У Беларусі выпаў снег, вецер валіць дрэвы. Пачалі ўключаць ацяпленне


Надвор’е ў Беларусі рэзка сапсавалася: яшчэ на мінулым тыдні было за +20 і сонечна, цяпер жа – ад +3 да +12, моцны вецер, дажджы, град і нават снег.

Ратавальнікі пілуюць паваленае ветрам дрэва
Ратавальнікі пілуюць паваленае ветрам дрэва. Беларусь. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: МЧС Беларуси / Telegram

На 8 кастрычніка ў Беларусі абвяшчалі аранжавы ўзровень небяспекі, штармавое папярэджанне. Вецер валіў дрэвы і аўтобусныя прыпынкі, паведамлялі карыстальнікі з Менску, Горадні, Лагойску і іншых гарадоў.

Статыстыку пашкоджанняў за 8 кастрычніка яшчэ не прыводзяць, але днём раней вецер паваліў 240 дрэваў, пад паваленымі дрэвамі аказалася 32 машыны. У Горацкім раёне Магілёўскай вобласці пашкодзіла дахі аднаго жылога і чатырох сельскагаспадарчых будынкаў.

У панядзелак, 9 кастрычніка, наўрад ці будзе лепей: ратавальнікі папярэджваюць пра вецер парывамі да 15-20 м/с (ноччу – па ўсёй тэрыторыі Беларусі, днём – пераважна на ўсходзе), метэаролагі абяцаюць амаль такое ж надвор’е, як 8 кастрычніка, ноччу – месцамі замаразкі.

Паводле папярэдніх прагнозаў, у аўторак, 10 кастрычніка, вецер крыху сціхне, але затым зноў стане моцным – кепскае надвор’е захаваецца да канца тыдня.

Верасень быў самым цёплым у Беларусі за апошнія 78 гадоў. А ў кастрычніку ўжо ўключаць ацяпленне ў дамах. Аб пачатку ацяпляльнага сезону (пакуль – у сацыяльнай інфраструктуры кшталту школаў і лякарняў) паведамілі ўжо ў Віцебскай, Гомельскай і Менскай вобласцях.

Каментар
«Гэта наша новая рэальнасць». Што адбываецца з надвор’ем у Беларусі?
2023.09.10 13:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў