Генеральны сакратар NATO: Ні вагнэраўцаў, ні ядравай зброі ў Беларусі няма


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг падчас саміту арганізацыі ў Вільні на брыфінгу 11 ліпеня адказаў на пытанні карэспандэнтаў «Белсату» пра Беларусь.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусель, Бельгія. 13 лютага 2022 года.
Фота: nato.int

У прыватнасці, на пытанне Сяргея Пелясы ён заявіў, што ў Беларусі няма наймітаў ПВК Вагнэра.

«Мы пакуль не бачым ніякіх рухаў «Вагнэра» ў бок Беларусі, але мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца. Гэта важна для Літвы і яе суседзяў», – заявіў генеральны сакратар, адзначыўшы, што NATO змагаецца з любой патэнцыйнай пагрозай.

Адказаў Стольтэнбэрг і на пытанне Аляксандра Папко адносна размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі і магчымага тэракту на Запарожскай АЭС. Паводле яго, ядравай зброі ў Беларусі таксама няма.

«Расея павінна ведаць, што ядравую вайну немагчыма выйграць, і яе ніколі нельга пачынаць. Саюзнікі ў NATO ўважліва сочаць, што Расея робіць. Мы асуджаем абвесткі, што Расея размесціць тактычную ядравую зброю ў Беларусі. Мы ўважліва маніторым сітуацыю, але пакуль не бачым ніякіх зменаў, якія патрабуюць зменаў з нашага боку», – сказаў Стольтэнбэрг.

Паводле яго, Расея таксама павінна вывесці свае войскі з Запарожскай АЭС, бо іх паводзіны ствараюць небяспеку для найбуйнейшай атамнай станцыі ў Еўропе.

Абноўлена
Генеральны сакратар NATO: Ні вагнэраўцаў, ні ядравай зброі ў Беларусі няма
2023.07.11 12:28

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў