ЗША могуць страціць сваіх інфарматараў у Расеі пасля выцеку сакрэтных дакументаў


Дакументы Пэнтагону, што трапілі ў адкрыты доступ, дэманструюць: ЗША атрымліваюць інфармацыю амаль з кожнай расейскай спецслужбы, піша газета «New York Times». Цяпер у Маскве могуць вызначыць, як амерыканцы атрымліваюць сакрэтныя звесткі, і перакрыць гэтыя крыніцы. Што, у сваю чаргу, можа паўплываць на хаду вайны ва Украіне.

Міністр абароны ЗША Лойд Остын і старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі. База Рамштайн, Нямеччына. 20 студзеня 2023 года.
Фота: Tsgt. Jack Sanders/Dod / Zuma Press / Forum

Сакрэтныя дакументы Пэнтагону сведчаць пра тое, як глыбока амерыканцам удалося прабрацца ў расейскія службы бяспекі і выведкі, канстатуе «New York Times». ЗША атрымліваюць інфармацыю амаль з кожнага ведамства. Напрыклад, у адным з дакументаў з пазнакаю «цалкам сакрэтна» абмяркоўваюцца планы расейскага Генеральнага штабу ў супрацьдзеянні танкам, якія краіны NATO перадаюць Украіне.

Таксама, як вынікае з дакументаў, амерыканскія спецслужбы ў рэжыме рэальнага часу папярэджвалі ўкраінскія ўлады пра час расейскіх удараў і нават канкрэтныя цэлі гэтых нападаў, даючы магчымасць Украіне зрабіць захады.

Акрамя таго, высветлілася, што ЗША сочаць і за найвышэйшым вайсковым ды палітычным кіраўніцтвам Украіны. Такім чынам Вашынгтон спрабуе атрымаць дакладнае ўяўленне пра ваенную стратэгію Кіева.

Агулам узровень інфармацыі, якую атрымлівае амерыканская выведка, дазваляе Злучаным Штатам папярэджваць сваіх саюзнікаў пра аперацыі Масквы, што плануюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: wirestock / Freepik

«New York Times» адзначае, што расейскія ўлады цяпер могуць прааналізаваць, з якіх спецслужбаў адбываецца болей выцекаў, высветліць шляхі перадавання інфармацыі ды перакрыць гэтыя крыніцы:

«Яшчэ зарана гаварыць пра аб’ём шкоды, але, калі Расея зможа вызначыць, як Злучаныя Штаты збіраюць сваю інфармацыю, і перакрые гэтую плынь, гэта можа паўплываць на хаду вайны ва Украіне».

Тым часам газета «Washington Post» у артыкуле пра сакрэтныя дакументы паведаміла, што ПВК Вагнэра спрабавала набыць зброю ў Турцыі – краіне NATO. Перамовы на гэты конт трывалі ў лютым. Імаверна, групоўка наймітаў планавала выкарыстоўваюць набытую зброю ў Малі і ва Украіне. Ці ведала Анкара пра намаганні ПВК Вагнэра і ці адбылася ўгода, дакладна невядома, аднак, піша выданне, скандалу не абмінуць:

«Выкрыццё таго, што саюзнік з NATO, імаверна, дапамагаў Расеі ў вайне супраць Украіны, можа аказацца выбуховым, асабліва ў звязку з тым, што Турцыя імкнецца заблакаваць далучэнне Швецыі да альянсу».

Прэс-сакратар турэцкага ўраду адмовіў газеце ў каментары.

Хто датычны да публікацыі ў інтэрнэце сакрэтных дакументаў Міністэрства абароны ЗША, невядома. Гэтым цяпер займаецца FBI. «New York Times» адзначае, што знайсці вінаватых будзе складана, бо «сотні, калі не тысячы, вайскоўцаў ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў маюць дазволы бяспекі, неабходныя для атрымання доступу да такіх дакументаў». Пэнтагон апошнімі днямі зрабіў захады, каб спыніць распаўсюд канфідэнцыйнай інфармацыі.

Hавiны
Беларускія «Кіберпартызаны» выкрылі сакрэтны мэсэнджар расейскіх сілавікоў
2023.03.10 21:16

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў