Трывае працэс над вясноўцамі. Суддзя не задаволіла хадайніцтваў падсудных


У судзе Ленінскага раёну Менску 10 студзеня працягнуўся  разгляд справы супраць праваабаронцаў «Вясны». У пачатку паседжання падсудныя заявілі хадайніцтвы, але суддзя не задаволіла іх, паведамляе крыніца «Белсату».

Суд у «справе праваабарончага цэнтру «Вясна». На здымку (злева направа) – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2023 года.
Фота: belta.by

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч у пачатку паседжання заявіў хадайніцтва аб пераносе суда ў сувязі са станам здароўя. Лабковіч паведаміў, што ў яго высокая тэмпература, але перад этапаваннем на суд дзяжурны доктар не праверыў стану здароўя падсуднага, як таго патрабуе інструкцыя. Паводле праваабаронцы, у камеры, дзе яго трымаюць, цяпер 15 чалавек, дзевяць з якіх цяпер хварэюць. На сённяшнім працэсе заўважна, што і захварэлы Уладзімір Лабковіч, і ягоныя паплечнікі выглядаюць стомленымі.

Суддзя абвясціла перапынак на час правярання інфармацыі, а пасля яго заявіла, што не задаволіла хадайніцтва, бо Уладзімір Лабковіч можа быць на судзе і браць удзел у працэсе.

Пасля ўзнаўлення паседжання старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч таксама заявілі хадайніцтва, каб  падчас разгляду справы кайданкі былі знятыя: гэтая мера ёсць парушэннем і супярэчыць прынцыпам гуманнасці і прэзумпцыі невінаватасці. Праваабаронцы зазначылі, што ім не здымаюць кайданкоў, яны нават сілкуюцца з імі. «Нас трымаюць, як мядзведзяў у клетцы, дык яшчэ і кайданкі, якія прыніжаюць нас як фізічна, так і маральна», – заявіў Алесь Бяляцкі.

На гэта суддзя заявіла, што наконт кайданкоў суд прыняць рашэння не можа, бо толькі канвой развязвае гэтае пытанне.

У выніку Валянцін Стэфановіч заявіў адвод усяму складу суда.

Працэс над праваабаронцамі цэнтру «Вясна» пачаўся 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску. На лаве падсудных – старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» і нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Сябра рады ПЦ «Вясна» Змітра Салаўёва судзяць дыстанцыйна, бо той цяпер за межамі Беларусі. Працэс адкрыты. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік.

Абноўлена
«Вясна» за кратамі: у Менску судзяць праваабаронцаў, сярод якіх – нобэлеўскі лаўрэат
2023.01.05 12:12

 

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў