Расею выдалілі з ліку прэтэндэнтаў на чэмпіянат свету па футболе


Магчыма, для нацыянальнай зборнай Польшчы па футболе і не было б шчасця мінуць каманду Расеі ў кваліфікацыі чэмпіянату свету – 2022 (трэнер-дэбютант, магчымасць усяго толькі трох трэнаванняў і, што самае нязручнае, адзіны паўфінальны матч на выездзе), ды няшчасце дапамагло.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Афіцыйнае трэнаванне зборнай Польшчы па футболе. 14 лістапада 2021.
Фота: Tomasz Hamrat / Gazeta Polska / Forum

Міжнародная федэрацыя футболу (FIFA) доўга вагалася, меркавала перанесці двубой Расея – Польшча на чэрвень, але ў выніку, на тле расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, прызнала немагчымым абсалютна з розных пунктаў гледзішча далейшы шлях на мундыяль каманды пад кіраўніцтвам Валерыя Карпіна. Тым больш, раней і ФІФА і УЕФА спачатку абвесцілі, што прадстаўнікі Расеі і Беларусі свае чарговыя матчы павінныя праводзіць на нейтральных стадыёнах, а пазней увогуле адхілілі ўсе каманды з краінаў-агрэсараў на нявызначаны час ад турніраў любых узроўняў пад эгідаю Сусветнай альбо Еўрапейскай федэрацый футболу.

Літаральна на другі дзень поўнамаштабнага ўварвання пуцінскага войска ва Украіну Польскі футбольны звяз без хістанняў заявіў, што адмаўляецца выстаўляць нацыянальную зборную на матч з Расеяй. Прэзідэнт арганізацыі Цэзары Кулеша сваю пазіцыю акрэсліў выразна: «Рашэнне ФІФА не забараняць Расеі гуляць увогуле, а толькі не дазваляць выступаць на сваёй тэрыторыі і не выкарыстоўваць нацыянальныя сцяг і гімн для нас абсалютна непрымальнае. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб удзельнічаць у гэтай гульні змены назваў. Нашая пазіцыя застаецца ранейшая: зборная Польшчы не будзе гуляць з Расей ні пры якіх абставінах. Хопіць словаў, час дзейнічаць. І гэта адзінае рашэнне. Мы праводзім перамовы з федэрацыямі Швецыі і Чэхіі, якія таксама гуляюць у паўфінальным раўндзе плэй-оф, каб выказаць ФІФА супольную пазіцыю».

Валерый Карпін.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Падтрымаў кіраўніка нацыянальнага футболу і найлепшы бамбардзір нямецкай Бундэслігі, нападнік клубу «Баварыя» (Мюнхен) Робэрт Левандоўскі. «Я не магу ўявіць сабе гульню са зборнай Расеі ў такой сітуацыі. Расейскія футбалісты і заўзятары за гэта не нясуць адказнасці, але мы не можам рабіць выгляд, што нічога не адбываецца», – напісаў форвард у сваім Twitter.

Даволі хутка пасля гэтага сінхронна і катэгарычна аддаліліся ад сустрэчаў з расейцамі таксама федэрацыі Швецыі ды Чэхіі.

У ФІФА не было іншага выйсця, як адмовіць Расеі ў яе праве далей змагацца за пуцёўку на чэмпіянат планеты, які павінен адбыцца ў лістападзе-снежні гэтага года ў Катары.

Прэс-служба польскага футбольнага Звязу адрэагавала на гэтую навіну так: «Мы б аддалі перавагу таму, каб перагуляць вашую зборную на полі. Але ў такіх абставінах гэта было адзінае магчымае рашэнне, якое магла прыняць ФІФА».

Вялікае задавальненне з гэтай нагоды выказаў і сам кіраўнік Звязу Цэзары Кулеша: «Тое, што ФІФА выключыла Расею з плэй-оф чэмпіянату свету, – выдатнае рашэнне! Расейскі футбол павінен сутыкнуцца з наступствамі вайны ва Украіне. Абсалютна нулявая талерантнасць да краіны, якая забівае мірных жыхароў. Мы даказалі, што футбольная салідарнасць мае сэнс! І мы працягваем падтрымліваць Украіну!»

Аналітыка
Легіянеры пакідаюць беларускія і расейскія хакейныя клубы. Будучыня КХЛ пад пытаннем
2022.03.02 17:20

Таксама ФІФА перанесла на чэрвень (дата пакуль не вызначаная) яшчэ адзін матч гэтага раўнду, у якім павінныя сустрэцца зборныя Шатландыі і Украіны. Гэты двубой, як і сустрэча Расея – Польшча, павінен быў адбыцца 24 сакавіка.

Рашэнне бюро ФІФА прымала пасля кансультацыяў з УЕФА і асацыяцыямі-чальцамі, якія ўдзельнічаюць у гэтым турніры. Прычым, Міжнародная федэрацыя футболу не скарысталася магчымым варыянтам замены зборнай Расеі на першага прэтэндэнта паводле спартовага паказніку – Славаччыны.

ФІФА не бачыць неабходнасці пераносіць на чэрвень іншыя матчы паўфінальнага раўнду. Гульні Швецыя – Чэхія (пераможца сустрэнецца з Польшчаю ў вырашальным двубоі за адну з трох пуцёвак на чэмпіянат свету), Уэльс – Аўстрыя (каманда, якая выгуляе, пазмагаецца ў фінале адбору з наймацнейшым у двубоі Шатландыя – Украіна), Італія – Паўночная Македонія ды Партугалія – Турцыя павінныя прайсці ў раней прызначаны тэрмін, 24 сакавіка. Лёсаванне фінальнага турніру чэмпіянату свету адбудзецца 1 красавіка ў сталіцы Катару горадзе Доха.

Hавiны
Паралімпійскія гульні – упершыню ў гісторыі без спартоўцаў Беларусі і Расеі
2022.03.05 14:57

АП belsat.eu

Стужка навінаў