Колькасць ахвяраў землятрусу ў Марока працягвае расці


Колькасць загінулых у выніку землятрусу ў Марока перавысіла 2100 чалавек. Імаверна, гэтая лічба таксама не канчатковая.

«Reuters» паведамляе, што, паводле звестак на вечар 10 верасня, ахвярамі землятрусу сталі 2122 чалавек. Яшчэ 2412 атрымалі раненні.

Людзі вымушаны ночыць пад адкрытым небам, у іх не хапае ежы і вады.  У Мулай Брахіме, вёсцы за 40 км на поўдзень ад Марракеша, мясцовыя жыхары расказалі журналістам, што яны былі вымушаны выкопваць трупы з-пад завалаў голымі рукамі.

Пошукі зніклых працягваюцца. Праца ратавальнікаў і гуманітарных работнікаў ускладняецца тым, што некаторыя разбураныя вёскі знаходзяцца ў ізаляваных горных раёных, да якіх цяжка дабрацца.

Урад Марока заявіў, што прымае тэрміновыя меры для ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедства, уключаючы ўзмацненне пошукава-выратавальных каманд, забеспячэнне пітной вадой і раздачу ежы, намётаў і коўдраў. У краіне абвешчана трохдзённая жалоба.

Нагадаем, ноччу 9 верасня ў Марока адбыўся землятрус магнітудай 6,8. Эпіцэнтр знаходзіўся ў Атласкіх гарах, прыкладна ў 70 кіламетрах на паўднёвы захад ад Маракеша, які з’яўляецца турыстычным цэнтрам. У старой частцы горада, уключанага ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, былі разбураныя некалькі будынкаў, у прыватнасці, пацярпеў мінарэт мячэці.

Гэты землятрус лічыцца наймагутнейшым у Марока з 1960 года.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў