Галава Расейскай праваслаўнай Царквы заклікаў святароў адмовіцца ад дарагіх аўтамабіляў, якія, паводле яго, дыскрэдытуюць духоўных асобаў.
“Давайце падумаем пра тое, каб выкарыстоўваць такія транспартныя сродкі, якія нядобразычліўцы не будуць выкарыстоўваць у якасці падставы для дыскрэдытацыі духавенства”, – сказаў патрыярх на епархіяльным сходзе Масквы 28 снежня.
Паводле патрыярха, калі ён быў мітрапалітам, то адмыслова ездзіў на бюджэтных аўтамабілях: “Волзе” і “Шкодзе” – і прынцыпова адмовіўся прыняць 600-ы “Мерседэс” у падарунак ад пэўнага “мецэната”.
Праваслаўны іерарх адзначыў, што сам, аднак, не можа адмовіцца ад аўтамабіляў “асаблівага прызначэння” з-за свайго службовага становішча: “Гэтыя аўтамабілі адпавядаюць належным патрабаванням бяспекі, і я, як асоба, якае ахоўваецца, не магу выкарыстоўваць іншыя машыны”.
Патрыярх падкрэсліў, што нярэдка дарагія аўты святарам набываюць спонсары, але і тут, перакананы духоўны лідар расейскага праваслаўя, неабходна “дваццаць разоў падумаць”.
Максім Ярашэвіч, паводле “РИА Новости”