«Форум 18»: Улады Беларусі разарвалі бясплатныя дамовы арэнды з чатырма касцёламі


Праваабарончая арганізацыя «Форум 18» паведамляе, што ўлады Беларусі скасавалі бестэрміновыя і бясплатныя дамовы арэнды прынамсі з чатырма касцёламі.

Паводле дакладу «Форум 18», улады заявілі вернікам, што ў абмен на падпісанне новай дамовы аб штомесячнай арэнднай плаце на перыяды ад 6 месяцаў да 5 гадоў калі-небудзь у будучыні ім дазволяць ізноў арандаваць гістарычныя будынкі бясплатна.

Паводле праваабаронцаў, з такой праблемай сутыкнуўся касцёл святых Сымона і Алены ў Менску (Чырвоны касцёл), касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы і касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.

Hавiны
Вернікі Чырвонага касцёлу звярнуліся да кіраўніка МЗС з просьбай аб адкрыцці святыні
2023.01.13 14:36

Каталік, які ходзіць у касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, кажа, што парафія мусіць штомесяц на працягу года плаціць арэндную плату за карыстанне святыняй, каб забяспечыць дамову на бясплатнае карыстанне ў будучыні.

«Нам сказалі, што калі мы не падпішам новай дамовы, касцёл аддадуць музею, які будзе спаганяць плату за ўваход, а нам дазволяць там кленчыць раз на тыдзень», – сказаў каталік «Форуму 18».

Мясцовыя ўлады ўсталёўваюць штомесячную арэндную плату, але «Форум 18» не здолеў высветліць, як яны вызначаюць неабходную суму. Акрамя таго, здаецца, не існуе ніякіх пісьмовых гарантыяў таго, што ўлады выканаюць сваё абяцанне і ў будучыні дазволяць вернікам вярнуцца да бясплатнага выкарыстання сваіх гістарычных будынкаў.

«Форум 18» таксама нагадвае, што яшчэ ў 2021 годзе ўлады адабралі будынак у пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» ў Менску. Вяртаць вернікам царкву Менгарвыканкам адмаўляецца.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што Беларуская праваслаўная царква, якая адкрыта падтрымвае рэжым Лукашэнкі, з такімі праблемамі не сутыкаецца.

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў