Рэйтынг эканамічнай свабоды: Беларусь перадапошняя ў Еўропе і 154 у свеце


Арганізацыя «Heritage Foundation» і эксперты «Wall Street Journal» падрыхтавалі адмысловы рэйтынг сусветнай эканамічнай свабоды – умовы бізнесу горшыя, чымся ў нашай краіне, назіраюцца толькі ў 23 дзяржавах.

Беларусь атрымала 48 пунктаў (лідар рэйтынгу Гон-Конґ – 89,3 пункта). У параўнанні з мінулым годам паказнік Беларусі пагоршыўся, і цяпер сярод еўрапейскіх краінаў яна займае перадапошняе месца ў рэйтынгу. Апошняе месца тут аддадзенае Украіне, сітуацыя ў якой, паводле экспертаў, імкліва паляпшаецца.

Аўтары рэйтынгу назвалі эканоміку Беларусі «рэпрэсіўнаю праз захоўванне дзяржаўнага кантролю» шмат у якіх сферах. «Беларусь – адна з усяго толькі дзвюх еўрапейскіх краінаў, чыя эканамічная сістэма ацэньваецца як рэпрэсіўная, – адзначаецца ў дакладзе. – Дзяржаўны кантроль захоўваецца шмат у якіх сферах, шырока практыкаваныя дзяржаўныя інвестыцыі ды пераразмеркаванне задушылі развіццё сучаснай дыверсіфікаванай эканомікі. Для адкрыцця рынку і павышэння прадукцыйнасці тэрмінова патрабуецца палітычная рэформа. Дзяржава таксама паўторна ўвяла захады для рэгулявання цэнаў і ўсталявала кантроль за экспартам».

Акрамя таго, эксперты адзначылі ў Беларусі слабую абарону ўласнасці і высокі ўзровень карупцыі. «Дыктатарскае кіраванне, неэфектыўная судовая сістэма, бюракратыя, якая адбірае шмат часу, – усё гэта пакідае патэнцыйным прадпрымальнікам мала надзеі на поспех», – падкрэсліваецца ў дакладзе.

У пяцёрку лідараў рэйтынгу ўвайшлі Гон-Конґ, Сінгапур, Аўстралія, Новая Зеландыя і Швейцарыя. Краіны пры складанні рэйтынгу ацэньваліся згодна з такімі паказнікамі, як адкрытасць рынку, эфектыўнасць рэгулявання і выканання заканадаўства, ступень умяшання дзяржавы ў эканоміку.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі ўраду Беларусі неаднаразова заяўлялі пра намер увайсці ў трыццатку краінаў з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу.

belsat.eu

Стужка навінаў