Алесю Бяляцкаму – 50 гадоў! Віншуюць калегі ды сябры


{movie}Сябры і калегі віншуюць Бяляцкага|left|6535{/movie}Свой юбілей вядомы праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” сустракае ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйску.

Калега і сяброўка Алеся Бяляцкага Таццяна Равяка на мінулым тыдні атрымала ад яго ліст. “Ліст больш філасофскі, пра жыццё і выпрабаванні, якія нам даводзіцца пераадольваць”, – сказала праваабаронца.

Паводле яе, асуджаны мала піша пра сябе і ўмовы ўтрымання. Вядома, што ён па-ранейшаму пакуе швейныя вырабы. “Алесь напісаў, што запакоўвае пагоны для навучэнцаў кадэцкай вучэльні, і на кожным пагоне напісана: “КУ”. Вось ён і жартуе, што кадэты ў нас “ку-ку”, – сказала Равяка.

Для ўсіх калегаў Алеся Бяляцкага ягоны юбілей – асаблівае свята. “Гэта радасная падзея, якая азмрочваецца тым, што Алесь будзе сустракаць яе не з сям’ёй, не з сябрамі ды не так, як хацеў бы. Вядома, гэта праблема, якая дагэтуль не вырашаная, але ў любым выпадку мы збяромся, запросім сяброў Алеся і адзначым ягоны юбілей. Нягледзячы ні на што для нас гэта застаецца святам, і мы спадзяемся, што Алесь гэта адчуе”, – падкрэсліла Таццяна Равяка.

Журналіст і праваабаронца Сяржук Сыс ведае Бяляцкага ўжо 33 гады.

“Ён для мяне як родны брат, у мяне брата ніколі не было – толькі сёстры. А ён заўсёды для мяне быў “свой у дошку”. Ён быў сведкам на абодвух маіх вяселлях, і пасля другога ён мне сказаў: “Сыс, ты ўжо трэці раз не жаніся, бо я ж не вытрымаю”. Алесь – найлепшы сябар майго жыцця”, – кажа Сяржук Сыс.

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч называе Бяляцкага найлепшым, з кім яму выпала працаваць.

“Я вельмі цешуся, што мы з ім аднадумцы і паплечнікі. І для мяне вельмі важна, каб ён за кратамі быў спакойны за нас, і каб ведаў, што гэтую вельмі істотную для яго працу мы выконваем далей. Ён не проста кіраўнік “Вясны”, ён сябра кожнага з нас. Мы ўпэўненыя, што ён з годнасцю праходзіць гэтыя выпрабаванні і ўжо вельмі хутка вернецца да нас”, – кажа праваабаронца.

Рэдакцыя “Белсату” далучаецца да віншаванняў выбітнаму беларусу і зычыць наступны дзень нараджэння сустрэць у коле сям’і ды сяброў.

Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 г. у Карэліі (Расея). У 1984 г. скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “беларуская і расейская філалогія”, у 1989 г. – аспірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук БССР. Працаваў настаўнікам, навуковым працаўніком, дырэктарам Літаратурнага музею Максіма Багдановіча (Менск). У 1990–1995 гг. быў дэпутатам Менскага гарсавету. У 1996 г. стварыў праваабарончую арганізацыю “Вясна-96”, у наступным – “Вясна”. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня 2011 г. і абвінавачаны ў хаванні даходаў у асабліва буйным памеры. У лістападзе 2011 г. суд прыгаварыў яго да 4 з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі факту, што грошы, якія паступаюць на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць банкаўскі рахунак у Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо цэнтр “Вясна” быў закрыты ўладамі, спробы зарэгістраваць новую праваабарончую арганізацыю пацярпелі крах.

Суд не ўзяў пад увагу і таго, што страты, якія паводле версіі абвінавачання нанес Бяляцкі, былі цалкам вернутыя коштам добраахвотных ахвяраванняў беларускіх грамадзянаў.

Арышт Бяляцкага меў шырокі міжнародны рэзананс. Ён абвешчаны вязнем сумлення, ягонага вызвалення патрабуе міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўразвязу і ЗША.

У сярэдзіне верасня стала вядома, што Бяляцкі намінаваны на прэмію Еўрапарламенту імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Ініцыятарам вылучэння Бяляцкага на атрыманне прэміі выступіў польскі дэпутат Яцэк Сар’юш-Вольскі, яго падтрымалі яшчэ 82 еўрапейскія парламентары.

Прэмія Сахарава заснаваная Еўрапарламентам у 1988 г. Яна прысуджаецца людзям і арганізацыям, якія прысвячаюць сваё жыццё і дзейнасць абароне правоў чалавека і свабодаў – найперш свабоды слова.

belsat.eu

Стужка навінаў