Лукашэнка прызнаў дэфіцыт працоўных, праблемы са збытам у Расеі і прапанаваў паклікаць на заводы пенсіянераў


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі каля 23 тысяч вакансіяў па працоўных спецыяльнасцях. Развязанне праблемы ён бачыць у прыцягненні пенсіянераў і вяртання да савецкіх традыцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Дэфіцыт працоўных

Напрыклад, у ААТ «МАЗ» некамплект работнікаў складае 13 працэнтаў, а ў ААТ «Мінскі маторны завод» назіраецца цякучка рабочых спецыяльнасцяў: слесараў, токараў, мантажнікаў, электраманцёраў, шліфоўшчыкаў і фрэзероўшчыкаў.

«Пры гэтым амаль упэўнены, што адміністрацыйна-кіраўнічы персанал у вас адкрыта разадзьмуты. Напрыклад, на МТЗ толькі маркетынгавая служба 100 чалавек. А паўгадавы запас на складах падзець няма куды», – сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па прамысловасці.

«Можа быць, ураду прыйшоў час падумаць аб прыцягненні тых, хто пайшоў з працы – тых жа пенсіянераў. Сярод іх ёсць шмат актыўных, жадаючых працаваць людзей. Няхай не ірванем на 30 тысяч чалавек, але мы знойдзем некалькі тысяч патрыятычна настроеных людзей, якіх можам паклікаць на вытворчасць. Яны з задавальненнем прыйдуць і будуць працаваць і большую карысць прыносіць яшчэ як настаўнікі. Трэба вырашыць, як іх зацікавіць, у тым ліку і матэрыяльна», – сказаў ён.

Таксама Лукашэнка паскардзіўся, што не вырашаная праблема замацавання на месцах маладых спецыялістаў.

«Пераламалі мы негатыўную тэндэнцыю на гэтым фронце? Здаецца, не. Больш за тое, эксперты папярэджваюць, што растуць рызыкі страты кампетэнцыяў у галіне канструявання і распрацоўкі новых відаў прадукцыі. Чаму? Таму што на большасці прадпрыемстваў у аддзелах канструктараў і распрацовак мала маладых спецыялістаў», – адзначыў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, трэба «згодна з вопытам савецкага мінулага істотна ўзняць прэстыж інжынерных прафесіяў».

У сувязі з гэтым, ён лічыць неабходным «умацаваць звязак усіх узроўняў адукацыі – ад школы, ВНУ да прадпрыемства».

«Варта працаваць па адзінай логіцы, на агульны вынік. Крытэрыем эфектыўнасці навучальных устаноў павінна быць тое, наколькі запатрабаваны іх выпускнікі, як растуць зарплаты маладых спецыялістаў», – сказаў Лукашэнка.

Разбор
Людзей не хапае настолькі, што тым хто ёсць, давядзецца працаваць больш – указ Лукашэнкі
2024.03.22 17:02

Беларусь губляе рынак Расеі з-за цаны і якасці

Па словах палітыка, назіраецца значнае павелічэнне выпуску электронікі, легкавых і грузавых аўтамабіляў, камбайнаў. Прадпрыемствы «Планар», «Інтэграл» і «БелОМА» поўнасцю сфармавалі партфель экспартных заказаў на бягучы год і часткова на 2025-ы.

«Але што з іншымі прамысловымі гігантамі? Чаму скараціліся аб’ёмы выпуску халадзільнікаў, трактароў, пагрузчыкаў, рухавікоў? Больш чым на чвэрць асеў «Бабруйскаграмаш». Толькі на 12 % у 2023 годзе быў загружаны Менскі падшыпнікавы завод», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У палітыка таксама ўзніклі пытанні па станкабудаванні.

«А сёння якая сітуацыя тут? Дзе выкарыстанне сучасных тэхналогіяў, такіх як штучны інтэлект, рабатызацыя? – задаўся пытаннямі Аляксандр Лукашэнка. – А менавіта яны забяспечваюць высокую дакладнасць і прадукцыйнасць у апрацоўцы матэрыялаў, эканомію рэсурсаў, зніжэнне затрат і якасць прадукцыі. Усяго гэтага няма. Але што самае сумнае, няма бачання перспектывы. Таму я чакаю ад вас канкрэтных прапановаў, як будзем выпраўляць сітуацыю».

Лукашэнка запатрабаваў ад прамыслоўцаў «закасаць рукавы і працаваць на расейскім рынку». Нягледзячы на тое, што больш за 90 % прадукцыі ідзе на рынак Расеі, беларускія вытворцы губляюць там пазіцыі па традыцыйных таварах, якія заўсёды карысталіся попытам за сваю якасць і надзейнасць.

«Мне дакладваюць, што сёння айчынная прадукцыя саступае аналагам як па кошце, так і па якасці. Па кошце яшчэ можна растлумачыць. Але чаму па якасці? Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18 %. Доля нашых трактароў у расейскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе 10,5 %, грузавых аўтамабіляў – да 6 %», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Тыя ж пагрозлівыя тэндэнцыі, паводле яго слоў, складаюцца і на «Атланце». Абʼёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў, яшчэ ўчора запатрабаваных, скараціліся амаль у два разы.

«Што перашкаджае прадаваць прадукцыю?» – задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што трэба праводзіць дыверсіфікацыю экспарту прамысловых тавараў.

«Чаму пасля ўсіх праведзеных перамоваў на вышэйшым узроўні мы не працуем з Экватарыяльнай Гвінеяй? Відавочна, трэба ісці далей, пашыраць супрацу. І разумець, што нашая стратэгічная задача – стварэнне сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі ў апорных краінах».

Палітык таксама зазначыў, што трэба ўкараняць у прамысловасць новыя тэхналогіі.

«Так, маем складаную лагістыку і рост кошту імпартнай сыравіны. Разбурэнне кааперацыйных сувязяў з заходнімі пастаўшчыкамі прывяло да неабходнасці пошуку альтэрнатыўных партнёраў або наладжвання ўласнай вытворчасці камплектуючых. У тым ліку паскоранай распрацоўкі і ўкаранення новых тэхнічных рашэнняў. Што рабіць, увогуле, зразумела. Чаму тармозім? Чаму не робім?» – задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Агляд
Лекары толькі на трэцім месцы. Якіх спецыялістаў не хапае ў Беларусі і што там у IT?
2024.02.29 16:43

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў