Палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку адправілі этапам з СІЗА ў папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на жонку Паўла Ірыну Чарняўку.
У якой калоніі будзе адбываць прысуд журналіст, пакуль невядома. Як невядомы і тэрмін, колькі будзе доўжыцца этап. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.
17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч, асуджаных на зняволенне паводле абвінавачання ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Абаіх сёлета 26 ліпеня Гарадзенскі абласны суд пакараў 6 гадамі калоніі, Паўла – ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вярхоўны Суд Беларусі пакінуў вырак у сіле.
Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Горадні пасля таго, як ён прыехаў з Польшчы. У кватэры журналіста і ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы. Мажэйку інкрымінавалі «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ).
Паводле следства, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асобаў следства не высветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі.
Справу журналіста і адвакаткі ў Гарадзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў. Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Павел Каршуновіч падтрымаў вырак.
Станам на 9 лістапада 2023 года за кратамі ў Беларусі застаюцца 33 журналісты і працаўнікі медыяў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu