Правал “алімпійскага задання”: Лукашэнка “ўсё ведаў загадзя”


“Вы цямнілі, бегалі, абяцалі 25 медалёў, а я валодаў поўнай інфармацыяй, што ў вас там адбываецца. Мяне аб гэтым інфармавалі ўвесь час. Вы, напэўна, заўважылі, што я ўжо напярэдадні Алімпіяды нават лічбу, колькі медалёў мы заваюем, не называў. Я ведаў, колькі мы заваюем гэтых медалёў, а вы казалі 25”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на Алімпійскім сходзе. Ён раскрытыкаваў Міністэрства спорту і турызму і яго кіраўніка Алега Качана.

“Правалілі перш за ўсё вы, – заявіў Лукашэнка. – Вы сабраліся [на паседжанні калегіі Мінспорту] і парэзалі трэнераў, спартоўцаў, яшчэ кагосьці, паказалі бурную дзейнасць, паздымалі з працы. Добра, калі яны вінаватыя, няма чаго іх шкадаваць. Але адразу трэба думаць пра тое, як жа там пасля гэтага будзе, хто прыйшоў на змену. Але пытанне не ў гэтым. Няпраўда, што ў нас няма людзей, якія дбаюць за развіццё спорту. Няпраўда, што няма адмыслоўцаў. Але ў вас жа там сталыя сваркі”.

Бюджэт для спорту ўрэжуць на траціну?

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік назваў асноўныя памылкі, дапушчаныя пры рыхтаванні да Алімпійскіх гульняў. Гэта, у прыватнасці, адсутнасць удумлівага і адначасова жорсткага сістэмнага кантролю і ўплыву на трэнінгавы працэс з боку Міністэрства спорту і турызму, дырэктарату нацыянальных камандаў, пралікі ў псіхалагічным рыхтаванні спартоўцаў і трэнераў, а таксама “сваркі і канфлікты, якія пры патуранні Мінспорту і кіраўніцтва федэрацыі выліліся цераз край напярэдадні Алімпіяды ў Федэрацыі лёгкай атлетыкі”.

“Шэраг спартоўцаў, у прыватнасці, барцы, баксёры, пераацанілі свае магчымасці, мяркуючы, што на дыване, памосце будуць за іх змагацца іхныя тытулы, а не яны самі. І не толькі ў гэтых відах, але і ў іншых мы неяк вызначаліся залішнім спакоем: ну не атрымалася і няхай”, – лічыць Тозік.

На думку віцэ-прэм’ера, наспела неадкладная неабходнасць правесці глыбокую сістэмную рэвізію ўсёй спартовай галіны: “Паводле маіх разлікаў, да адной траціны сродкаў, што туды накіроўваюцца, выдаткоўваюцца дарма. Трэба прыбраць лішнія структуры, аптымізаваць патрэбныя. Усё мусіць быць дакладна структураванае, празрыстае, зразумелае”.

Кіраўнік Мінспорту Алег Качан заявіў, што Лонданская алімпіяда стала для яго добрым урокам. “Сёння ёсць дакладнае разуменне, куды рухацца далей, як выпраўляць сітуацыю. Ёсць каманда адмыслоўцаў-аднадумцаў, нацэленых на напружаную працу дзеля выканання пастаўленых прэзідэнтам задачаў”, – сказаў Качан.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары