Рада БНР пакрыўдзілася на Саннікава?


Прадстаўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі лічаць, што, крытыкуючы Віленскі мемарандум, Саннікаў ігнаруе актуальныя пагрозы для суверэнітэту Беларусі.

Лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат на прэзідэнцтва і былы палітвязень Андрэй Саннікаў у інтэрв’ю беларускай службе радыё «Свабода» растлумачыў, чаму не стаў падпісваць мемарандуму апазіцыі, прынятага ў Вільні 3 лістапада. Сярод іншага ён сказаў, што ў дакуменце ўтрымліваецца патрабаванне гарантыяў незалежнасці Беларусі. «Быццам ніхто не ведае, што гэтыя гарантыі былі атрыманыя намі ў 1994 годзе. І я не думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэты дакумент, не ведалі пра тое. Я лічу, што гэта было зроблена наўмысна. Я б проста звольніў тых людзей, хто гэтым займаўся», – адзначыў палітык.

У якасці рэакцыі Сакратарыят вонкавых справаў Рады БНР заявіў: Саннікаў не заўважае рэальных пагрозаў для беларускай незалежнасці. Віленскі мемарандум заклікае міжнародныя сілы не прызнаваць небяспечных для беларускага суверэнітэту рашэнняў аўтарытарнага рэжыму і захадаў Расеі ў гэтым кірунку.

Сакратарыят Рады БНР падкрэсліў, што Будапешцкі мемарандум ад 5 снежня 1994 года, на які, відавочна, і спаслаўся Саннікаў, не прадугледжвае сучаснай небяспекі для беларускай незалежнасці, а толькі «пацвярджае» павагу з боку ЗША, РФ і Вялікай Брытаніі да суверэнітэту Беларусі.

Кіраўніцтва Рады звярнула ўвагу, што не атрымлівала ад Саннікава ніякіх заўвагаў наконт першапачатковай версіі мемарандуму, якую яму выслалі разам з запрашэннем у Вільню.

belsat.eu

Стужка навінаў