Улады Беларусі могуць прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт экстрэмісцкай арганізацыяй


Прапагандыст Ігар Тур у праграме ОНТ «Будет дополнено» распавёў, што ЕГУ можа быць неўзабаве прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй.

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт ў Вільні, Літва.
Фота: ehuofficial / Instagram

Выданне праграмы ўвечары 8 студзеня было прысвечанае Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту ў Вільні. Навучальную ўстанову абвінавацілі ў тым, што ў ёй «прафесійна вучаць пратэставаць», а таксама ў спробах «увайсці ў калабарацыю з Офісам Ціханоўскай». Паводле прапагандысцкай праграмы, «ЕГУ знялі з фінансавання, грошы заканчваюцца, і кіраўніцтва ўстановы збіраецца афілявацца з Офісам Ціханоўскай, каб атрымоўваць грошы ад іх». Супраць гэтага нібыта рэзка выступае частка выкладчыкаў і слухачоў, бо Офіс прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй.

Далей было сказана, што пацярпяць у выніку звычайныя людзі – слухачы і студэнты, бо «супраца з прызнаным у Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй Офісам аўтаматычна ператварае іх у калабарантаў», а за гэта пагражае крымінальны пераслед у Беларусі.

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Вядоўца праграмы Ігар Тур заявіў, што ЕГУ зусім не ўніверсітэт, што мэты ў яго не адпавядаюць проста навучанню студэнтаў, а таксама што ўстанова не еўрапейская, а прыватная літоўская. Напрыканцы праграмы прапагандыст заявіў, што навучальная ўстанова неўзабаве будзе прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй.

«Як на мяне, прызнанне асобна ЕГУ ў Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй – гэта пытанне часу. Бо ЕГУ даўно перастаў быць ВНУ, а стаўся проста дэструктыўнай НКА. Вы, дарагія, усё роўна апыняцеся ў кропцы, калі з’явіцца закон. А падабаецца ён вам ці не, не мае значэння. Вы ці яго парушыце і панесяце пакаранне, ці паспееце забраць дакументы і ад гэтага ЕГУ адхрысціцца. І часу ў вас, паводле адчуванняў, засталося вельмі-вельмі мала», – сказаў прапагандыст.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў створаны ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе ўлады пазбавілі яго ліцэнзіі і закрылі. З 2005 года ўніверсітэт працуе ў Вільні. Станам на 1 кастрычніка 2020 года, у ЕГУ вучылася каля 680 чалавек, 95 % з іх – грамадзяне Беларусі. У ЕГУ можна атрымаць вышэйшую адукацыю на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах, вучыцца на дзённай і завочнай формах.

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў