Марголін: Патрэбны праймарыз, каб прыцягнуць увагу тысяч прыхільнікаў перамен


Праймарыз – аптымальны варыянт вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, лічыць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.{movie}Марголін: Патрэбны праймарыз, каб прыцягнуць увагу |left|8397{/movie}

«Правядзенне праймарыз – гэта не толькі выйсце на адзінага кандыдата, але і магчымасць узняць палітычную актыўнасць прыхільнікаў перамен», – мяркуе палітык.

На думку Марголіна, апазіцыі ўжо сёлета неабходна выйсці на працэдуру вызначэння адзінага кандыдата, каб «прыцягнуць да яе ўвагу тысяч прыхільнікаў перамен».

У новым годзе Аб’яднаная грамадзянская партыя мае намер змагацца за пакет змяненняў у выбарчым заканадаўстве, якія не нясуць за сабою ніякіх зменаў у Канстытуцыі Беларусі.

Паводле Марголіна, у першую чаргу гэта: «парадак падліку галасоў; парадак фармавання камісіяў, дзе б палітычныя партыі мелі права вырашальнага голасу; правы назіральнікаў; датэрміновае галасаванне; права на судовае абскарджанне ўсіх рашэнняў выбарчых камісіяў».

«Гэты пакет дазволіць нам перавесці працэс выбараў розных узроўняў на больш ці менш законную аснову, – падкрэсліў намеснік старшыні АГП. – Калі гэтыя змяненні будуць прынятыя, мы падпішамся пад любымі вынікамі выбараў».

Праймарыз (па-англійску «primaries») – папярэднія (першасныя) выбары, падчас якіх вылучаюцца кандыдаты на дэпутата або на прэзідэнта. Гэта тып галасавання, у якім ад адной партыі або ад партыйнага блоку выбіраецца адзіны кандыдат, які потым удзельнічае ў звычайным галасаванні.

Сэнс праймарыз палягае ў тым, што апазіцыйныя кандыдаты не «адбіраюць» адзін у аднаго галасы ў асноўных выбарах, бо іхны электарат звычайна блізкі. Прэтэндэнты, якія пацярпелі паразу ў праймарыз, часам усё ж бяруць удзел у асноўных выбарах, але ў якасці незалежных кандыдатаў, без падтрымання сваёй партыі.

Праймарыз шырока выкарыстоўваецца ў ЗША, радзей – у іншых краінах.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў