У Менску маладую маці-адзіночку будуць судзіць па трох палітычных артыкулах


15 траўня ў Менскім гарадскім судзе пачнуць разглядаць справу 33-гадовай Кацярыны Шаблінскай-Івановай. Мінімальнае пакаранне па артыкулах, па якіх абвінавачваюць жанчыну – чатыры гады калоніі. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Кацярына Шаблінская-Іванова.
Фота: viasna96 / Telegram

Паводле выдання, Кацярыне Шаблінскай-Івановай 33 гады. Пасля школы яна скончыла Менскі дзяржаўны каледж кулінарыі.

У 2015-м Кацярына сустрэла свайго былога мужа, увосень 2017-га ў сям’і нарадзілася дзіця. Але праз два гады пара разышлася – у мужчыны цяпер новыя адносіны. Хлопчыку цяпер шэсць гадоў. Невядома, з кім ён жыве.

Старонкі ў сацыяльных сетках дзяўчыны выглядаюць як тыповыя для маладой маці. Рэпосты мемаў з «Аднакласнікаў» і розных цытатаў, парады для маці, рэцэпты і безліч фота сына ды ягоных дасягненняў.

Апошняя публікацыя ў сацсетках Кацярыны – гэта віншаванне сына з 1 верасня 2023. У гэты дзень ён пайшоў у апошні год дзіцячага садку. Пасля гэтага жанчына не была онлайн. Імаверна, яна была затрыманая ў гэты час, зазначае «Наша Ніва».

Жанчыне інкрымінаваныя тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 («Распальванне варожасці або варажнечы»), ч. 1 арт. 342 («Удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў») і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў або іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды дзяржаве»).

Па апошнім, самым цяжкім, ёй пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі, а іншыя віды пакарання не прадугледжаныя.

Hавiны
Сілавікі затрымалі беларуса за тое, што ён пісаў вершы «з негатыўным зместам»
2024.04.19 14:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў