Лаўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму запатрабавалі 12 гадоў калоніі


Абвінавачванне просіць пакараць нобэлеўскага лаўрэата і старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага 12 гадамі зняволення, паведамляюць праваабаронцы. Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Кароль лічыць, што віна цалкам даказаная.

Суд у справе праваабарончага цэнтру «Вясна». На здымку (злева направа) – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Для іншых фігурантаў «справы “Вясны”» запатрабавалі ад 9 да 11 гадоў калоніі. Каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу патрабуюць прысудзіць 9 гадоў, а намесніку старшыні «Вясны»  Валянціну Стэфановічу – 11 гадоў. Праваабаронцу Дзмітрыю Салаўёву, які цяпер не ў Беларусі, запатрабавалі 10 гадоў завочна.

Таксама пракурор Аляксандр Кароль прапанаваў аштрафаваць праваабаронцаў на 5 тысяч базавых велічыняў (185 тысяч рублёў ці 73 200 долараў) кожнага.

Вясноўцаў вінавацяць у нібыта незаконным увозе на тэрыторыю Беларусі вялікай сумы грошай без дэкларавання паводле ч. 4 арт. 228 КК і паводле арт. 342 КК у «фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Пракуратура лічыць злачынствам тое, што «Вясна» дапамагала аплачваць штрафы беларусам, асуджаным паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама шукала і аплачвала для такіх людзей адвакатаў.

Таксама праваабаронцаў абвінавачваюць у рыхтаванні і фінансаванні акцыяў пратэсту. Паводле матэрыялаў справы, «яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі рыхтаванне грамадзянаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцыяў пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ «Вясна», незарэгістраванага фонду «BY_HELP», у перыяд з траўня 2020 года да 14 ліпеня 2021 года».

Следства трывае ўжо больш за год, з адвакатаў і сведак узятыя падпіскі аб нераскрыцці, таму падрабязнасці справы невядомыя. Вядома толькі, што на допыты цягам года выклікалі родных вязняў, дзейных і былых сябраў арганізацыі, валанцёраў, актывістаў і простых грамадзянаў, якія звярталіся ў «Вясну» па дапамогу. Людзей выклікалі на допыты па ўсёй краіне, у Менску і рэгіёнах.

Нагадаем, што ў кастрычніку кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў