«Бюро» распавяло, як кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў за гранты вазіў палюбоўніцу за мяжу


Каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў «Бюро медыя» выпусціла вялікае расследаванне пра Беларускі Чырвоны Крыж. У ім яны інфармуюць, за чый кошт кіраўнік арганізацыі Дзмітрый Шаўцоў лятае са «світай» у міжнародныя камандзіроўкі, як размяркоўваюцца замежныя грошы і іншае.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.
Фота: sb.by

Расследаванне стала магчымым дзякуючы «Кіберпартызанам», якія атрымалі больш як 40 тысяч файлаў з унутранай дакументацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), а таксама дзякуючы звесткам ад былых працаўнікоў арганізацыі.

«Калі я прыходзіла ў Чырвоны Крыж, мае вочы гарэлі, і я была поўная энтузіязму. Мне хацелася дапамагаць людзям. Але праз некалькі гадоў я сышла абсалютна расчараваная. Я не выконвала планаў у зборах, і таму нам не давалі грошай на дзейнасць арганізацыі», – расказала журналістам былая працаўніца Чырвонага Крыжа.

Палёты прэміум-класу для сваіх за мяжу

Пры гэтым, паводле расследавання, добраахвотна-прымусова сабраныя грошы арганізацыі выкарыстоўваліся на тое, каб кіраўніцтва арганізацыі лятала за мяжу. Напрыклад, так было ў чэрвені 2022 года, калі генеральны сакратар БТЧК Дзмітрый Шаўцоў разам з дзевяццю прадстаўнікамі кіраўніцтва лятаў у Турэччыну на запрашэнне мясцовых калегаў. Для іх адмыслова вылучалася VIP-зала для вылету з нацыянальнага аэрапорту «Менск», а ў Стамбуле яны прабылі ўдвая даўжэй, чым прадугледжвала праграма візіту.

«Паводле нашых падлікаў, на пражыванне і харчаванне выдаткавалі як мінімум каля 11 тысяч долараў. Разам больш за 15 тысяч долараў, з улікам авіябілетаў», – піша «Бюро».

Пры гэтым міжнародныя сродкі пакрывалі выдаткі толькі на дзвюх асобаў. Рэшту ж аплацілі з уласных сродкаў БТЧК, што ўключаюць ахвяраванні, спонсарскую дапамогу і сяброўскія складкі.

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, Дмитрий Шевцов на оккупированных украинских территориях
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Праз чатыры месяцы Шаўцоў з яшчэ чатырма калегамі паляцеў у Рым на запрашэнне Італьянскага Чырвонага Крыжа. Квіткі каштавалі прыкладна 6400 еўраў, пражыванне амаль 5000 еўраў – агулам разам з камандзіровачнымі амаль 14 000 еўраў. Толькі палову гэтай сумы пакрылі за міжнародны кошт. Пры гэтым кошт гатэляў быў істотна вышэйшы за норму, прапісаную ў адмысловай пастанове Саўміну.

«Гэтыя дзве паездкі прадстаўнікоў вярхушкі БТЧК наглядна дэманструюць: на камандзіроўках арганізацыя грошай не эканоміць. Замест пяці дзён ляцяць на дзевяць і заказваюць нумары прэміум. І ўсё гэта – за кошт добраахвотна-прымусовых збораў і вылучаных на канкрэтныя праекты грошай ад міжнародных арганізацыяў», – адзначаюць журналісты.

Пры гэтым кіраўніцу Чырвонага Крыжа на Гарадзеншчыне Наталлю Талкачову, якая лятала і ў Турцыю, і ў Італію, журналісты называюць палюбоўніцай Шаўцова, і «ён усюды яе цягае» «за кошт сяброўскіх складак». Сама Талкачова адмовілася адказваць на пытанні расследавальнікаў.

Прэміі і аўтамабілі за кошт грантаў

Гэта не адзіныя выдаткі арганізацыі на кіраўніцтва. Як піша «Бюро», былы дэпутат Шаўцоў, як толькі прыйшоў на пасаду генеральнага сакратара ў 2021 годзе, загадаў прыкладна ўдвая павялічыць прэміі кіроўнаму складу «за праяўленую актыўнасць у вытрасанні грошай з насельніцтва».

Як адзначае «Бюро», бюджэт БТЧК, прынамсі на 2022 год, складаўся як з уласных сродкаў (ахвяраванні, спонсарская дапамога і сяброўскія складкі – каля 40 %), так і са сродкаў замежных донараў (57,2 %). У 2022 годзе замежныя донары пералічылі Беларускаму Чырвонаму Крыжу рэкордную за апошнія пяць гадоў суму – 12,9 мільёна рублёў.

Найбуйнейшы замежны донар – Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, але ў канцы 2023 года арганізацыя прыпыніла чалецтва беларускай арганізацыі ў сваіх шэрагах. Другім значным замежным донарам БТЧК былі агенцтвы ААН, якія таксама завяршаюць цяпер свае праекты з беларускай арганізацыяй.

Аб’ектыў
Прыпынена сяброўства Беларусі ў Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца
2023.12.02 21:12

Як адзначае «Бюро», прынамсі ў некаторых міжнародных праектах грошы ад донараў у значнай ступені (да 67,5 %) ішлі не на рэальную дапамогу тым, каму яна патрэбная, а на «інфармацыйную кампанію».

«Я думаю, што гэты праект быў напісаны для таго, каб атрымаць нейкае фінансаванне і падтрымаць супрацоўнікаў сакратарыяту. Гэта часта рабілася. А пабочная рэакцыя – раздрукаваць [улёткі], паказаць [дзейнасць]. Любую інфармацыйную кампанію прасцей асвятліць, чым аказаць непасрэдную дапамогу падапечным», – расказвае былы працаўнік БТЧК пра адзін з праектаў.

Значную частку выдаткаў складалі і заробкі працаўнікоў БТЧК.

«У асноўным гэта людзі з сакратарыяту. То бок, свае ж. Акрамя свайго стандартнага заробку, які яны атрымліваюць у Чырвоным Крыжы, яны ў дадатак да гэтага застаюцца на розных праектах і атрымліваюць звыш гэтага свой штомесячны заробак ужо ў валюце», – адзначыў «Бюро» Аляксей Карпека ў каментары «Белсату».

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, Дмитрий Шевцов на оккупированных украинских территориях
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Ішлі міжнародныя сродкі і на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацыі. Напрыклад, увосень 2022 года ў БТЧК з’явіўся новы «Geely Tugella», цана ад вытворцы на які пачынаецца ад 110 тысяч рублёў. У снежні 2022 года Шаўцоў замацаваў машыну за сабой праз уласнае распараджэнне.

«Беларускі Чырвоны Крыж – такое месца, дзе можна спакойна даседзець да пенсіі на еўрапейскім заробку, таму тут [працуюць] былыя чыноўнікі, чыесьці сваякі», – кажа былы працаўнік БТЧК.

Але цяпер міжнародныя спонсары завяршаюць супрацу з арганізацыяй, якая сутыкнецца з істотным недахопам сродкаў. Паводле інфармацыі «Бюро», у БТЧК плануюць скараціць 30 % работнікаў. Але, на думку журналістаў, атрымаецца, як у анекдоце: «Тата, дык што, ты цяпер будзеш меней піць? Не, сынок, цяпер ты будзеш меней есці».

Hавiны
Шаўцоў раскрытыкаваў Міжнародны Чырвоны Крыж за выкарыстанне беларускай мовы
2023.12.02 12:57

1 снежня сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца было прыпынена. Арганізацыя пазбавілася фінансавання ад Міжнароднай федэрацыі.

Як сказана ў прэс-рэлізе арганізацыі, «гэта вынікае з рашэння Праўлення МФТЧКіЧП ад 3 кастрычніка 2023 года ў выніку расследавання абвінавачанняў на адрас генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканымі ягонымі заявамі, у тым ліку аб ядравай зброі і аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама ягоным візітам у Луганск і Данецк». Падчас паездак на Данбас на рукаве ў Шаўцова была нашыўка з літарай «Z» – знак агрэсіі супраць Украіны, і гэта нягледзячы на тое, што адным з базавых прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа ёсць нейтральнасць. Шаўцоў таксама прызнаваў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі вывозіць украінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.

Пасля прыпынення сяброўства Беларускі Чырвоны Крыж губляе свае правы сябра МФТЧКіЧП і страчвае магчымасць атрымліваць фінансаванне ад міжнароднай арганізацыі на пэўны час. Пры гэтым Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў правах, як толькі выканае рашэнне праўлення і здыме Шаўцова з пасады.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў