З вераю і надзеяй. Толькі яны застаюцца тым, хто чакае вялікіх пераменаў

Свет адзначыў Раство Хрыстова паводле Грыгарыянскага календару. Свае святочныя пажаданні выказвалі вернікі адзін аднаму, святары – прыхаджанам, палітыкі – свайму электарату. Многа слоў пра святкаванне гучала нават ад уладаў Беларусі, якія не вылучаюцца павагай да католікаў, ды і вернікаў у цэлым, калі тыя не згодныя ў нечым з дзяржаўнымі ўстаноўкамі. Наколькі шчырыя віншаванні і ці сапраўды царква не можа нічым дапамагчы тым, хто пакутуе, акрамя таго, каб за іх памаліцца…

Католики празднуют Рождество Христово в Красном костёле в Минске, Костёл святого Симеона и святой Елены, богослужение
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Раство Хрыстова адзначаюць каталікі, уніяты, пратэстанты. У касцёлах па ўсёй краіне праходзяць святочныя службы. На здымку – каталікі святкуюць Божае нараджэнне ў Чырвоным касцёле. Менск, Беларусь. 25 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

«Дзева нарадзіла Надпрыроднага, зямля пячору недаступнаму прыносіць, анёлы з пастушкамі ў песнях яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася дзіцятка малое – спрадвечны Бог!» – гаворыцца ў віншаванні Апостальскага Адміністратара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея (Гаека).

Маліцеся, і будзьце цярплівымі – заклікаюць каталіцкія, грэка-каталіцкія, рыма-каталіцкія і пратэстанцкія святары па ўсім свеце. Беларусы ганарацца, што сёлета Папа Рымскі Францішак ажно двойчы ўзгадваў пра нашую краіну. Праўда, не ў святле заклікання ўладаў да замірэння грамадства і спынення палітычных рэпрэсій.

Hавiны
Папа Рымскі перадаў вітанні беларусам: «Малюся за вас, і вы маліцеся за мяне»
2023.10.14 19:21

Першы раз, 11 студзеня, пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі прысвяціў некалькі хвілінаў малітве за Украіну перад копіяй абраза Маці Божай Жыровіцкай у Рыме, пазначыўшы, што гэтая ікона «ушаноўваецца і ў Беларусі». Другі раз 13 кастрычніка, калі яго асабіста папрасіў штосьці сказаць для беларусаў нарадзінец Смаргоні, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі, які браў удзел у Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў. Папа вымавіў наступнае: «Няхай Пан шчодра блаславіць вас. Малюся за вас, за ўсю Беларусь і вы маліцеся за мяне».

Напярэдадні сёлетніх Калядаў ува ўсім свеце, зразумела, маліліся за спыненне войнаў. Ледзь не найпершы клопат – за мір і спакой ва Украіне. Беларусь жа не бачыцца праблемнай. Высокадухоўны пратакол не прадугледжвае нотаў пратэсту, санкцый, каб абараніць вернікаў. Маліцеся, і будзьце цярплівымі ўсцяж даносіцца з Ватыкану.

Сёлета з прадстаўніком беларускіх уладаў (міністрам замежных справаў Сяргеем Алейнікам) сустракаліся два пасланнікі Ватыкану.

На мяжы чэрвеня-ліпеня на ўрачыстасці, прымеркаваныя да 25-гадовага юбілею каранацыі цудадзейнага абразу Маці Божай Будслаўскай прыязджаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Яго Папа прызначыў сваім Спецыяльным пасланнікам на будслаўскім мерапрыемстве. У лістападзе з тым жа Алейнікам меў гутарку іншы пасланнік Ватыкану – апостальскі Нунцый Архіепіскап Антэ Ёзіч. Паведамлялася, што «адбыўся абмен меркаваннямі па міжнароднай сітуацыі, у тым ліку высілкаў па ўрэгуляванні рэгіянальных канфліктаў. Таксама ў прэс-рэлізе МЗС ужылі стандартнае: «бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам». Але якім павіннае быць гэтае «супрацоўніцтва», калі яно каторы год не прыносіць зменаў у краіне, не паведамлялася.

Аналітыка
Пры ператрусе ксяндзоў білі, застаўся сіняк. Што вядома пра рэйд у менскую архікатэдру
2023.07.21 17:33

Яшчэ 22 жніўня 2020 года Аляксандр Лукашэнка на мітынгу ў Горадні выступаў з рэзкай крытыкай у адрас святароў беларускіх канфесіяў, якія асуджалі гвалт супраць мірных грамадзянаў.

«Пасталейце і займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінныя прыходзіць маліцца. Цэрквы, касцёлы не для палітыкі. Не вядзіцеся на правакацыі адшчапенцаў».

Лукашэнка ўзяў на сябе і ролю суддзі, выказаўшы ўпэўненасць, што святарам будзе потым сорамна за тое, якую яны пазіцыю займаюць зараз. І прыгразіў: «Дзяржава абыякава на гэта глядзець не будзе».

Свой намер ён далей увасабляе з усё большай жорсткасцю і нянавісцю да апанентаў. Павялічваецца колькасць затрыманняў, робяцца напады на святыні, іх зачыняюць, а самі святары і вернікі атрымліваюць тэрміны за нейкія «лайкі» і пасты. І ўсё гэта пад лічынаю пагрозы і ўплыву нейкіх міфічных замежных ворагаў. «Справа не ў Лукашэнку, – казаў у Горадні правадыр, – але калі б не было Лукашэнкі, то… нас паламалі б, пакрышылі б і выплюнулі б…».

Сёлета нават змусілі парламентарыяў да істотных паправак у Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях (прыняты ў 2002 годзе), у якім, акрамя абавязковых перарэгістрацыяў пастарскіх арганізацыяў і непазбежнага скарачэння іх, прадугледжваецца нават пільны кантроль за нядзельнымі школкамі (паіменны спіс усіх дзяцей і вялікая ўвага да таго, чаму іх навучаюць. Асабліва, да польскай мовы). Істотныя змяненні ў Законе прайшлі два чытанні і прыняцце паправак чакаецца з дня на дзень.

Вы не лезьце ў палітыку, заклікаў Лукашэнка, проста маліцеся. Але гэта зусім не абмяжоўвае дзяржаву гвалтоўна ўмешвацца ў справы веры.

Так нядаўна за святароў узялася начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава, якая ў 2020 годзе служыла прэс-сакратаром Міністэрства ўнутраных справаў. На сходзе духавенства Менскай епархіі ў гатэлі «Беларусь» яна наўпрост пагражала «ідэалагічна чужым» дзяржаўнай ідэалогіі святарам непазбежнай турмою. Паводле чыноўніцы, органы правялі маніторынг больш чым 500 рэлігійных абшчынаў, і не дапусцілі тым самым распаўсюду вялікай колькасці «экстрэмісцкай літаратуры», а таксама высветлілі «жудасную крамолу», што ў храмах моляцца аб перамозе Украіны ў вайне супраць Расеі. Чамаданава патрабавала «прывесці ў парадак» прыходскія сайты, за кантэнтам якіх сочаць безперапынна.

За Беларусь заступаюцца грамадзяне іншых краінаў (спікерка Сэйму Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн сёлета распавядала Папу Францішку пра беларускіх палітзняволеных), і самыя беларусы прарываюцца ў Ватыкан (як гэта ўдалося жонцы палітзняволенага Алеся Бяляцкага Наталлі Пінчук), каб данесці невырашальныя і ўжо невыносныя праблемы ў беларускім грамадстве, у тым ліку і з вернікамі. Але нічога не змяняецца. А як можа паўплываць на гэта Ватыкан? Ён не мае палітычных інструментаў і стратэгіяў, каб прыпыніць увесь гэты хаос. Хіба, напэўна, больш строгімі і настойлівымі маглі бы быць заявы ў адносінах да Беларусі.

Тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» стала абнаўляе спіс рэпрэсаваных беларускіх вернікаў. Па стане на 13 снежня ў ім было 19 прадстаўнікоў праваслаўя, 25 – Рымска-Каталіцкай царквы, пяцёра грэка-каталікоў ды 22 Евангельскіх хрысціяніны. Гэтыя лічбы павялічваюцца. І нічога нельга зрабіць. Жыць, хіба, у сваім свеце і чакаць.

«У нас сёлета няма ўтульных здымкаў са святкавання Раства. Францішак расхварэўся як раз на святы», – напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбук Вольга Севярынец, жонка палітвязня, хрысціянскага дэмакрата Паўла Севярынца, які 30 снежня за кратамі адзначыць сваё 47-годдзе.

Добра, што любоў Бога не залежыць ад абставінаў і падзеяў. Дзе б мы ні былі, Бог заўсёды блізка. Ад усяго сэрца жадаю вам адчуваць супакой і мір, нават, калі навокал бура, штодзень знаходзіць радасць у жыцці і быць удзячнымі».

Верная спадарожніца жыцця яшчэ аднаго палітвязня – Дзяніса ІвашынаВольга павіншавала суайчыннікаў так:

«Пакуль мы чакаем ад Дзяніса віншавальныя лісты і паштоўкі да Раства Хрыстова і Новага года, жывем з надзеяй і жаданнем, каб у гэты цудоўны калядны час Божага Нараджэння ў вашых душах нарадзілася наймацнейшае, найяскравейшае і найпрыемнейшае пачуццё бязмежнае Любові да Бога і створанага ім свету, да вашых родных, сваякоў і нават ворагаў (у хрысціянскім разуменні любові, безумоўна!).

Хай сэрцы напаўняюцца радасцю нараджэння новай надзеі на вызваленне, а мускулы наліваюцца да праведнага дзеяння і сілаю, каб яго ажыццявіць!».

Праўда вашая, Вольга! Жывем надзеяй і верай! На тым і трымаемся ў гэтыя дні таемнасці, Боскай ласкі і ўвагі!

Агляд
Рэпрэсіі, самацэнзура і «закон». Якім быў 2023 год для беларускіх вернікаў і чаго чакаць у 2024-м
2023.12.24 07:02

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў