Еўразвяз можа ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі пасля абвінавачанняў Лукашэнкі ў бок Украіны


Пасля ўчорашніх абвінавачанняў уладаў Беларусі на адрас Украіны Еўракамісія ўзняла пытанне новых санкцыяў супраць Беларусі. Прадстаўнік ЕЗ у замежных справах Пэтэр Стана заклікаў спыніць распаўсюд «ілжывых абвінавачанняў» у бок Украіны і адклікаць супольную групоўку войскаў з Расеяй, паведамляе «Euronews».

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота Аліса Ганчар/ Белсат

Падчас сустрэчы з вайскоўцамі і сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі не проста абмяркоўваецца, гэта плануецца ва Украіне». Ён паведаміў пра дамоўленасць з Уладзімірам Пуціным стварыць супольную «рэгіянальную групоўку войскаў», але не паведаміў падрабязнасцяў, дзе і калі такая групоўка можа быць разгорнутая.

На гэта Пэтэр Стана заявіў журналістам у Бруселі, што Еўразвяз «прыняў да ўвагі ілжывыя абвінавачанні» ў бок Украіны, якія ён назваў абсалютна неабгрунтаванымі, недарэчнымі і цалкам непрымальнымі:

«Украіна тут – ахвяра. Украіна не агрэсар. І мы нагадваем беларускаму рэжыму, што Украіна зазнае жорсткі, незаконны напад, які ёсць парушэннем статуту ААН і парушэннем міжнароднага права. І мы заклікаем рэжым у Менску ўстрымлівацца ад любога ўдзелу Беларусі ў гэтым жорсткім, нелегітымным чыне».

Ад імя Еўразвязу Пэтэр Стана заклікаў улады Беларусі неадкладна спыніць дзеянні, праз якія тэрыторыя Беларусі служыць стартаваю пляцоўкаю для паветраных удараў па Украіне і аб’ектах на ўкраінскіх тэрыторыях.

Заявы Лукашэнкі на адрас Украіны прагучалі пасля таго, як 10 кастрычніка Расея нанесла ракетны ўдар па ўкраінскіх тэрыторыях, у тым ліку па цэнтры Кіева. У выніку ракетнага абстрэлу па Украіне загінулі 19 чалавек, 105 атрымалі раненні.

Падчас нарады з сілавікамі і вайскоўцамі Аляксандр Лукашэнка расказаў пра дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным наконт разгортвання супольнай рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі. Ён даручыў прыняць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі, гаворка пра тысячы асобаў. Разгортванне рэгіянальнай групоўкі Лукашэнка абгрунтаваў нібыта нападам, што рыхтуецца з боку Украіны і краінаў NATO.

Hавiны
«Крымскі мост ім падасца кветачкамі». Лукашэнка правёў нараду з вайскоўцамі і сілавікамі
2022.10.10 14:01

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў