Сёння павінны цалкам выселіць Чырвоны касцёл. Што адбываецца?


12 кастрычніка завяршыўся тэрмін ультыматуму, выстаўленага рымска-каталіцкай парафіі Святых Сымона і Алены ў Менску, па канчатковым высяленні з касцёлу і парафіяльнага дому.

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

Як паведамляе «Хрысціянская візія», 12 кастрычніка парафію наведалі арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Казімір Велікаселец.

«Мітрапаліт на пенсіі плакаў ад безвыходнасці сітуацыі», – распавялі сведкі гэтай падзеі.

Таксама ў плябаніі (парафіяльным доме побач з касцёлам) прайшла развітальная Імша. Людзей прыйшло больш, чым звычайна – не ўсе ўмясціліся ў памяшканне. Пры гэты каля будынку дзяжурылі прадстаўнікі МУС у цывільным. Пасля Імшы вернікаў папрасілі не збірацца каля касцёлу на малітву. Інфармацыі пра затрыманні няма.

13 кастрычніка ва ўсіх парафіях Меншчыны будуць маліцца за найхутчэйшае вяртанне касцёлу вернікам. А ў 18:30 у менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага імя Панны Марыі, з гэтай нагоды адбудзецца імша, правядзенне якой узначаліць біскуп Юрый Касабуцкі, піша Catholic.by.

Hавiны
Каля Чырвонага касцёлу спрабавалі затрымаць ксяндза Завальнюка. Вернікі звярнуліся ў СК і да Лукашэнкі
2022.10.12 12:09

Нагадаем, 26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады зачынілі бажніцу і не пускалі туды нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, уночы ў МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя «Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв. м. Ніхто не пацярпеў», – заявілі ў ведамстве.

Неўзабаве камісія надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку». У касцёл дагэтуль няма доступу. Прадстаўнікі парафіі просяць дапусціць прадстаўнікоў парафіі да абследавання пашкоджаных канструкцыяў, вопісу маёмасці і стварэння супольнай камісіі для вызначэння нанесенай пажарам шкоды.

Таксама парафіяне звярнуліся ў Следчы камітэт, каб ён падаў інфармацыю па выніках праведзеных следчых дзеянняў адносна інцыдэнту 26 верасня, у выніку якога і быў закрыты касцёл. Апроч таго, накіраваны адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім адзначаецца, што інцыдэнт 26 верасня быў «вынікам неправамоцных дзеянняў нявыяўленых асобаў».

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў