Пераплацілі: можна было знайсці танней у 2-3 разы.
У верасні 2021 года Цэнтральны апарат Следчага камітэту Беларусі закупіў за 1500 рублёў два апаратныя крыптакашалькі. У пачатку лістапада яшчэ адзін купіў за 650 рублёў менскі СК, потым двойчы купляў за 1000 рублёў віцебскі абласны СК.
Навошта ім такія прылады, не паведамляюць.
Крыптакашалькі – прылады, падобныя да флэшак, якія падлучаюцца да камп’ютараў праз USB-парты і дазваляюць абараніць трансакцыі ад хакераў. У Менску такі апарат можна набыць менш як за 300 рублёў. Следчыя праводзілі закуп з адной крыніцы, прадаўца не называлі.
Крыптавалюты дазваляюць праводзіць фінансавыя аперацыі так, каб адпраўнік і атрымальнік грошай заставаліся ананімнымі, але самі аперацыі былі надзейна задакументаваныя. На курсах крыптавалютаў шмат хто спекулюе, бо вартасць валютаў можа за хвілю падскочыць у некалькі разоў.
Telegram-канал «Беларусь за МКАДом» адзначае, што раней абласны суд Віцебску закупіў больш за сотню ноўтбукаў для відэагульняў. З гэтага робяць выснову, што ў Віцебску сілавікі могуць здабываць і захоўваць крыптавалюты: «геймерскія» ноўтбукі прыдатныя таксама для майнінгу – апрацоўвання звестак пра аперацыі з крыптавалютамі, за якую плацяць тымі самымі крыптавалютамі.
АА belsat.eu