У ЕГУ пракаментавалі магчымае прызнанне іх «экстрэмістамі»


Прапагандыст Ігар Тур анансаваў прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту «экстрэмісцкай арганізацыяй». У адказ рэктар ЕГУ Кшыштаф Рыбіньскі даў афіцыйны адказ наконт фінансавання ВНУ і магчымага прызнання студэнтаў і выкладчыкаў «экстрэмістамі», піша «Новы час».

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт ў Вільні, Літва.
Фота: ehuofficial / Instagram

Кшыштаф Рыбіньскі адзначыў, што вышэйшая навучальная ўстанова цяпер фінансава стабільная і нядаўна атрымала дадатковую падтрымку ад Еўразвязу на суму больш за 4 мільёны еўраў. Фундатары гарантуюць забеспячэнне плаўнага функцыянавання ЕГУ ў будучыні.

«Кіраўніцтва ўніверсітэту ўзаемадзейнічае і супрацоўнічае з рознымі няўрадавымі арганізацыямі, уключаючы прадстаўнікоў офісу Святланы Ціханоўскай, але гэта ніякім чынам не азначае, што ўніверсітэт як-небудзь юрыдычна ці фінансава становіцца залежным ад палітычных аб’яднанняў», – сказаў ён.

Рыбіньскі падкрэсліў, што любыя сцвярджэнні аб палітызацыі дзейнасці ўніверсітэту або абвінавачанні ў тым, што адміністрацыя ўгаворвае студэнтаў удзельнічаць у палітычных дзеяннях, ёсць недакладнай інфармацыяй, як і іншая хлусня ў праграме прапагандыста Ігара Тура.

Раней студэнтка ЕГУ расказвала «Новаму часу», што на беларускай мяжы яна сутыкнулася з дадатковай праверкай з-за студэнцкай візы і вучобы ў гэтым універсітэце.

«Калі яны даведаліся, што я студэнтка ЕГУ, мяне пачалі дапытваць, ці маеце вы адносіны са Святланай Ціханоўскай, ці здымаецеся вы з ёй разам у відэа. Пачалі шукаць у кантактах яе нумар, падрабязна распытвалі, якіх журналістаў я ведаю, ці здымаю я якія-небудзь тык-токі апазіцыйныя, у такім духу», – распавяла дзяўчына.

Нагадаем, 8 студзеня прапагандыст Ігар Тур у эфіры тэлеканалу АНТ заявіў, што прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту экстрэмісцкай арганізацыяй – пытанне часу. На ягоную думку, ЕГУ «даўно перастаў быць ВНУ, а стаў проста дэструктыўнай НКА». Тур лічыць, што ЕГУ імкнецца да калабарацыі з Офісам Святланы Ціханоўскай, каб атрымліваць ад яго грошы.

Hавiны
Улады Беларусі могуць прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт экстрэмісцкай арганізацыяй
2024.01.09 09:04

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў