Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі


У Менскім гарадскім судзе 11 траўня агучылі прысуд палітвязню, заснавальніку крамы Symbal.bу і культурніцкаму менеджару Паўлу Белавусу – суддзя Жанна Брысіна пакарала яго 13 гадамі зняволення ў калоніі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Павел Белавус.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паўла Белавуса абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, сярод якіх, у тым ліку, «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356).

У абвінавачанні гаворыцца, што Павел «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму», вёў «антыдзяржаўную дзейнасць», «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні Радзімы». Таксама Паўла абвінавацілі ў «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем» – Беларускай радай культуры, што была прызнаная «фармаваннем», калі палітвязень ужо сем месяцаў як утрымліваўся пад вартай.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазіцыя Паўла ў справе ды іншыя падрабязнасці невядомыя.

«Гэта – прысуд усім беларусам, якія мараць пра сапраўдную беларускую Беларусь, – пракаментавала вырак Святлана Ціханоўская. – Краіну, дзе ведаюць сваю гісторыю, шануюць свае традыцыі, маюць нацыянальную годнасць, карыстаюцца роднай мовай. Усё гэта цяпер ёсць для рэжыму «экстрэмізмам».

Абраная прэзідэнтка Беларусі звярнула ўвагу, што на волі ў Белавуса засталіся жонка Кацярына і двое малых дзяцей. У сям’і канфіскавалі машыны і нават частку бытавой тэхнікі. Пасля прысуду могуць апісаць і канфіскаваць абсалютна ўсё ў доме – ад кававаркі да мікрахвалёўкі.

«Я прашу вас падтрымаць Паўла і ягоную сям’ю. Гэтыя сродкі пойдуць на аплату працы адвакатаў і набыццё неабходных рэчаў для жыцця сям’і Паўла Белавуса», – звярнулася да беларусаў Святлана Ціханоўская.

Збор для сям’і Паўла Белавуса абвясціў «BYSOL».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў