Былы несправядліва асуджаны: Грошы ў дзяржавы адсудзіў, а як іх атрымаць?


Дзяржава не спяшаецца выплочваць Яўгену Дзедушкіну грашовую кампенсацыю за несправядлівае зняволенне больш як на год.

У 2009 г. гомельскі суд прызнаў псіхіятра Яўгена Дзедушкіна вінаватым у некалькіх падпалах. Доктар нападпітку быў затрыманы непадалёк месца пажару ў Гомлі – гэта адзінае, што сведчыла пра ягоную віну. У выніку Дзедушкін быў асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі.

У 2011 г. судовая калегія Гомельскага абласнога суда апраўдала лекара і зняла з яго ўсе абвінавачанні. У звязку з прысудам за падпалы Дзедушкіна звольнілі з працы ў лякарні, яго кінула дзяўчына, але на гэтым ягоныя праблемы не скончыліся.

Паводле пастановы суда, дзяржава павінна выплаціць Дзедушкіну 50 млн руб. кампенсацыі маральнай шкоды за час, праведзены ў месцы зняволення. Аднак судовае рашэнне адразу апратэставалі пракуратура і Міністэрства фінансаў. Там патрабаванні Дзедушкіна палічылі перабольшанымі, хоць і палічылі неаспрэчным факт маральнай шкоды. {movie}Дзедушкін: Хто заплаціць за маральную шкоду?|right|7544{/movie}

У судовай пастанове выразна пазначаецца, што кампенсацыя павінна быць выплачаная з дзяржаўнага бюджэту, аднак Міністэрства фінансаў цвердзіць: у дзяржбюджэце такога кшталту выдаткі ўвогуле не прадугледжаныя.

«Факт ёсць, маральная шкода даказаная, а гэты від выдаткаў не прадугледжаны… Дзе мы жывем? Як мы жывем?» – абураецца пацярпелы.

Праваабаронца Леанід Судаленка падкрэсліў, што адсутнасць у бюджэце выдаткаў на судовыя кампенсацыі – гэта віна Мінфіну. «Патрабаванне аб кампенсацыі маральных стратаў вынікае з Грамадзянскага кодэксу нашай краіны. Таму, калі прымаецца бюджэт, мусяць улічвацца нормы беларускага заканадаўства», – заўважыў праваабаронца.

Паводле самога Дзедушкіна, беларускае заканадаўства прадугледжвае кампенсацыю з улікам прынцыпаў разумнасці і справядлівасці. «А што такое разумнасць? Што такое справядлівасць?» – задаецца пытаннем псіхіятр. На ягоную думку, гэтыя крытэрыі вельмі адносныя.

«Для бяздомніка 2 тыс. на «кампоціну» будзе дастаткова, для чалавека, што, як і я, працаваў загадчыкам аддзялення, то і 100 тыс. будзе мала», – упэўнены былы вязень. На думку Дзедушкіна, фармулёўка пра кампенсацыю вельмі расплывістая і патрабуе ўдакладнення.

«Цяпер пачынаецца новая каніцель – як атрымаць справядліва адсуджаныя грошы з дзяржавы. Дзяржава зусім не хоча іх аддаваць», – падкрэсліў псіхіятр. Ён лічыць, што ўлады свядома зацягваюць час, каб у выніку не даць нічога.

belsat.eu

Стужка навінаў