Вышымайкі як здрада дзяржаве. Чым вядомы Павел Белавус, якога асудзілі на 13 гадоў калоніі


Суддзя Менскага гарадскога суда Жанна Брысіна прызначыла 13 гадоў калоніі Паўлу Белавусу – актывісту, культурніцкаму менеджару, стваральніку крамы Symbal.by. «Белсат» згадвае, што рабіў і чым запомніўся чалавек, які прасоўваў беларускасць і быў абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве.

Павел Белавус, стваральнік Symbal.by і «Арт-сядзібы».
Фота: by_culture / Telegram

Прысуд Паўлу Белавусу – у нейкім сэнсе камінг-аўт дзяржавы. Імем Рэспублікі Беларусь на 13 гадоў пасадзілі асобу, якая правінавацілася толькі ў тым, што прасоўвала беларускасць. Сярод абвінавачванняў, што выставілі актывісту, – здрада дзяржаве, заклікі да санкцыяў, стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Следчы палічыў злачынствам «распаўсюд ідэяў беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі». Спадар Павел нібыта «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні Радзімы, сваімі злачыннымі дзеяннямі цягам дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу вонкавую і ўнутраную бяспеку дзяржавы».

Прысуд агучыла суддзя Менскага гарадскога суда Жанна Брысіна. Працэс быў закрытым.

Hавiны
Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі
2023.05.11 15:54

«Зацягнула ў актывізм»

Паўлу Белавусу 35 гадоў. Паводле адукацыі – турыстычны менеджар, вучыўся на геаграфічным факультэце Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Прызнаваўся, што хацеў стаць журналістам, пачаў працаваць у гэтай сферы. Падчас вучобы на геафаку ўдзельнічаў у моладзевай арганізацыі «Дзедзіч», якая, паводле Паўла, «зацягнула яго ў актывізм».

Ідэя культурніцкай пляцоўкі, будучай «Арт сядзібы», прыйшла ў галаву, калі ён служыў у войску. Неўзабаве яна і з’явілася. Першай лакацыяй, дзе месцілася «Арт сядзіба», быў завод «Гарызонт» у Менску. Адкрыццё адбылося ў снежні 2011 года. Даволі спакойна пляцоўка працавала сем месяцаў, потым – высяленне, пошук новага памяшкання, зноў высяленне, і так па коле некалькі разоў. Пасля чарговага пераезду ініцыятыва абвесціла збор грошай на ўласнае памяшканне, аднак патрэбнай сумы не назбіралася.

«Арт сядзіба» на праспекце Машэрава ў Менску ў 2017 годзе.
Фота: «Арт сядзіба» / Facebook

Напрыканцы 2021 года «Арт сядзіба» абвесціла аб закрыцці ў звязку з ліквідацыяй юрыдычнай асобы. «А яшчэ неўзабаве ўхваляць закон аб адказнасці за дзейнасць арганізацый, якія зліквідаваныя, таму мы пастанавілі не працягваць дзейнасць», – паведаміла арганізацыя ў сваіх сацсетках.

«Арт сядзіба» ладзіла сустрэчы з музыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі, заняткі аратарскага майстэрства, была і тэатральная студыя. У якасці дырэктара ўстановы Белавус быў суарганізатарам шмат якіх культурніцкіх і асветніцкіх імпрэзаў: Дня вышыванкі, «Мова-фэста», квізу «Варта», раздачы стужак з беларускім арнаментам, свята Дня Волі ў Горадні ў 2019 годзе.

Тата вышымайкі

У 2014 годзе Павел Белавус заснаваў краму нацыянальнай сімволікі, сувеніраў і адзення Symbal.bу. Бадай, самым вядомай пазіцыяй у асартыменце была вышымайка. За яе Белавус атрымаў у 2015-м гран-пры фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «Adnak».

Крама супрацоўнічала з Федэрацыяй футболу Беларусі, удзельнічала ў распрацоўцы і прэзентацыі формы нацыянальнай зборнай у 2018 годзе. У разгар ковіду ў 2020-м Symbal.by зладзіў дабрачынную акцыю для дзяржаўных шпіталяў і паліклінік: медычныя ўстановы атрымалі 50 тысячаў масак.

Фота: архіў Паўла Белавуса

Першы візіт у краму міліцыянты нанеслі ў 2015-м праз «распаўсюд забароненай сімволікі», якім палічылі продаж бел-чырвона-белых сцягоў. Аднак сапраўдны ціск распачаўся напярэдадні выбараў. Пасля шэрагу правяранняў, падчас якіх абавязкова знаходзілі «парушэнні», Белавус абвесціў аб закрыцці гандлёвай кропкі, крама працягвала працаваць онлайн. У студзені 2021 года ў офісе Symbal.bу сканфіскавалі ўсю тэхніку і тавары, і неўзабаве крама спыніла сваё існаванне.

#БНР100

У 2018 годзе разам з блогерамі і актывістамі Антонам Матолькам і Эдуардам Пальчысам зладзіў святочны канцэрт да стагоддзя абвяшчэння БНР. Імпрэза адбылася каля Нацыянальны акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балета. Паводле розных ацэнак, дазволены ўладамі канцэрт сабраў ад 15 да 25 тысячаў гледачоў. На агароджанай тэрыторыі былі «легалізаваныя» нацыянальныя сімвалы: бел-чырвона-белыя сцягі і Пагоня. Той мітынг-канцэрт стаўся самай масавай акцыяй за некалькі дзесяцігоддзяў.

Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: ІА / Белсат

Сапраўдны патрыёт

Павел Белавус стварыў грамадскую кампанію «Годна», якая прасоўвае і вывучае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі, быў адным з ініцыятараў кампаніі за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, ладзіў акцыю «Брукаванка памяці» у Курапатах.

На волі яго чакае жонка і двое дзетак.

«BYSOL» абвесціў збор для сям’і спадара Паўла.

Hавiны
«BYSOL» абвясціў збор сродкаў для сям’і Паўла Белавуса
2023.05.11 18:57

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў