У Менску рабочыя патрабавалі скасаваць кантракты і спыніць рост коштаў


Пікет Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) цягнуўся ўсяго 40 хвілінаў замест заяўленых трох гадзінаў. Нягледзячы на дазвол сталічных уладаў, акцыі перашкодзіла міліцыя.

Некалькі дзясяткаў актывістаў прафсаюзу РЭП сталі ў шэраг на ходніку па вул. М. Багдановіча. Сярод удзельнікаў былі працаўнікі з Бабруйску, Магілёва, Берасця, Гомля і Наваполацку.
Фота belsat.euФота belsat.eu

Прыкладна праз 40 хвілінаў пасля пачатку акцыі міліцыя запатрабавала ў пікетоўцаў перайсці ў глыб парку Дружбы народаў, на сцэнічную пляцоўку. Старшыня прафсаюзу працоўных РЭП Генадзь Фядыніч абурыўся, што ўлады санкцыянавалі пікет менавіта на ходніку, але вырашыў на канфлікт не ісці.

«Прыйшлі прадстаўнікі ўлады – убачылі, што нас не пяць чалавек, – патлумачыў Фядыніч «Белсату». – Патэлефанавалі зверху, загадалі перасунуць нас туды. Ну а тут чаго мы будзем стаяць? Хай яны самі тут сядзяць. Раз улада нас заштурхнула сюды, я лічу, што пікет удаўся. Калі б мы нікога не цікавілі, нас ніхто не крануў бы. А так не падабаюцца ім нашы лозунгі».

Старшыня суполкі прафсаюзу на Лукомскай ДРЭС Аляксей Гарбыель прыйшоў на пікет у рабочай форме. Сабе на шыю на ланцугу ён павесіў таблічкі з надпісамі: «Кантракт», «Армія», «КДБ», «МУС», «МНС». Аляксей Гарбыель. фота belsat.euАляксей Гарбыель. фота belsat.eu

«Я выступаю за тое, каб рабочы, які корміць усіх, сам быў сыты, – патлумачыў «Белсату» Аляксей Гарбыель. – Я наглядна хачу паказаць, што рабочы трымае на сабе: армія, КДБ, МУС ды іншыя. Гэтыя бюджэтнікі атрымоўваюць даволі добры заробак, а сам рабочы, які корміць усіх, застаецца галодны. Я хацеў бы звярнуцца да Міхаіла Мясніковіча. Паважаны Міхаіл Уладзіміравіч, дзе нашае мармуровае мяса? Чаму яго няма ў нашых завадскіх сталоўках?»

Перайшоўшы на бязлюдную сцэну парку, пікетоўцы спынілі сваю акцыю і разышліся.

Таксама сёння сябры Свабоднага прафсаюзу металістаў правялі пікет у сталічным парку імя 50-годдзя Кастрычніка. Там санкцыянаваная ўладамі акцыя прайшла без перашкодаў з боку сілавых структураў.

На 7 кастрычніка ў сусветным календары прыпадае дзень дзеянняў «За годную працу». Гэтая дата адзначаецца з 2008 г. з ініцыятывы Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. 7 кастрычніка ў сотнях краінаў свету рабочыя прафсаюзы праводзяць мітынгі і шэсці, патрабуючы годных умоваў працы. Фота belsat.euФота belsat.eu

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары