У Жлобіне двум падлеткам прысудзілі «хімію» за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе


Суд у Жлобіне прысудзіў паўтара года абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову Кірылу Камарову, якога абвінавачвалі ва «ўдзеле ў масавых закалотах 9 жніўня 2020 года» (арт. 342 КК), піша «Гомельская Вясна».

Праваабаронцы паведамляюць, што суд над Кірылам Камаровым прайшоў у выязным паседжанні. Справу разбірала суддзя Святлана Андрэева.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, «няпоўнагадовы юнак быў у цэнтральнай частцы гораду разам з іншымі грамадзянамі ўвечары 9 жніўня 2020 года, стаяў на праезнай частцы, перашкаджаў руху транспарту, выкрыкваў розныя лозунгі, пляскаў рукамі, свістаў».

На думку следчых і суда, гэтыя дзеянні Камарова спрычыніліся да спынення транспарту, змянення 16 яго маршрутаў і да закрыцця кругладзённай крамы. Кірыла Камарова прызналі вінаватым і прысудзілі яму «хатнюю хімію» на паўтара года.

Праваабаронцы паведамляюць  і аб прысудзе, агучаным той жа суддзёй, у дачыненні яшчэ аднаго маладога жлобінца – Лявона Салдаценкі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і асудзілі таксама на паўтара года «хатняй хіміі».

Кірыла Камарова затрымалі падчас хапуна ў Жлобіне 16 снежня 2022 года. У той жа дзень затрымалі Марыну Ляхновіч, Таццяну Дземчанку, Вадзіма Кір’янава і Настассю Татарынаву. Вядома, што суды над Таццянай Дземчанкай і Настассяй Татарынавай ужо адбыліся. Кожную з іх прысудзілі да 1 года «хатняй хіміі».

На дзень 11 сакавіка палітычнымі вязнямі ў Беларусі прызнаныя 1450 чалавек.

Гісторыі
«Скачок у іншую рэальнасць». Гутарым з беларускай, якой вырвала частку пальца падчас амапаўскага налёту на клуб
2023.03.11 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў