На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 11 красавіка была апублікаваная пастанова Міністэрства культуры, якая ўносіць змены ў пастанову ад 8 траўня 2007 г. № 18 наконт вызначэння эратычнай прадукцыі.
Дакумент уносіць змены ў інструкцыю пра парадак выпуску, тыражавання, паказу, пракату, продажу і рэкламавання эратычнай прадукцыі або прадукцыі з элементамі эротыкі.
У пастанове 2007 году парнаграфіяй лічылася «вульгарна-натуралістычная, агідна-цынічная, непрыстойная фіксацыя палавых зносінаў, самацэльная, наўмысная дэманстрацыя большай часткай аголеных геніталіяў, антыэстэтычных сцэнаў палавога акту, сексуальных скажэнняў, замалёвак з натуры, якія не адпавядаюць маральным крытэрам, абражаюць гонар і годнасць асобы, ставячы яе на ўзровень праяваў жывёльных інстынктаў». Цяпер парнаграфіяй таксама будзе лічыцца дэманстрацыя «нетрадыцыйных палавых зносінаў і (або) палавых паводзін».
Акрамя таго, у новай пастанове даецца вызначэнне саміх нетрадыцыйных палавых зносінаў. Да іх Міністэрства культуры адносіць не толькі гомасексуалізм і лесбійскае каханне, але і бісексуальныя зносіны, поліаморыю, педафілію, некрафілію, садызм, мазахізм, вуайерызм, эксгібіцыянізм, фетышысцкі трансвестызм і транссэксуалізм.
Глеб Нержын belsat.eu