Жанчына, усходнееўрапеец ці Борыс Джонсан? Хто можа стаць наступным кіраўніком NATO


Найбуйнейшы вайскова-палітычны блок на планеце сёлета плануе абнавіць кіраўніцтва. Адзін раз тэрмін паўнамоцтваў дзейнага генеральнага сакратара альянсу ўжо пераносілі, але, відаць, гэтым разам выбары ўсё ж адбудуцца. Карэспандэнты «Белсату» вывучылі, што пішуць заходнія медыі наконт таго, хто можа ўзначаліць Паўночнаатлантычны альянс у часе вайны ва Украіне.

Сустрэча міністраў абароны NATO у штаб-кватэры альянсу ў Бруселі, Бельгія. 15 лютага 2023 года.
Фота: Johanna Geron / Reuters / Forum

Арганізацыя Паўночнаатлантычнай дамовы (NATO) сёння аб’ядноўвае 31 краіну ў Паўночнай Амерыцы і Еўропе разам з Турцыяй. Апошняй да аб’яднання на пачатку красавіка далучылася Фінляндыя. Таксама працэс уступлення ў арганізацыю цяпер праходзіць суседняя Швецыя.

Увосень 2023 года мае скончыцца тэрмін паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы (NATO) Енса Стольтэнбэрга. Былы прэм’ер-міністр Нарвегіі ачольвае альянс з 1 кастрычніка 2014 года. Ягоныя паўнамоцтвы мусілі скончыцца яшчэ летась – у 2022 годзе, аднак з прычыны агрэсіі Расеі супраць Украіны іх працягнулі яшчэ на год – да 30 верасня 2023 года.

Праўда, у лютым нямецкая «Welt am Sonntag» пісала, што на пасадзе генеральнага сакратара NATO нарвежац можа застацца ажно да красавіка 2024 года. Маўляў, ён дасягнуў «выдатных поспехаў для NATO, асабліва на тле вайны ва Украіне». А сам працяг паўнамоцтва гарантаваў бы «стабільнасць на чале альянсу ў цяжкі час». Нібыта паміж краінамі – чальцамі альянсу нават існавала неафіцыйнае пагадненне на гэты конт.

Праўда, у адказ на гэтыя паведамленні ў прэс-службе палітыка паведамілі Reuters, што «тэрмін паўнамоцтваў генеральнага сакратара заканчваецца ў кастрычніку гэтага года, і ён не мае намеру дамагацца яшчэ аднаго падаўжэння свайго мандату».

З улікам таго, што Стольтэнбэрг сёлета ўсё ж спыніць кіраванне альянсам, мы вырашылі паглядзець, што пішуць заходнія медыі пра тое, хто можа стаць ягоным пераемнікам падчас вайны ва Украіне.

Енс Стольтэнбэрг выступае з заявай падчас сустрэчы міністраў замежных справаў NATO у штаб-кватэры альянсу ў Бруселі, Бельгія. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Johanna Geron / Reuters / Forum

Кансэнсусу няма, праверку прайсці цяжка

На сённяшні дзень з моманту заснавання ў 1949 годзе альянс узначальвалі 13 асобаў, усе яны былі еўрапейцы і мужчыны. З іх трое былі брытанцамі, яшчэ трое галандцамі, двое – бельгійцамі і па адным прадстаўніку ад Даніі, Іспаніі, Італіі, Нарвегіі і Нямеччыны.

Дыпламаты ў Бруселі кажуць, што сярод краінаў NATO няма адзінага меркавання адносна таго, хто павінен замяніць Стольтэнбэрга. Хоць «рашэнні NATO заснаваныя на кансэнсусе, але чатыры вядучыя эканомікі – ЗША, Нямеччына, Францыя і Вялікая Брытанія – аказваюць празмерны ўплыў, нават калі яны не заўсёды прэтэндуюць на тое, каб палепшыць свае пазіцыі», – пісаў у лютым «Foreign Policy». Выданне адзначала, што Злучаныя Штаты звычайна ўстрымліваюцца ад барацьбы за палітычнае лідарства ў NATO», а Францыя і Нямеччына могуць не высоўваць сваіх кандыдатураў, бо намагаліся развязаць украінскі крызіс дыпламатычнымі сродкамі.

«Вайна значна ўскладняе прыняцце рашэння, якое патрабуе кансэнсусу лідараў 30 краінаў – чальцоў NATO. Наступны генеральны сакратар павінен жорстка балансаваць, заахвочваючы сталіцы працягваць пастаўкі зброі ва Украіну і будаваць уласную абарону NATO – і ўсё гэта, фармальна застаючыся па-за канфліктам. Мала хто праходзіць праверку на гэтую вельмі адчувальную ролю», – пісала ў студзені «Politico».

Геаграфія змянілася

У кожным разе, урады ўжо стрымана выстаўляюць сваіх кандыдатаў праз уцечкі навінаў у медыях, адзначаў у лютым «International Business Times». Выданне падкрэслівала, што фігура абранага генеральнага сакратара будзе разглядацца як сімвал будучага кірунку NATO. Напрыклад, перад пачаткам расейскай агрэсіі выказваліся меркаванні, што пара ўжо абраць кіраўніком альянсу жанчыну або прадстаўніка Усходняй Еўропы. Тым больш, што чатыры апошнія генеральныя сакратары паходзілі з краінаў на ўзбярэжжы Паўночнага мора (Вялікай Брытаніі, Нідэрландаў, Даніі і Нарвегіі), тады як «стратэгічны фокус альянсу змясціўся на ўсходні фланг, дзе новыя чальцы альянсу на ўзбярэжжы Балтыйскага і Чорнага мораў супрацьстаяць агрэсіўнай Расеі».

Гэта прывяло да заклікаў абраць на кіраўніцтва NATO, напрыклад, прэмʼер-міністарку Літвы Інгрыду Шыманіце або яе эстонскую калегу Каю Калас, якія даўно займаюць жорсткую пазіцыю адносна Расеі. Як заявіў «Politico» адзін з дыпламатаў з краінаў Балтыі, «было б вельмі лагічна і цвяроза, каб Паўночнаатлантычны альянс узначаліў той, хто мае досвед у стасунках з Расеяй і хто разумее логіку і менталітэт Расеі». Аднак гэтая ястрабіная пазіцыя адначасова ў іншых сталіцах расцэньваецца «як занадта правакацыйная» адносна РФ, пісаў «International Business Times».

А вось былой прэзідэнтцы Харватыі Каліндзе Грабар-Кітаравіч наадварот могуць прыгадаць абмен цішорткамі з Уладзімірам Пуціным і антыўкраінскую пазіцыю дзейнага кіраўніка краіны.

«Краіны Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы даўно стаяць у чарзе, сказаў еўрапейскі дыпламат, але гэта не значыць, што гэтым разам яны атрымаюць гэтую працу», – пісала «Foreign Policy».

Хто супраць каго і з кім сябруе

У лютым нямецкі «Welt» называў сярод фаварытаў на пасаду новага кіраўніка NATO прэмʼер-міністра Іспаніі Пэдра Санчэса і міністра абароны Вялікай Брытаніі Бэна Ўоліса. У Санчэса, які, кажуць, мае шчыльныя стасункі са Стольтэнбэргам і добрыя з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, ёсць пагроза прайграць парламенцкія выбары сёлета, таму ён якраз можа вызваліцца са сваёй дзейнай пасады.

Вялікая Брытанія ж традыцыйна бачыць сябе мостам паміж Еўропай і ЗША. Дый былы прэм’ер Аб’яднанага Каралеўства Борыс Джонсан, які ў лютым абвесціў пра свае амбіцыі на пасаду кіраўніка альянсу, «што ёсць і іншыя кандыдаты за межамі Еўрапейскага Звязу». Праўда, кандыдатуры – як Джонсана, так і Ўоліса ці былой прэм’еркі Тэрыcы Мэй – могуць «не спадабацца 21 саюзніку ў NATO, якія таксама ёсць чальцамі Еўрапейскага Звязу», стасункі з якім сапсаваныя яшчэ з часоў брэкзіту, пісаў «International Business Times». Аднак, адзначаў «Foreign Policy», краіны альянсу, што мяжуюць з Расеяй, лічаць вайсковую моц Вялікай Брытаніі велізарнай перавагаю.

А вось аўтсайдарам «Welt» называў прэмʼер-міністра Нідэрландаў Марка Рутэ, якога моцна падтрымлівае прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Але Рутэ яшчэ ўзімку казаў, што хоча скончыць з палітыкай. Таксама гучаць імёны нідэрландскай віцэ-прэм’еркі Сіхрыд Каах і міністаркі абароны з гэтай жа краіны Кайсы Олёнгрэн. Як адзначае «Politico», прадстаўнік Нідэрландаў можа стаць кампраміснай фігурай для Лондану і Парыжу.

Сустрэча міністраў краінаў NATO ў Бруселі, Бельгія. 14 лютага 2023 года.
Фота: Dursun Aydemir / AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Апроч таго, згадваюцца ў якасці магчымых прэтэндэнтаў прэмʼер-міністра Італіі Мар’ё Драгі, ягоная суайчынніца Фэдэрыка Магерыні, што адказвала за замежную палітыку ў Еўразвязе, ці прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс. Аднак, хоць Італія і застаецца на паўднёвым флангу змагання з эміграцыяй з Афрыкі, «італьянец можа выклікаць заклапочанасць ва ўсходніх краінаў», пісаў «Foreign Policy». Кандыдатуру ж Ёганіса можа заблакаваць суседняя Вугоршчына, адзначаў «Politico».

Не выключаецца, што NATO ўпершыню можа абраць свайго прадстаўніка не з Еўропы, а, напрыклад, віцэ-прэмʼерку Канады Хрысцю Фрыланд – унучку эмігрантаў з Украіны. Але аддаленасць Канады ад Еўропы можа як стаць дыпламатычнай перавагай, гэтак і стварыць дадатковыя нелады паміж краінамі – чальцамі альянсу ў Еўропе, пісаў «Foreign Policy».

З кіраўніцтва Еўразвязу ў кіраванне NATO

Тым часам крыніцы «Politico» ў студзені лічылі найбольш верагоднымі прэтэндэнтамі галандца Рутэ, эстонку Калас і брытанца Ўоліса. Меншыя, але ўсё ж вялікія шанцы, мелі літоўка Шыманіце, прэзідэнтка Славаччыны Зузана Чапутава і старшыня Еўракамісіі ды былая міністарка абароны Нямеччыны Урзуля фон дэр Ляен.

Як пісала ў студзені «Politico», фон дэр Ляен можа здабыць падтрыманне тых заходніх сталіцаў, якіх хвалюе перспектыва лідарства ў альянсе прадстаўнікоў Усходняй Еўропы.

«Нягледзячы на тое, што ейная рэпутацыя ў колах бяспекі неадназначная, фон дэр Ляен разглядаюць як моцнага кандыдата», – адзначала выданне тры месяцы таму.

Але ўжо ў красавіку «Politico» называла старшыню Еўракамісіі найбольш верагоднай прэтэндэнткай:

«У яе добрыя працоўныя стасункі з Вашынгтонам. Яна былая міністарка абароны. Як прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі, яна мае досвед працы з большасцю кіраўнікоў урадаў NATO. Акрамя таго, калі яе выберуць, яна зробіцца першай жанчынай – лідаркай альянсу».

Пра гэта ж у канцы сакавіка паведамляла і брытанскае выданне «The Sun». Праўда, ёсць нюанс – праца фон дэр Ляен у Еўракамісіі сканчаецца толькі ў 2024 годзе. Дый агулам яе кандыдатуру можа заблакаваць Вялікая Брытанія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Radovan Stoklasa / Reuters / Forum

Ёсць і іншыя бар’еры, якія могуць узнікнуць падчас абрання новага кіраўніка альянсу, апроч геаграфічных ці гендарных. Як заявіла ў лістападзе 2022 года сенатарка з ЗША Джын Шагін, пры выбары новага кіраўніка варта ўлічваць унёсак, якія краіны робяць у NATO. У прыватнасці, на ейную думку, яны павінны выдаткоўваць прынамсі 2 % свайго ВУП на абарону. Станам на сакавік 2023 года такі памер выдаткаў мелі толькі сем краінаў альянсу: Грэцыя, ЗША, Літва, Польшча, Вялікая Брытанія, Эстонія і Латвія. А вось Нямеччына, якую прадстаўляе фон дэр Ляен, такімі лічбамі пахваліцца не можа. Як і Нідэрланды ці Іспанія.

Новы стары Стольтэнбэрг

Агулам жа, піша «Politico», здаецца, што замест рэальных перамоваў людзі проста называюць сваіх ідэальных кандыдатаў і правяраюць ідэі.

«Чым больш імёнаў, тым ясней, што няма кандыдата», – сказаў выданню адзін высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат.

Таму не выключаецца, што тэрмін Стольтэнбэрга могуць працягнуць яшчэ на год. І тады ўжо фон дэр Ляен магла б вызваліцца з кіравання Еўракамісіяй. Але пакуль дзейны кіраўнік NATO усё ж збіраецца сёлета вяртацца ў родную Нарвегію. У любым разе на саміце альянсу ў ліпені «або будзе абвешчаны новы генеральны сакратар, або мандат Енса Стольтэнбэрга працягнуць».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў