ГУБАЗіК пацвердзіў хапун у Баранавічах: «чарговая адпрацоўка рэгіёну»


ГУБАЗіК праз набліжаныя да сябе тэлеграм-каналы пацвердзіў хапун у Баранавічах 9 лістапада, падчас якога былі затрыманыя як мінімум 10 чалавек. Затрыманні «сілавікі» называюць «чарговай адпрацоўкай рэгіёну» і пішуць, што сярод затрыманых ёсць тыя, хто вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы, паведамляе «Вясна».

Нагадаем, пра хапун у Баранавічах стала вядома ў пятніцу, 10 лістапада, з паведамленняў баранавіцкага актывіста Юрыя Казакевіча. Ён пісаў, што падчас аблавы быў затрыманы ў тым ліку праваабаронца Аляксандр Вайцешык, у ягоным доме адбыўся ператрус.

«Крымінальная справа аб масавых беспарадках у Баранавічах проста цяпер папаўняецца новымі тамамі. Затрымліваюць актыўных удзельнікаў, у тым ліку тых, хто вярнуўся з-за мяжы», – піша прапагандысцкі рэсурс ГУБАЗіКу.

«Сілавікі» пагражаюць: маўляў, іншыя рэгіёны таксама мусяць падрыхтавацца.

Масавыя затрыманні ў Баранавічах адбываліся і раней. 19 траўня праваабаронцам стала вядома пра хапун на баранавіцкім вузле Беларускай чыгункі. Тады на «размовы» выклікалі 10 машыністаў. У дачыненні некаторых з іх былі распачатыя крымінальныя справы, некаторых звольнілі з працы. У той дзень таксама праходзілі ператрусы.

Агляд
Затрыманні ў Баранавічах ды на Гарадзеншчыне. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 10 лістапада
2023.11.10 23:04

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў