангольскай незалежнай газеты «Ардчилал», дапамагаў стварыць незалежную тэлевізію Манголіі, двойчы займаў пасаду прэм’ер-міністра. Цяпер ён бярэ ўдзел у нефармальных клубах, якія прасоўваюць дэмакратыю і правы чалавека. Сярод іншага, Элбэгдорж адкрыта выступаў супраць расейскага нападу на Украіну.

Агляд
7 мапаў, на якіх няма Расеі
2023.05.25 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў