«Чаму б не ўвесці ў сям’і гадзіну роднай мовы?» Аліна Коўшык – пра захаванне беларускасці за мяжой і на радзіме


Прадстаўніца ў сферы нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык завітала ў Батумі, у госці да беларускай дыяспары. Падчас сустрэчы беларусы распавядалі пра цяжкасці і поспехі ў захаванні ўласнай ідэнтычнасці за мяжою. Пасля дыскусіі мы пагутарылі з Алінай пра праблемы і патрэбы дыяспараў і пра тое. дзе прасцей цяпер заставацца беларусамі, – за мяжой ці ў Беларусі. А таксама пра тое, што зрабіла і плануе рабіць у бліжэйшы год прадстаўніцтва Кабінету ў сферы нацыянальнага адраджэння.

Аліна Коўшык выступае перад журналістамі пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Беларускім дыяспарам найперш не хапае не грошай, а сувязяў»

– Аліна, ты часта сустракаешся з беларускімі дыяспарамі ў розных краінах. Якімі ты бачыш іх? Што сёння найбольш патрэбна беларусам у замежжы, чаго ім, магчыма, не хапае?

– Я захапляюся нашымі дыяспарамі і тымі людзьмі, якія ўжо тры гады як мінімум працуюць на беларускую справу. Я ведаю, колькі выдаткоўваецца ўласнага часу, сілаў, грошай, няспаных начэй, каб стварыць беларускія прасторы, рэалізаваць праекты. Кожны раз, калі я атрымліваю запрашэнне на беларускую падзею, я разумею, колькі людзей стаіць за тым, каб яе арганізаваць. За гэта мая вялізная ўдзячнасць усім актывістам і валанцёрам.

Я бачу, як узмацніліся нашыя дыяспары, колькі арганізацыяў паўстала – афіцыйных і неафіцыйных. Іх аб’ядноўвае прага рабіць беларускую справу.

Але, вядома, шмат чаго не хапае. Вельмі цяжка быць дыяспарай без краіны, калі не атрымліваеш ніякай дзяржаўнай дапамогі, а наадварот – калі твая дзяржава фактычна цябе знішчае.

Не хапае беларускім дыяспарам цяпер найперш не грошай, а сувязяў. Тое, над чым шчыльна працавалі і Савецкі Саюз, і дыктатура Лукашэнкі, – над тым, каб перарваць сувязі паміж людзьмі. Цяпер мы вучымся камунікаваць наноў.

Але, безумоўна, рэсурсы патрэбныя. Ва ўсім свеце дыяспары падтрымліваюцца дзяржавамі ці ўласнымі асяродкамі за мяжой. Тут у нас задача з зорачкай, таму што не толькі дзяржава не падтрымлівае фінансава, але часта і тыя беларусы, якія з’ехалі вымушана, усё пакінулі ў Беларусі. І гэта не тыя людзі, якія могуць рабіць фінансавыя ўнёскі ў ініцыятывы. З іншага боку, прайшло ўжо тры гады, людзі крыху ўладкаваліся, і, магчыма, не заўсёды ўсе імпрэзы мусяць быць бясплатнымі, і часам можна штосьці рабіць з аплатай, каб было самафінансаванне. Зрэшты, калі ты ўкладаешся фінансава, то адчуваеш адказнасць за тое, што адбываецца. Не проста прыйшоў і паглядзеў, а разумееш, што ты – частка гэтай супольнасці.

Яшчэ я бачу, што нам, Кабінету, не хапае ўвагі да ўсіх тых людзей, якім яна патрэбная. Таму я заўсёды, калі падарожнічаю, імкнуся сустрэцца з дыяспарамі. Гэта дазваляе ўсталяваць сувязі. Калі мы пазнаёмімся асабіста, шмат якія рэчы прасцей рабіць.

Шчыра кажучы
Заробак, кар’ерызм, PR і што шакавальнага гатовая зрабіць – правяраем Аліну Коўшык
2023.05.16 17:30

«Школы з беларускай мовай за мяжой – гэта не беларускія школы»

– Аліна, ты ўжо крыху больш за год на пасадзе прадстаўніцы Кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння? Што самае значнае за гэты час, на твой погляд, ўдалося зрабіць?

– Напэўна, найперш я б назвала суботнюю сетку школак, якая цяпер працуе ў Польшчы, ствараецца ў Грузіі. Мы будзем шукаць магчымасці пашырыць яе на Нямеччыну, Чэхію альбо далучаць праекты, якія ўжо існуюць. Я лічу, што мы павінны цяпер інвеставаць як мага больш у нашых дзяцей, у іхную адукацыю і развіццё, паказваць ім прыгажосць беларускай культуры і мовы, каб яны заставаліся маленькімі беларусамі. Бо гэта тыя людзі, дзеля якіх мы хочам змяняць гэтую жахлівую сістэму. Мы не робім гэта для сябе, мы робім гэта для будучых пакаленняў. Што мяне ўражвала на маршах 2020 года – гэта калі людзі старэйшага ўзросту выходзілі і казалі: я цяпер выходжу, бо мы павінны зрабіць тую працу, якія не зрабілі ў 1990-я. Я не хачу, каб мае дзеці паўтаралі тыя ж словы.

Hавiны
«Стварыць і захаваць сваю ідэнтычнасць». У Батумі распачынае працу афіцыйная беларускамоўная школа
2023.10.08 20:04

– У Батумі цяпер адкрываецца не толькі суботняя школка, але і паўнавартасная афіцыйная беларускамоўная школа – супольны праект з мясцовай грузінска-французскай школай. Аднак яе стваральнікі скардзіліся, што пакуль не так шмат бацькоў гатовыя туды аддаць дзяцей. Магчыма, пакуль яшчэ мала хто ведае пра школу, але тым не менш. У Варшаве таксама не сабралася патрэбная колькасць вучняў, каб можна было адкрыць беларускую школу. Чаму так, як ты думаеш?

– Я лічу, што тут могуць сыходзіцца розныя фактары. Па-першае, пытанні лагістыкі. Калі ты жывеш у вялікім горадзе, можа быць складана вазіць дзіця ў іншыя раёны ў школу. У Польшчы не сабралася ініцыятыўная група бацькоў, каб стварыць беларускую школу, бо гэта велізарныя інвестыцыі. Але ў той жа час у Вільні сабралася – там ёсць супольнасць, якая імкнецца адкрыць другую беларускую школу.

Аднак, што датычыць гэтых школаў – трэба таксама памятаць, што гэта ўсё роўна школы тых краінаў, дзе мы цяпер жывем, не беларускія. Нават у віленскай гімназіі, дзе дзеці вучацца на беларускай мове, дырэктарка падкрэслівала: гэта літоўская школа з беларускай мовай навучання. То бок яны выхоўваюць грамадзянаў Літвы. Таму нашая задача – выхоўваць беларусаў у нашых дзецях. Таму патрэбныя школы, якія даюць гэты дадатковы кампанент і будуюць супольнасць.

«Беларуская мова – місія, але вучням патрэбна яшчэ нешта карыснае і практычнае»

Аліна Коўшык на міжнароднай канферэнцыі «Адкрываючы праўду» ў Батумі. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: CabinetBelarus/Telegram

– Адзін з аргументаў, які высоўваюць бацькі, калі тлумачаць, чаму ім не так ужо і патрэбная беларуская школа, – калі ўжо дзіця  жыве за мяжой, будзе паступаць там далей у ВНУ, то няхай інтэгруецца ў мясцовае грамадства і вучыцца на яго мове. Можа, гэта мае практычны сэнс, і для захавання беларускай мовы хопіць суботніх школак, – пагатоў для стварэння паўнавартаснай сярэдняй школы патрэбныя такія вялізныя рэсурсы?

– Канечне, маюць права быць розныя падыходы. І канечне, найлепш было б зрабіць так, каб у нас быў поўны цыкл адукацыі – беларускі садок, беларуская школа, беларускі ўніверсітэт. Пакуль гэта не магчыма, таму мы ствараем нашую сістэму адукацыі з розных кірункаў, настолькі, наколькі цяпер ёсць магчымасць.

Натуральна, што не паўсюль атрымаецца зрабіць беларускія школы. Гэта вялікія праекты, велізарныя інвестыцыі. Але калі б мы здолелі зрабіць хоць адну мадэльную беларускую школу, якая была б такой лакмусавай паперкай, дзе мы маглі б тэставаць розныя новаўвядзенні ў адукацыі, такая школа была б вельмі дарэчы. Усе захапляюцца школамі Фінляндыі. Было б добра, каб мы таксама стварылі штосьці падобнае, такі прыклад. Гэта прывабіла б людзей.

Таксама, каб прывабіць дзяцей у суботнія школы, мы думаем, як зрабіць гэта цікавым і патрэбным. Бо беларуская мова – гэта добра, гэта місія. Але патрэбнае нешта карыснае, практычнае, і мы імкнемся дадаваць гэтую карысць, практычны кампанент.

Агляд
Дзе за мяжой дзеці могуць вучыцца па-беларуску? Агляд магчымасцяў
2023.09.05 17:35

«Шмат людзей не вернецца, але гэта не страшна»

– Нядаўнія даследаванні паказалі, што палова беларусаў не збіраецца вяртацца з эміграцыі. Як ты лічыш, наколькі гэта сур’ёзная страта для Беларусі?

– Зразумела, што шмат людзей не вернецца, але гэта не страшна, бо моцная дыяспара таксама працуе на карысць Беларусі. Нам важна не імкнуцца абавязкова ўсіх вярнуць у Беларусь, а будаваць сувязі і супольнасці паміж рознымі групамі беларусаў. Бо калі ты адзін, ты толькі марыш. Разам мы ствараем рэчаіснасць. Таму, калі мы аб’ядноўваемся і пачынаем рабіць штосьці разам, то сапраўды можам змяняць свет, я ў гэтым перакананая. Будаванне супольнасцяў нам патрэбнае на абсалютна розных узроўнях. Варта працягваць тое, што пачыналася ў 2020 годзе з дваравых супольнасцяў. Паглядзіце, якую вялікую ролю яны адыгралі. Як пазнаёмілі і аб’ядналі людзей. І гэтыя суполкі дагэтуль захоўваюцца, падтрымліваюць кантакты і застаюцца адна для адной унутранай матывацыяй для далейшых дзеянняў.

У Польшчы цяпер праводзяцца цудоўныя спартовыя імпрэзы, якія, напрыклад, ладзіць Аляксандр Івулін. Людзі прыходзяць, гуляюць у футбол, надзяваюць бчб-кашулі. Такім чынам яны таксама далучаюцца да беларускай справы.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Я ў Варшаве вяла клуб жанчын-беларусак. Мы проста сустракаліся на каву, час ад часу праводзілі нейкія майстар-класы. Гэта аб’ядноўвала, давала матывацыю падняцца, апрануцца, прыйсці, нягледзячы на тое, што шмат у каго пасля пераезду цяжкі псіхічны стан. Дарэчы, я перакананая, што пасля перамогі нам будзе патрэбная велізарная праграма псіхалагічнай рэабілітацыі, бо шмат беларусаў цярпяць на ПТСР, дэпрэсіі.

Рэжым у Беларусі менавіта таму моцна ўдарыў па НДА, бо гэта былі якраз тыя асяродкі, якія будавалі супольнасці. У выніку былі парушаныя шмат якія магчымасці, сувязі паміж людзьмі. Таму цяпер важна ствараць іх наноў.

– Але ў Беларусі небяспечна збірацца ў кампаніі больш трох, улады падазрона ставяцца да любых сходаў людзей, што ўжо казаць пра нейкія беларускамоўныя імпрэзы. Будаваць супольнасці і якія заўгодна гурткі паводле інтарэсаў з бчб-кашулямі можна ў замежжы. Што рабіць беларусам у Беларусі?

– І ў Беларусі збірацца разам можна бяспечна. Напрыклад, могуць сустракацца мамы з дзецьмі – пачытаць кнігі, беларускія вершы ці схадзіць разам у парк.

У Польшчы я ведаю адзін клуб хатніх гаспадынь – жанчыны ва ўжо даволі сталым узросце збіраюцца і гатуюць разам. Я думаю, нашым людзям, якія ўжо выйшлі на пенсію, вельмі патрэбныя падобныя ініцыятывы, бо ім таксама не хапае сацыялізацыі. То бок, кожны можа рабіць тое, што яму даспадобы.

Можна ўвесці ў сваёй сям’і гадзіну беларускай мовы. Хаця б адну гадзіну на дзень. Чаму не? Будзьце крэатыўныя. Я перакананая, што беларусы вельмі крэатыўныя і смелыя, і мы самі можам шмат чаго зрабіць для захавання беларускасці, нават без усялякай дапамогі, проста ўласнымі высілкамі.

Інтэрв’ю
Аліна Коўшык: Увесь свет саспеў, каб жаночыя галасы было чуваць у палітыцы
2023.03.08 07:28

«Без здаровага беларусацэнтрычнага падыходу да свету нам будзе цяжка адраджацца»

– Аліна, над чым ты працуеш цяпер як прадстаўніца ў нацыянальным адраджэнні, і якія планы ў гэтым кірунку на бліжэйшы год?

– Мы цяпер распрацоўваем стратэгію нацыянальнага адраджэння. Яе часткай стануць пытанні дэкамунізацыі і дэімпералізацыі, над чым я працую. Зразумела, што агулам гэта задачы стратэгіі і палітыкі дзяржавы, і цяпер мы не можам гэтага рэалізоўваць у поўным аб’ёме, але пэўныя элементы мы ўжо будзем прасоўваць. Мы разумеем, што без здаровага ў добрым сэнсе слова беларусацэнтрычнага падыходу да свету нам будзе цяжка адраджацца.

Калі мы глядзім на свет вачыма беларусаў, а не вачыма савецкай імперыі, гэта зусім іншая оптыка. Гэта азначае, што беларуская мова годная, а не нейкая там незразумелая ці вясковая. Што мы – беларусы, не нейкія там меншыя браты, а нармальная еўрапейская нацыя. Што мы ведаем сваю гісторыю і ганарымся ёю, што мы плануем сваю будучыню. Гэта значыць, пазбаўленне ад злачыннай камуністычнай ідэалогіі, змяненне назваў вуліцаў, каб там былі назвы беларускіх герояў, а не Дзяржынскага і Савецкая.

Гэта складаная праца, перадусім у тым, каб адкрываць гістарычныя моманты, якія асабліва зняпраўджваліся савецкай і лукашэнкаўскай гістарыяграфіяй. Мы бачым, як цяпер моцна і агрэсіўна наступае русский мир, як змяняюць падыходы да гісторыі, як вынішчаюць усе прыкметы нашай еўрапейскасці, нашай прыналежнасці да еўрапейскай гісторыі – Рэчы Паспалітай, ВКЛ. Усё гэта планамерна падчышчаецца рэжымам, таму што гэта падмурак нашай нацыі.

Беларусы – гэта еўрапейская нацыя, якая стагоддзямі належала да гэтага арэалу. Расейская мова, фактычна, масава з’явілася ў Беларусі толькі ў другой палове ХХ стагоддзя. Нават пасля дзесяцігоддзяў планамернай русіфікацыі беларусы трымаліся за родную мову. Толькі пасля таго, як Савецкі Саюз прывёз людзей з вёсак у гарады, прывёў у савецкія расейскамоўныя школы і фактычна знішчыў усе праявы беларускасці, беларуская мова стала вельмі мала запатрабаванай, зрабілася мовай апазіцыі ці элітаў. Але цяпер я бачу, што людзі сапраўды зразумелі, што мова для нас ёсць скарбам, і наноў пачынаюць звяртацца да яе. І што мне найбольш падабаецца, што яны робяць гэта абсалютна свядома, без прымусу, бо разумеюць, што мова – не проста словы. Мова – гэта культурныя коды. Калі ты называеш штосьці па-беларуску, ты кожны раз узмацняеш беларуса / беларуску ў сабе.

Новы каляндар беларускіх святаў

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– Магчыма, ты магла б вылучыць нейкія канкрэтныя крокі, праекты, якія ўжо цяпер можна зрабіць у межах дэкамунізацыі і дэкаланізацыі?

– У стратэгіі нацыянальнага адраджэння ў нас ёсць новы каляндар беларускіх святаў. Мы абярэм такія святы, якія, як мы лічым, павінны быць вольнымі ад працы днямі ў Новай Беларусі, і мы прапаноўваем ужо цяпер пачынаць іх святкаваць. Мы не зможам іх цяпер зрабіць выходнымі, але можам уводзіць традыцыі святкаванняў. Напрыклад, украінцы перавялі цяпер святкаванне рэлігійных святаў на юліянскі каляндар. Ці мы так зробім, я яшчэ не ведаю, рашэнне не прынятае. Ёсць і яшчэ шэраг святаў, адносна якіх трэба прыняць рашэнне. Напрыклад, калі святкаваць Дзень Незалежнасці Беларусі – 25 сакавіка ці 27 ліпеня, ці 25 жніўня?

Я таксама перакананая, што мы павінны перастаць святкаваць Дзень перамогі 9 траўня і перайсці на еўрапейскую традыцыю адзначаць Дзень памяці 8 траўня, разам з усёй Еўропай.

Інтэрв’ю
«Нацыянальнае адраджэнне – вяртанне гонару за тое, што ты беларус ці беларуска». Размова з Алінаю Коўшык
2022.11.01 15:15

Так, крок за крокам, ментальныя змены прывядуць нас да адчування сябе часткай Еўропы. На канферэнцыі Новай Беларусі мы прынялі дэкларацыю еўрапейскіх памкненняў для Беларусі. Мы бачым будучыню Беларусі разам з Еўразвязам, калісьці ў будучыні чальцом ЕЗ. Гэта таксама мяжуе нас па іншым геапалітычным баку моцы і бяспекі, бо толькі ў супольнасці свабодных дэмакратычных краінаў мы зможам быць свабодныя. Расея даказала цалкам, што для яе зброяй русского мира ёсць не толькі ракеты, але і слова. Вайна, якая вядзецца ва Украіне, ідзе таксама ў Беларусі, толькі яна ціхая. Яе можна параўнаць з павольным этнацыдам, калі нас фактычна вынішчаюць як нацыю, каланізуюць, і мы не павінны гэтага дапусціць.

Першы працоўны візіт прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Грузію

Аліна Коўшык стала першым прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету, які здзейсніў працоўны візіт у Грузію. Цягам яго прадстаўніца ў сферы нацыянальнага адраджэння:

  • прыняла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Адкрываючы праўду» ў Батумі, на якой выступіла з справаздачай пра распрацаваную прадстаўніцтвам у нацыянальным адраджэнні «Палітыку 4 Д» для Беларусі, у якую ўваходзяць дэкамунізацыя, дэімперыялізацыя, дэкаланізацыя і дэідэалагізацыя. У сваім выступе Аліна Коўшык распавяла пра выклікі, якія стаяць сёння перад беларускім грамадствам, і планы Аб’яднанага пераходнага кабінету ў рэагаванні на іх у сферы нацыянальнага адраджэння;
  • правяла сустрэчу з кіраўніцай дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Хаціяй Дэканаідзэ, з якой абмеркавала складаную палітычную сітуацыю ў нашай краіне і шляхі далейшага супрацоўніцтва парламенцкай групы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі;
  • правяла сустрэчу з заснавальнікам Грузінскага цэнтру стратэгічнага аналізу Надарам Харшыладзэ, з якім абмяркоўваліся перспектывы экспертнай супрацы і ўзаемадзеяння ў праграме «Кадравы рэзерв»;
  • правяла сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Тбілісі і Батумі, падчас якіх абмяркоўваліся праблемы беларусаў з легалізацыяй у гэтай краіне, супраца паміж беларусамі Грузіі і Аб’яднаным пераходным кабінетам, палітычная сітуацыя ў Грузіі і Беларусі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў