Споўнілася 8 гадоў з дня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай


Жанчына трагічна загінула 20 кастрычніка 2004 года ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс журналістцы больш за 40 нажавых удараў.{movie}Успаміны пра Вераніку Чаркасаву: Яна была вельмі добрым чалавекам|left|7033{/movie}

Вераніка Чаркасава пісала на розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя, аднак следства першапачаткова лічыла, што забойства адбылося на побытавай глебе. Падазраванымі былі 15-гадовы сын журналісткі ды ейны айчым. У красавіку 2005 года падазрэнне з іх знялі. Калегі Чаркасавай лічаць, што забойства з вялікаю доляю верагоднасці магло быць звязанае з прафесійнаю дзейнасцю.

У прыватнасці, прадстаўнікі творчай майстэрні “Агенцтва журналісцкіх расследаванняў” пры БАЖ выказалі версію, што Чаркасаву маглі ўцягнуць у вайну паміж дзвюма кланавымі групоўкамі, якія імкнуліся ўсталяваць кантроль над гомельскім віназаводам. Журналістка, на іхную думку, магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з варагоўных бакоў стратаю буйной сумы грошай.

Прагучала яшчэ адна версія забойства, у ёй фігураваў былы “Інфабанк” (цяпер “Трастбанк”) і тэма продажу зброі Іраку.

Два дні таму ў кватэру, дзе жыве маці ды айчым забітай, спрабавалі ўварвацца двое невядомых. Незнаёмцы спачатку настойліва званілі, а потым каля гадзіны грукалі ды тузалі клямку дзвярэй кватэры.

Адчыняць і размаўляць з візіцёрамі сваякі Веранікі Чаркасавай не наважыліся. Але яны палічылі, што спроба ўварвацца ў кватэру звязаная з набліжэннем гадавіны забойства.

Паводле інфармацыі Следчага камітэту Беларусі, крымінальную справу аб забойстве журналісткі прыпынілі, аднак аператыўна-вышуковыя захады працягваюцца.

belsat.eu
https://youtu.be/player_embedded&v

Глядзі таксама
Каментары