У некралогу расейскаму прапаршчыку знайшлася інфармацыя пра працу медыкаў з Расеі ў Гомлі ў пачатку вайны


Гомельскае выданне «Флагшток» знайшло ў некралогу, апублікаваным адміністрацыяй Шчарбінаўскага раёну Краснадарскага краю, інфармацыю пра расейскія медычныя ўстановы, якія працавалі ў Гомлі ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У той час адна з груповак расейскіх войскаў здзейсніла няўдалую атаку з тэрыторыі Гомельскай вобласці на поўнач Украіны.

Вайсковая тэхніка РФ у Гомлі.
Фота: Флагшток

Некралог напісаны ў памяць аб прапаршчыку Дзянісе Бурбоўскім, які праходзіў службу ў дэсантна-штурмавой роце на пасадзе фельчара. У публікацыі згадваюцца назвы расейскіх медычных установаў і час іхнай працы ў Беларусі:

«19 лютага 2022 года быў прыкамандзіраваны да 442 ваенна-клінічнага шпіталя горада Санкт-Пецярбурга, адкуль быў накіраваны ў камандзіроўку ў складзе ваенна-санітарнага цягніка №1 для медычнага забеспячэння спецыяльнай ваеннай аперацыі, выконваў абавязкі аперацыйнага медбрата ў г.Гомель Рэспублікі Беларусь, дзе двойчы ўдзельнічаў у двух санітарных эвакуацыях параненых з дастаўкай іх на базу ваенна-медычнай акадэміі г.Санкт-Пецярбурга. Пасля другой транспартыроўкі параненых быў вернуты ў Рэспубліку Беларусь і працягнуў працу ў складзе медычнага атраду спецыяльнага прызначэння ім.Бурдэнка, дзе прабыў да 14 траўня 2022 года», – гаворыцца ў некралогу.

Такім чынам, у Гомлі працавалі спецыялісты як мінімум двух ваенна-медычных установаў: 442 ваенна-клінічнага шпіталя горада Санкт-Пецярбурга і медычнага атраду спецыяльнага прызначэння, створанага на базе Галоўнага ваеннага клінічнага шпіталя ім.Бурдэнка ў Маскве. Дастаўка ваенных медыкаў з пецярбургскай установы здзяйснялася чыгуначным транспартам: ваенна-санітарным цягніком №1. Падрыхтоўка да медычнага суправаджэння вялася да пачатку поўнамаштабнага ўварвання і працягвалася пасля вываду групоўкі з поўначы Украіны да 14 траўня 2022 года.

Гісторыі
«12 трупаў для статыстыкі». Былы палітвязень апавёў пра допыты ў КДБ і гомельскія моргі ў сакавіку 2022 года
2023.10.02 08:27

Потым прапаршчыка накіравалі ў зону ваенных дзеянняў на ўсход Украіны, дзе ён і загінуў на пачатку 2023 года.

«Флагшток» і раней пісаў, што ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну шмат медычных установаў Гомельшчыны былі аддадзеныя пад лячэнне параненых расейскіх вайскоўцаў. Для правядзення тэрміновых аперацыяў былі выдзеленыя цэлыя паверхі. Хоць расейскіх вайскоўцаў лячылі не беларускія медыкі, але шмат якія паслугі для беларусаў былі прыпыненыя праз адсутнасць месцаў у медычных установах.

У Гомлі санітарны вайсковы транспарт фіксаваўся каля Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай медыцыны, там жа ў ангары быў арганізаваны часовы морг. Тады ж паступала інфармацыя аб выкарыстанні шпіталя інвалідаў ВАВ і Гомельскай абласной клінічнай лякарні для патрэбаў арміі РФ.

Расейскія крыніцы абвяргалі інфармацыю аб перагружанасці лякарняў Гомля расейскімі вайскоўцамі і называлі ўсе гэтыя звесткі фэйкамі.

Аб’ектыў
Беларусь не аддавала Украіне цела забітай на вайне дзяўчынкі
2023.12.06 21:29

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў