Украінскіх дзяцей прывезлі ў Гомель паслухаць ідэолага і святара


У Гомельскім епархіяльным упраўленні Беларускай праваслаўнай царквы зладзілі сустрэчу з дзецьмі з акупаванай Луганскай вобласці Украіны. Перад імі выступіў мясцовы ідэолаг, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі, прадстаўнікі фонду Аляксея Талая, Беларускага саюзу жанчын і расейскай амбасады ў Беларусі.

Украінскія дзеці на сустрэчы ў Гомельскім епархіяльным упраўленні Беларускай праваслаўнай царквы. 10 снежня 2024 года.
Фота: eparhiya.by

Інфармацыя пра гэтую сустрэчу, што адбылася 10 снежня, апублікаваная на сайце Гомельскай епархіі. На імпрэзу прывезлі 40 дзяцей з карэкцыйнай школы гораду Антрацыту.

У прамове перад гасцямі архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан адзначыў, што «нашая царква глыбока суперажывае цяперашнія падзеі і нястомна моліцца за адзінства і непадзельнасць славянскага народу»:

«Мы верым, што наступяць часы міру на вашай роднай зямлі. Мы молімся, каб Бог прынёс мір на гэтую зямлю, каб мы ўсе жылі ў міры».

Журналістам дзяржаўных выданняў святар заявіў, што на акупаванай украінскай тэрыторыі «наступае мір».

«Гэтыя дзеці жывуць у зоне, дзе трываюць баявыя дзеянні, дзе было столькі гвалту, столькі прыніжэння, і сёння, дзякуй Богу, што там, на гэтых землях, наступае мір».

Выданне «Флагшток» адзначае, што архіепіскап Стэфан – нарадзінец Чарнігаўскай вобласці Украіны, вайны ён не асудзіў, наадварот – насіў георгіеўскую стужку.

Украінскія дзеці на сустрэчы ў Гомельскім епархіяльным упраўленні Беларускай праваслаўнай царквы. 10 снежня 2024 года.
Фота: eparhiya.by

Перад украінскімі дзецьмі таксама выступіў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Гомельскага аблвыканкаму Дзяніс Язерскі, ён сказаў, што «Беларусь цэніць мір, клапоціцца пра свае традыцыі і ганарыцца сваёй ідэнтычнасцю».

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўніца фонду Аляксея Талая, што рэгулярна прывозіць у Беларусь дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны, Юлія Малова, старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюзу жанчын Алена Клічкоўская, першы сакратар расейскай амбасады ў Беларусі і кіраўніца Расейскага дому ў Гомлі Вольга Бараненка.

Hавiны
Арганізатар вывазу ў Беларусь украінскіх дзяцей прызнаў датычнасць да гэтага Лукашэнкі
2023.06.18 09:02

Дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што гэтыя дзеці «прайшлі аздараўленне і рэабілітацыю» у санаторыі «Дубровенка» на Магілёўшчыне. За два гады ў нашай краіне пабывалі каля 3 тысячаў украінскіх дзяцей.

У Кіеве такое «аздараўленне» называюць дэпартацыяй. Менавіта за вываз дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны трыбунал у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Беловай.

Беларускія дэмакратычныя сілы намагаюцца, каб такі ж ордар за спрыянне дэпартацыі атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
НАУ перадаў у МКС новыя доказы датычнасці Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей
2023.11.07 22:17

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў