На ўсё воля Бога. Але давайце верыць, што і нашая з вамі!

Падчас святаў часцей задумваешся пра веравызнанне і справы рэлігійныя. Так, я праваслаўны, і шчыра ганаруся гэтым. Нават нягледзячы на тое, як перафарматавалася царква ў наш час пад ціскам таталітарных рэжымаў. Але тым больш ахвоты ачышчаць яе ад такіх паняццяў, як «гундзяеўшчына» ці «веніямінаўшчына», паводле імёнаў кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы і прызначанага ёю патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.

ксёндз Вячеслав Борок, месса, верующие, католики, костёл Святого Александра, Станислав Шушкевич, Варшава, Польша
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У варшаўскім касцёле Святога Аляксандра адбылася святая імша за былога старшыню Вярхоўнай Рады і першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. На здымку – ксёндз Вячаслаў Барок. Варшава, Польшча. 8 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Хаця, прызнаюся, даў слабіну: ужо падумваў перайсці ў іншую, больш цывілізаваную ў гэтым сэнсе веру – каталіцкую.

Імкненне ўзмацнілася, калі пераехаў у Польшчу. Тут жа пазнаёміўся і з расонскім ксяндзом Вячаславам Барком. Ён запрасіў на імшу. Ведаеце, вельмі спадабалася. Неяк у царкве ўсё больш строга, святары нават злуюць часам, а ў касцёле атмасфера падалася шчырай. У асабістай размове спадар Вячаслаў вельмі адкрыты і зычлівы.

Але чым у роднай Беларусі адрозніваецца Царква ад Касцёлу? Абедзве ўстановы пад цяжкім ботам лукашызму.

Ёсць такі праўладны біскуп Алег Буткевіч, які абмежаваў Вячаслава Барка ў словах і дзеяннях пад пагрозай пазбаўлення магчымасці служыць. Здаецца, дзе той Буткевіч і чаму трэба яго баяцца, але, паводле іерархіі, так павінна быць. Епіскап вышэйшы за святара. Нават калі той біскуп і служыць перш за ўсё зямным уладам, а не нябеснаму Цару.

На жаль, у наш час вера ў Расеі і Беларусі шчыльна пераплялася з палітыкай.

Пуціна і Лукашэнку (якія маюць асабістыя прыходы і духоўнікаў) нават пускаюць у царкву. Пуцін бессаромна накладае на сябе крыж, Лукашэнка, праўда, і гэтаму яшчэ не навучыўся, але абодва ставяць свечкі, а перад гэтым ці пазней ідуць прыніжаць чалавечы гонар альбо ўвогуле забіваць.

Менавіта з-за дзеянняў і такіх ілжэвернікаў у цэрквах у гэтыя дні гучаць малітвы за хутчэйшае сканчэнне найбольш абуральных і незразумелых сёння войнаў, ва Украіне і на Блізкім Усходзе. Толькі ёсць войны, дзе не страляюць, а людзі ўсё роўна гінуць. Напрыклад, у Беларусі.

На жаль, я не пачуў заклікаў маліцца за спыненне гвалту ў Беларусі, а гэта для нас сёння – найвялікшы боль.

У праваслаўных малітоўніках ёсць тэксты, здаецца, узаемавыключальныя.

У лонданскім выданні малітоўніка «Госпаду памолімся», укладзенага і перакладзенага айцом Аляксандрам Надсанам з Гарадзеі, чытаем: «Збаў, Госпадзе, тых, хто цярпіць пераслед і зняволенне за Цябе і за веру святую, наведай іх, умацуй, суцеш, і хутка сілаю Тваёю палёгку, свабоду і вызваленне дай ім».

Ёсць там і вялікая «Малітва за Беларусь» айца Льва Гарошкі. А ў выданні Фундацыі «Лютэранская спадчына» 2004 года выйшаў пераклад на беларускую мову пастара Мікалая Бадрусёва, дзе ёсць і шырока распаўсюджаная ў праваслаўных малітва за ўладу. У прадмове епіскап Вячаслаў Гарпынчук, віцэ-прэзідэнт фонду «Лютэранскай спадчыны» ва Украіне, Беларусі, Малдове і Грузіі, піша, што ў выданне ўнесеныя некаторыя змяненні, якія выкліканыя беларускімі рэаліямі. Напрыклад у падраздзеле «Малітвы, што датычаць нацыянальнага і міжнароднага жыцця», паміж малітвамі «За мір» і «За народ» змясціліся малітвы «За ўрад» і «За прэзідэнта Беларусі».

З якой мэтаю мы чуем падчас службаў заклікі згадваць улады? Мала таго, што шмат хто з тых, хто ўладу захапіў, здабылі пасады праз хлусню, дык яшчэ і вялікая частка з іх бязбожнікі – паводле сваіх словаў і ўчынкаў.

У інтэрнэце шмат тлумачэнняў падобнаму. Адно з іх гучыць так: «Задамо сабе пытанне: за каго больш старанна моляцца – за здаровага або цяжка хворага? А калі цяжка хворы той, ад каго залежыць нашае жыццё, маральнасць? Адказ відавочны. Малітва – не аналаг воклічаў на дэманстрацыі, не выказванне ўхвалы акупантам, а просьба да Бога абразуміць іх, зрабіць сумленнейшымі, больш справядлівымі і міласэрнымі. Каб яны ў ідэале зрабіліся хрысціянамі. Молячыся за ўладу, мы ў значнай ступені молімся за сябе – аб дабрабыце народу».

Шчыра кажучы, вельмі слаба ўяўляецца, што калі больш маліцца за ўлады Беларусі, то яны нарэшце схамянуцца.

Таму нават і памкнення няма згадваць іх – а пагатоў маліцца. Лепш, адзначаючы светлыя хрысціянскія святы, давайце кожны сам памоліцца за хутчэйшае знішчэнне самадзержцаў і іхных рэжымаў, каб ніколі яны больш не ўзнікалі на зямлі. Памолімся за наданне вялізных сілаў тым, хто пакутуе ў турмах, дзе траціць здароўе, але не годнасць, якая ў кагосьці цьмее, у кагосьці ўзмацняецца, але жыве! Як кажуць, на ўсё воля Бога. Але давайце шчыра верыць, што і нас з вамі!

Меркаванні
З вераю і надзеяй. Толькі яны застаюцца тым, хто чакае вялікіх пераменаў
2023.12.28 19:03

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў