Уладзімір Гундар адбывае пакаранне ў турме №4 у Магілёве, дзе яго трымаюць у адзіночнай камеры. У палітвязня інваліднасць – няма адной нагі. У мужчыны зламаліся старыя мыліцы, і пакуль не перададуць новыя, ён не можа выходзіць з камеры, паведамляе «Радыё Свабода».
Палітзняволенага краязнаўцу з Баранавічаў Уладзіміра Гундара перавялі ў магілёўскую турму №4 месяц таму. Да гэтага мужчына адбываў пакаранне ў калоніі №2 у Бабруйску.
Як распавяла дасведчаная крыніца, Уладзімір не мае магчымасці выходзіць на шпацыры. Мужчына перасоўваецца толькі на мыліцах, бо ў яго няма адной нагі. Але некаторы час таму на ягоных мыліцах сцерліся гумовыя наканечнікі і замяніць іх у турме няма чым.
«Уладзімір звярнуўся да сваякоў, тыя сабралі рэчавую пасылку, але ці дайшла яна, невядома. Ужо тры тыдні ад Гундара няма лістоў, адзіны званок быў у лістападзе. Сваякі толькі ведаюць, што пасылка была падпісаная, і спадзяюцца, што ён урэшце яе атрымае. Бо да таго прагулкі немагчымыя», – распавяла крыніца.
Таксама ад крыніцы вядома, што на пагаршэнне стану здароўя Уладзімір не скардзіўся і падчас апошняга з ім званку размаўляў бадзёра.
4 жніўня «Вясна» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляла, што Гундар распавядаў, што ў калоніі яму пагражалі збіццём.
Палітзняволены Уладзімір Гундар – актывіст і краяўзнаўца з Баранавічаў, яму 63 гады. Актывіст мае інваліднасць праз адсутнасць адной нагі. Мужчыну затрымалі 30 снежня 2020 года і засудзілі агулам на 20 гадоў калоніі паводле некалькіх крымінальных артыкулаў у «справе Аўтуховіча»:
Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі ў так званай «справе Аўтуховіча» адбываўся ў закрытым рэжыме ў гарадзенскай турме № 1. Пачаўся працэс 18 траўня і цягнуўся пяць месяцаў. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»).
Марыя Міхалевіч belsat.eu