Новыя законы – аб канфіскацыі, часовым кіраванні і пірацтве. Дэталёвы разбор ад юрысткі


Колькі маёмасці могуць адабраць у фізічнай асобы? Як будуць адбірацца замежныя кампаніі? Каму трэба будзе плаціць за пірацкі софт? Усё, што вядома пра законы 6 студзеня.

За адзін дзень 6 студзеня ў Беларусі апублікавалі законы аб канфіскацыі маёмасці і аб часовым кіраванні замежнымі кампаніямі, а таксама аб легалізацыі пірацкага кантэнту і ўвозе тавараў без згоды праваўладальніка. На просьбу «Белсату» акты разабрала Марыя Жарылоўская – магістарка права, выкладчыца ЕГУ, праваабаронца, экспертка «Respect-Protect-Fulfill».

Адмыслоўца адзначае, што канец 2022 года і пачатак 2023-га адзначыліся прыняццем пакету законаў у розных сферах, які мае адзіную скіраванасць: барацьба з іншадумствам і нязгодаю з дзейнымі ўладамі ўсіх магчымых суб’ектаў – ад фізічных асобаў да бізнесу. Акрамя актаў 6 студзеня, Жарылоўская адзначае закон аб пазбаўленні грамадзянства і Указ аб бюджэтным  фінансаванні.

Закон, які ўносіць змены ў дзейны Закон аб грамадзянстве, падпісаў 5 студзеня Аляксандр Лукашэнка. На момант публікацыі дакумент яшчэ не з’явіўся ў адкрытым доступе. Але вядома, што ён прадугледжвае ў тым ліку магчымасць страты асобаю беларускага грамадзянства, атрыманага пры нараджэнні, у звязку з наяўнасцю выраку суда Беларусі, які пацвярджае ўдзел гэтай асобы ў «экстрэмісцкай дзейнасці» або прычыненне ёй «цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі», калі такая асоба застаецца за яе межамі.

7 студзеня стала вядома пра Указ аб бюджэтным фінансаванні, але сам указ цалкам «для службовага карыстання». Вядома, што дакумент між іншага ўносіць змены ва Указ за 14 сакавіка 2022 года № 93 аб дадатковых захадах для забеспячэння стабільнага функцыянавання эканомікі. Апошні нарматыўны прававы акт датычыць рэакцыі дзяржавы на ўведзеныя санкцыі.

Пра законы 6 студзеня, якія датычаць маёмасці і бізнесу, вядома больш.

Закон аб адабранні маёмасці за 3 студзеня 2023 года № 240-З

Афіцыйны тэкст можна прачытаць тут.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уніформа з нашыўкаю «ГУБАЗіК». Звычайна байцы ГУБАЗіКу дзеюць як «асобы ў цывільным» або выкарыстоўваюць вайсковую ўніформу без апазнавальных знакаў.
Фота: mvd.gov.by

Як сцвярджаецца ў дакуменце, закон прынялі дзеля «неадкладнага і эфектыўнага рэагавання на існыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у рэжыме спецыяльных абмежавальных захадаў».

Спосабам такога рэагавання ёсць адабранне маёмасці ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь (рэспубліканскую ўласнасць).

Калі могуць быць адабраныя аб’екты ўласнасці?

У адказ на пастанову ўчыніць «несяброўскае дзеянне» адносна Рэспублікі Беларусь, яе юрыдычных і (або) фізічных асобаў. Што менавіта разумеюць пад «несяброўскімі дзеяннямі», у законе не канкрэтызавалі.

Аб’екты ўласнасці могуць быць адабраныя згодна з прынцыпам прапарцыйнасці (адэкватнасці), то бок суразмерна наступствам адабрання аб’ектаў права ўласнасці наступствам «несяброўскіх дзеянняў». Але ж хто ацэньвае такія наступствы і кошт маёмасці? Пра ацэнку наступстваў дакумент не гаворыць зусім нічога, а кошт маёмасці ацэньваюць дзяржаўныя кампаніі.

Што могуць адабраць?

Амаль усё. Пад аб’ектамі ўласнасці разумеюцца «рэчы, разам грашыма і каштоўнымі паперамі, іншая маёмасць, у тым ліку маёмасныя правы, якія застаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і належаць на праве ўласнасці субʼектам адабрання».

У каго могуць быць адабраныя аб’екты ўласнасці?

Гэтак званыя суб’екты адабрання – замежныя дзяржавы, якія здзяйсняюць «несяброўскія дзеянні»; асобы з замежных дзяржаваў, якія здзяйсняюць «несяброўскія дзеянні»;  афіляваныя асобы.

Апошняя катэгорыя асобаў найбольш цікавая. Згодна з законам, існуюць дзве катэгорыі афіляваных асобаў:

1) юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, якія беспасярэдне і (або) ускосна (праз іншых юрыдычных і (або) фізічных асобаў) пастанавілі здзейсніць «несяброўскія дзеянні» або паўплывалі на прыняцце такога рашэння замежнымі дзяржавамі, якія здзяйсняюць «несяброўскія дзеянні»;

2) юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, якія залежаць ад рашэнняў асобаў з такіх дзяржаваў і залучаныя ў спіс, вызначаны Саветам Міністраў.

Гэтак, адабраць уласнасць могуць ува ўсіх асобаў – і юрыдычных, і фізічных, якія паўплывалі, напрыклад, на пастанову выкарыстаць супраць Беларусі, дзяржаўных прадпрыемстваў, дзяржаўных службоўцаў ды іншых асобаў санкцыі або могуць выконваць такую пастанову (пры ўмове залучэння іх у спецыяльны спіс Савету Міністраў).

Як прымаецца пастанова адабраць маёмасць?

Рашэнне пра неабходнасць ужыць захаду ў адказ з дапамогай адабрання абʼектаў права ўласнасці прымае Савет Міністраў. Пасля гэткай пастановы Дзяржаўны камітэт маёмасці звяртаецца ў Эканамічны суд Менску з заявай аб адабранні абʼектаў права ўласнасці.

То бок спачатку – пастанова пра адабранне, а ўжо потым – зварот у суд, які за месяц абавязаны правесці судовае паседжанне. Інфармацыя пра судовае паседжанне павінна быць размешчаная на інтэрнэт-партале судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь не пазней як за 10 дзён да яго пачатку.

Рашэнне суда падлягае неадкладнаму выкананню, але фармальна юрыдычна можа быць абскарджанае (апратэставанае). Сканфіскаваныя абʼекты паступаюць ва ўласнасць дзяржавы.

Фармальна ўласнік можа браць удзел у судовым працэсе (у тым ліку без фізічнай прысутнасці – праз адваката ці толькі праз пісьмовыя працэсуальныя дакументы) і абскарджваць рашэнне суда.

Закон набудзе моц 16 студзеня.

Навошта ў Беларусі прынялі законы пра канфіскацыю маёмасці – і як ад гэтага абараніцца?

Закон аб пытаннях перадавання пад часовае вонкавае кіраванне за 3 студзеня 2023 года № 239-З

Афіцыйны тэкст можна прачытаць тут.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка вядзе нараду пра заканчэнне будаўніцтва праблемных аб’ектаў у Менску. 16 жніўня 2022 года.
Фота: president.gov.by

Паводле дакументу, мэты часовага вонкавага кіравання – «выключыць неабгрунтаванае спыненне дзейнасці камерцыйных арганізацыяў, прычыненне шкоды іх працоўным калектывам і забеспячэнне нармальнай бясстратнай работы камерцыйных арганізацыяў».

Закон прадугледжвае, што юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь – камерцыйныя арганізацыі, уласнікамі маёмасці, удзельнікамі (акцыянерамі) якіх ёсць асобы з замежных дзяржаваў (далей – камерцыйныя арганізацыі), могуць быць перададзеныя пад часовае вонкавае кіраванне па пастановах абласных выканкамаў і Менскага гарадскога выканаўчага камітэту (далей – рашэнне пра часовае вонкавае кіраванне) у парадку, вызначаным Саветам Міністраў.

То бок часовае вонкавае кіраванне магчыма ўжываць да кампаніяў з замежнымі інвестыцыямі (калі ёсць замежны акцыянер ці ўдзельнік) – і не мае значэння, які памер долі ці колькасць акцыяў або краіна, да якой належыць такая замежная асоба (ёсць грамадзянінам ці зарэгістраваная). Гаворка не толькі пра «несяброўскія дзяржавы».

Пастанову пра часовае вонкавае кіраванне прымае абласны, Менскі гарадскі выканаўчы камітэт без згоды ўласнікаў ці акцыянераў кампаніі. Тэрмін часовага вонкавага кіравання – да 18 месяцаў з дня прыняцця пастановы.

Вонкавае кіраванне ажыццяўляе «кіраўнік» – фізічная асоба, якая мае вышэйшую пераважна эканамічную або юрыдычную адукацыю, неабходны досвед гаспадарчай (прадпрымальніцкай) дзейнасці, а таксама адпавядае іншым патрабаванням, устаноўленых Саветам Міністраў. «Кіраўніком» можа быць таксама юрыдычная асоба, беспасярэдні кіраўнік якой адпавядае пералічаным вышэй патрабаванням. Дамову з «кіраўніком» заключае абласны (Менскі гарадскі) выканкам.

Дадаткова Саўмін павінен вызначыць парадак перадачы камерцыйных арганізацыяў пад часовае вонкавае кіраванне.

За што могуць увесці часовае вонкавае кіраванне?

Прадугледжаны спіс падставаў, пры якіх прымаецца рашэнне пра часовае вонкавае кіраванне, але гэты спіс пакуль адкрыты:

  • калі кіраванне камерцыйнай арганізацыяй выканаўчым і (або) іншымі органамі кіравання фактычна спыненае;
  • калі выканаўчым і (або) іншымі органамі кіравання камерцыйнай арганізацыі ажыццяўляюцца эканамічна неабгрунтаваныя дзеянні, што могуць прывесці да фактычнага спынення дзейнасці, ліквідацыі і (або) банкруцтва такой камерцыйнай арганізацыі, прычынення шкоды камерцыйнай арганізацыі;
  • у іншых выпадках, вызначаных Саветам Міністраў (а яны пакуль не вызначаныя).

Такім чынам, пад вонкавае кіраванне можа трапіць любая камерцыйная арганізацыя з замежнымі ўласнікамі, калі абласны (ці Менскі гарадскі) выканаўчы камітэт пастановіць, што кіраванне арганізацыяй ажыццяўляецца неяк «не так» ці не згодна з дзяржаўнаю палітыкаю: «эканамічна неабгрунтаваныя» дзеянні, «прычыненне шкоды камерцыйнай арганізацыі», «кіраванне спыненае» – гэта вельмі ацэнкавыя тэрміны, не «расшыфраваныя» ў Законе.

Вонкавага кіравання не будуць уводзіць у кампаніях, што ўжо ліквідуюцца і банкрутуюцца.

Закон набудзе моц 16 студзеня і будзе дзеяць да 31 снежня 2025 года ўключна.

Лукашэнка пра McDonald’s у Беларусі: Гэта ўжо наша прадпрыемства

Закон аб абмежаванні выключных правоў на абʼекты інтэлектуальнай уласнасці за 3 студзеня 2023 года № 241-З

Афіцыйны тэкст можна прачытаць тут.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экран аднаго з пірацкіх збораў «Windows XP». Некаторыя камп’ютарныя піраты хваліліся тым, што распаўсюджваюць неліцэнзійныя праграмы. Здымак экрана: kitguru.net

Закон можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі.

Першая частка прадугледжвае ўвоз і выкарыстанне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці без дазволу праваўладальнікаў ці арганізацыяў калектыўнага кіравання інтэлектуальнымі правамі з замежных дзяржаў, якія ўчыняюць «несяброўскія дзеянні» ў дачыненні беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асобаў, калі яны забаранілі / не далі сваёй згоды правамерна выкарыстоўваць абʼект інтэлектуальнай уласнасці.

Такімі абʼектамі лічацца кампʼютарныя праграмы, аўдыявізуальныя і музычныя творы, перадачы арганізацыяў транслявання. Выкарыстанне гэтых абʼектаў не лічыцца парушэннем выключных правоў.

Закон (як і Закон аб адабранні маёмасці) не гаворыць, што такое «несяброўскія дзеянні», але прадугледжвае стварэнне:

1) спісу замежных дзяржаваў, якія здзяйсняюць «несяброўскія дзеянні» ў дачыненні беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асобаў;

2) спісу праваўладальнікаў і арганізацыяў калектыўнага кіравання інтэлектуальнымі правамі. Прычым праваўладальнікі і арганізацыі не абавязкова павінны быць грамадзянамі ці рэзідэнтамі дзяржаваў, якія здзяйсняюць «несяброўскія дзеянні»: дастаткова быць «пад кантролем замежных асобаў (праваўладальнікаў і арганізацыяў з «несяброўскіх» краінаў), незалежна ад месца рэгістрацыі або месца пераважнага вядзення імі гаспадарчай дзейнасці).

Гэтыя спісы будуць весціся дзяржаўнымі органамі, якіх упаўнаважыць Савет Міністраў. Ён жа вызначыць парадак фармавання і вядзення такіх спісаў.

Пірацкі софт будзе бясплатны?

Плаціць за выкарыстанне абʼектаў інтэлектуальнай уласнасці, увезеных праз паралельны імпарт, па-ранейшаму трэба. Акрамя выпадкаў, калі праваўладальнік або заканадаўства дапускае іх выкарыстанне без выплаты ўзнагароды.

Узнагароджанне трэба залічваць на рахунак патэнтнага органу, якое будзе захоўвацца там на працягу трох гадоў да запатрабавання праваўладальнікам. Памер узнагароджання вызначыць Саўмін. Калі праваўладальнік не запатрабуе ўзнагароджання, яго пералічаць у рэспубліканскі бюджэт.

Другая частка закону датычыць любых аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, выкарыстаных у таварах, што залучаныя ў спісы тавараў (групаў тавараў), істотна важных для ўнутранага рынку.

Для ўвозу і выкарыстання такіх тавараў без дазволу не мае юрыдычнага значэння факт іх належнасці / кіравання праваўладальнікам ці арганізацыям калектыўнага кіравання інтэлектуальнымі правамі з замежных дзяржаваў, якія ўчыняюць недружалюбныя дзеянні: яны могуць належаць праваўладальнікам з любых дзяржаваў, «у тым ліку тым, якія здзяйсняюць несяброўскія дзеянні».

Гэты спіс будуць весці дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя Саветам Міністраў. Ён жа вызначыць парадак фармавання і вядзення такіх спісаў.

Гэтак, дакумент цалкам легалізуе паралельны імпарт і ліцэнзійнае пірацтва.

Закон набудзе моц 16 студзеня і будзе дзеяць да 31 снежня 2024 года ўключна.

У Беларусі ўзаконілі паралельны імпарт і пірацкі кантэнт

belsat.eu

Стужка навінаў