Дырэктару Нацыянальнага мастацкага музею Уладзіміру Пракапцову не працягнулі кантракту


Міністэрства культуры не працягнула кантракту шматгадоваму дырэктару Нацыянальнага мастацкага музею Уладзіміру Пракапцову. Ён дапрацоўвае апошнія дні і на наступным тыдні развітаецца з калектывам, паведаміла Reform.by крыніца з культурніцкіх колаў.

Уладзімір Пракапцоў.
Фота: sb.by

Генеральнаму дырэктару Нацыянальнага мастацкага ў жніўні спаўняецца 70 гадоў, таму афіцыйнай прычынаю непрацягнення кантракту стаў паважаны век.

Уладзімір Пракапцоў займаў пасаду кіраўніка Нацыянальнага мастацкага музею 25 гадоў. Ягоным вядомым праектам стала стварэнне музейнага кварталу, якога прыйшлося дабівацца дзесяцігоддзямі. А ў 2021 годзе на вуліцы Карла Маркса быў адкрыты новы корпус Нацыянальнага мастацкага, а ў корпусе на Кірава ў новых умовах запрацавалі майстэрні рэстаўратараў, навуковая бібліятэка і фондасховішча. Таксама ён планаваў заняцца ўнутраным аднаўленнем галоўных будынкаў музею.

Нагадаем, што ў снежні мінулага года кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музею пастанавіла звольніць з установы адразу 18 асобаў. Меркаванай прычынаю масавага звальнення магла стаць публікацыя ў прапагандысцкіх рэсурсах абразлівай нататкі пра намесніцу дырэктара музею ў навуковай і асветніцкай працы Святлану Анейку і кіраўніцу аддзелу беларускага мастацтва ХХ–ХХI стагоддзяў Кацярыну Ізафатаву.

У выніку гэтых звальненняў генеральны дырэктар музею Уладзімір Пракапцоў застаўся без намеснікаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў